«Важна рабіць тое, што палітвязень просіць»
Аліна* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхняй бясьпекі. — РС) клапоціцца пра сяброўку, якая амаль год сядзіць у турме.
«Я раней насіла перадачы палітвязьням, калі прасілі іхныя сваякі. Калі пасадзілі маю сяброўку, я стала ўсім адмаўляць, каб зьберагчы сябе. Раней яна сама вазіла перадачы блізкаму чалавеку. Я бачыла, як ёй гэта цяжка. Але яна казала: «Ён жа смачна паесьць». Вось і я трымаю фокус на тым, каб ёй было добра: «Вось гэта варта перадаць у турму», «Нешта новенькае зьявілася».
Безумоўна, дапамагаць складана, бо гэта і дадатковая фінансавая адказнасьць. Вялікія выдаткі на адваката. Адна паездка яго ў калёнію можа каштаваць 700 рублёў. У СІЗА нагрузка на перадачы разьмеркаваная раўнамерна. Калі чалавек у калёніі, то перадалі адну перадачу — і пачалі зьбіраць новую, бо 50 кіляграмаў у адзін момант купіць складана.
У перадачы 600 рублёў каштавалі каўбаса, сыр, хлеб, троху рыбы, печыва, цукерак. Касмэтыка — каля 300 рублёў. Калі чалавек курыць, то на цыгарэты ідзе 400 рублёў. Тэрмабялізна каштуе каля 100 даляраў.
Сабраць перадачу ў калёнію дапамагалі парадамі былыя зьняволеныя. Швэдар павінен быць тонкім, бо яго надзяваюць пад іншае адзеньне, але пра гэта не гаворыцца ў патрабаваньнях. Пакаёвыя тапачкі лепей на тоўстай падэшве, бо ў іх ходзяць у душ, дзе на падлозе можа стаяць вада. Сяброўка ведае, якія рэчы выбірала я, бо такія ня выбрала б маці: цікавую касмэтыку, піжамку ад моднага брэнду, батончыкі, якія мы елі разам на волі. І гэта таксама спосаб падтрымліваць адносіны.
Мне пашчасьціла, што сфармавалася кола людзей, каго можна папрасіць нешта набыць, перадаць, аплаціць. Мне дапамагае, калі чалавек кажа: «Скажы, што трэба, я гэта куплю або аплачу», чым людзі, якія бясконца пытаюцца, як справы, і ты траціш шмат часу, каб расказаць. Былі людзі, якія казалі: «Мы ведаем, што адбываецца, мы бачым, што табе складана». Гэта таксама дапамагае.
Я рада, што людзі перасталі пісаць: «Яны ня будуць столькі сядзець». Адкуль вы ведаеце? Я прасіла малазнаёмых людзей ня скідваць на мяне свае перажываньні, бо яны пісалі: «А калі гэта ўсё скончыцца?» Быў час, калі некаторыя людзі аддаліліся і не расказвалі мне пра сваё жыцьцё, маўляў, табе цяпер складана, якая табе справа да нас? Я ім стала гаварыць, што мне ня ўсё адно.
Мой ліст да сяброўкі дайшоў толькі адзін. У першы час я пісала шмат. Гэтыя лісты даюцца цяжка, бо я разумела, што іх будзе чытаць трэцяя асоба. Таксама страшна, што напішаш ліст у кепскім настроі і ён дойдзе. Лісты не даходзілі. Гэта балючае перажываньне з праверкай паштовых скрыняў і трэк-кодаў.
Цяпер яна перадае мне прывітаньні праз адваката. Я засяродзілася на ўчынках, у якіх каэфіцыент карыснага дзеяньня не нулявы. Я не падтрымліваю ідэю «Пішыце лісты палітвязьням», бо гэта ўжо амаль не працуе. Лепей пералічыце невялікую суму на атаварку.
Мы ў добрых адносінах зь сям’ёй сяброўкі. Узаемна адно аднаго падтрымліваем. Яны цудоўныя людзі. Ніколі ня просяць больш, удзячныя, ня лічаць дапамогу нечым належным, ім хочацца дапамагаць.
Быў час, калі ўсе мае размовы зводзіліся да турмы. У маіх сяброў хапала цярплівасьці, каб выслухоўваць гэта. У мяне моцна пагоршыўся сон. Антыдэпрэсанты і псыхоляг — тое, што мне дапамагае.
Ёсьць сумны лайфхак: блізкія не расказваюць публічна пра палітвязьня, каб яму не нашкодзіць яшчэ больш. Калі нешта будзе пагражаць жыцьцю сяброўкі, то будзем абмяркоўваць з роднымі, як паўплываць на гэтую сытуацыю.
Важна рабіць тое, што палітвязень просіць. Трэба шукаць, купляць, бо яны гэта ня могуць зрабіць самі. Нават калі яны просяць дарагія рэчы. Гэта дае вязьню вялікую апору, што яго чуюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля выбараў 2020 году: мінімум 3645 чалавек асудзілі ў крымінальных справах з палітычных матываў. Статыстыка праваабаронцаў«Давайце мы выкупім 10, 20, 40 вязьняў, колькі ўлада можа прадаць»
Іван — сваяк палітвязьня, які больш за два гады знаходзіцца за кратамі.
«Цяпер стала зразумела, што гэта ўсё ня жартачкі, што гэта надоўга, што дапамогі шукаць няма адкуль. Што гэта небясьпечна для вязьня, бо ў турме могуць рабіць што заўгодна. І скардзіцца няма каму. Няма лістоў — ну няма. Адвакатам не даюць сустракацца. Дзясяткі чалавек ня ведаюць, што адбываецца зь іхнымі блізкімі.
У мяне была надзея да суду. Потым на тое, што іх праз 1-2 гады ўсіх разам адпусьцяць. Можа, так і было б, калі б далі грошай ці штосьці яшчэ. Але ніхто нічога за палітвязьняў не прапанаваў, бо іхны лёс, акрамя сваякоў, нікога асабліва не турбуе. Чужога болю не чуваць.
На вязьня могуць ціснуць псыхалягічна: «Табе проста ня пішуць», «Твая жонка сказала, што табе пісаць ня будзе», «Твае бацькі ад цябе адракліся», «Твае дзеці ня хочуць мець з табой нічога агульнага». Я вельмі спадзяюся, што мой родны дужы чалавек і вытрымае гэта.
Ёсьць і фізіялягічны ціск: не прымаюць пасылак за парушэньні, пераводзяць у карцар, у ПКТ. Тады вязень павінен харчавацца толькі тым, што дасьць турма. Ня думаю, што турма асабліва клапоціцца пра тое, каб там было дастаткова бялкоў, тлушчоў, мікраэлемэнтаў, вітамінаў.
Што тычыцца мэдычнага дагляду, то на фоне сьмерцяў, праблемаў са здароўем у іншых палітвязьняў шмат чаго з галавы не выходзіць. «Леапарда» мне ніхто ня дасьць, каб на ім паехаць штурмаваць турму. Застаецца спадзявацца толькі на самога вязьня, што ён вытрымае гэта ўсё.
Мне здаецца, што такі ціск адбываецца, бо апазыцыя заяўляе, што яна турбуецца пра палітвязьняў. Я ўжо заблытаўся, колькі штабоў існуе. Варта, каб апазыцыя прызналася, што яны нічога ня могуць зрабіць для вязьняў. Я не магу — і яны ня могуць. Яны крычаць: «Мы будзем ратаваць вязьняў!». Улады іх злавіць ня могуць, таму яны шкодзяць вязьням.
Апазыцыянэры могуць сказаць: «Нам далі 250 мільёнаў даляраў. Мы гэтыя грошы прапануем уладзе. Давайце мы выкупім 10, 20, 40 вязьняў, колькі ўлада можа прадаць». Але тады ж яны самі будуць галодныя! Хай тады 240 мільёнаў пойдзе на выкуп! Хай бы жанчын выкупілі, старых. Вы рабіце новыя пашпарты, новыя грошы, а пра вязьняў скажыце: «Гэта ня нашае, мы да іх ня маем дачыненьня». Гэта мае быць публічная заява, каб вязьняў перасталі катаваць.
У маім выпадку найлепшая падтрымка — напісаць фрагмэнт ліста для майго сваяка. Ёсьць людзі, якія дасылаюць мне фрагмэнты свайго жыцьця ад трэцяй асобы. Атрымліваецца, быццам я расказваю свайму сваяку пра гэтага чалавека.
Я ня ведаю, калі я ў наступны раз убачуся са сваім родным. У думках я зьвяртаюся ўжо нават не да Бога, а да невядома чаго: «Вытрымай гэтае катаваньне!». Ніхто іх не рыхтаваў да таго, што ім трэба будзе такое выпрабаваньне праходзіць.
Калі мы пачнем успамінаць Шаламава, Салжаніцына, там у людзей былі значна больш складаныя ўмовы, яны працавалі ва ўмовах вечнай мерзлаты, але некаторыя выжылі. Аднак цяпер іншае пакаленьне.
Каб я ня верыў, што ён трымаецца, я б звар’яцеў. Публічна я ніколі не праяўляў свае эмоцыі, але ўнутры, бывае, сьціскае. На маім фізычным здароўі гэта пакуль не адбілася.
Каб даведацца нешта пра свайго сваяка, я штодня ўводжу ў пошукавік ягонае імя і прозьвішча і націскаю пошук за апошнія 24 гадзіны. Можа, штосьці пра яго напісалі. Чакаю, мо зь ягонай калёніі выйдуць іншыя вязьні і раскажуць, што пра яго вядома.
Перадача на 50 кіляграмаў каштуе ў сярэднім 1500 рублёў. Візыт адваката — 300 рублёў. У СІЗА на месяц на перадачы выходзіла каля тысячы даляраў.
Цяпер у мяне ёсьць толькі чаканьне горшага. Калі ён трымаецца, то яны могуць думаць, што зь ім яшчэ зрабіць, каб зламаць. Я часам думаю: «Хай бы ён зламаўся, хай бы ўжо нешта падпісаў».
Нашая задача — чакаць усе гэтыя гады. Не ўяўляць, як ён, можа, сьпіць на бэтоннай падлозе, падклаўшы пад галаву туалетную паперу. Нічога не ўяўляць, проста чакаць. Шкада, што так даводзіцца марнаваць жыцьцё, але дачакацца трэба».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падымае цану палітвязьняў, дзе стаўка — жыцьцё«Жыву з камяком у горле, сьцяўшыся, сабраўшы ўсе сілы»
Ганна чакае свайго блізкага, які знаходзіцца за кратамі больш за два гады.
«Усе гэтыя гады я ўспрымаю як адзін доўгі 2020-ы. Увесь гэты час жыву з камяком у горле, сьцяўшыся, сабраўшы ўсе сілы. Я сябе падтрымліваю сэрыяламі, добрай кніжкай і смачнай ежай. Гэта спосабы паскарэньня часу. Але ты ня маеш права выпадаць з кантэксту: пішаш лісты, чытаеш навіны, стараесься, чым можаш, некаму дапамагчы.
Бываюць моманты ўпадку сіл, што проста так чорна ўнутры, так тужліва. Цягліцы тады баляць, цяжка паварушыцца. Кладзесься і ляжыш. Усе абавязкі расьпіхваеш на блізкіх і ляжыш, пакуль не адчуеш, што сілы вяртаюцца. Звычайна ўсё праходзіць за дзень. Потым і фізычна, і эмацыйна адпускае.
Я ў гэтым пляне цаню свае лісты. Я да іх стаўлюся, як да працы: штодня трэба выдзеліць паўгадзіны-гадзіну, каб папісаць, зафіксаваць усё: і што ў сьвеце падзей, і што ў сьвеце пачуцьцяў робіцца. Лісты ўсе фоткаю сабе, каб ня зьніклі, і каб потым дзеці і ўнукі маглі зразумець, як мы жылі. Ды і я сама. Часам перачытваю, напрыклад, што год таму пісала — так цікава! Шмат чаго я не памятаю. У стане стрэсу пагаршаецца памяць, канцэнтрацыя.
Добрыя справы назіраю ўсе гэтыя тры гады, ад лета 2020-га. Сотні такіх праяў. Толькі цяпер гэта стала ціхім, як бы бруіцца пад камянямі. Куча знаёмых і знаёмых знаёмых, якія пішуць, тэлефануюць: мы прывязём пірог для вас, мы прывязём сала для перадачы, мы вам зрабілі вышыўку, трэція дораць карціну, чацьвёртыя сэртыфікат у модную краму. Я зь людзьмі як зь сябрамі гавару, і калі натыкаюся на чалавека іншых поглядаў, дык вельмі дзіўлюся.
У калёнію можна перадаць 50 кіляграмаў на 3-4 месяцы. Гэтая норма засталася з часоў, калі перадачу адпраўлялі ў тайгу, на Калыму. Шмат што псуецца, часта палітвязьням не дазваляюць карыстацца лядоўняй.
Абыходзіцца перадача ў 1000-1300 рублёў, бо купляеш найлепшае: сухое мяса, каўбасы, сала, салёную і сухую рыбу, каву, гарбату, цукаты, шакаляд, арэхі. Вязьні ў калёніях могуць атаварвацца на 70 руб у месяц. Купляюць яблыкі, цыбулю, малочнае. Таму замест гэтага таннага і цяжкага лепш перадаць нешта дарагое.
Купляць пачынаеш за тыдзень, шукаеш, што дзе таньней. Дзень-два, каб узважыць і скласьці заяву са сьпісам прадуктаў і рэчаў. Урэшце вязеш. Асноўнае перажываньне — а раптам, калі прыедзеш, яны паглядзяць па сваіх сьпісах: ага, яму ўчора забаранілі перадачу, вязіце свае 50 кг назад. Калі такога ня кажуць, то палёгка. Па дарозе дамоў пачынае хацецца спаць, бо адрэналін адступае.
Зборы ў калёнію — гэта мінімум 200 даляраў, калі не заказваеш форму, абутак, а толькі купляеш бялізну, спартовы касьцюм, гаспадарчыя рэчы: бытавую хімію, прышчэпкі, кіпяцільнікі.
Мой блізкі нічога ня кажа, як і што ў іх у калёніі арганізавана. Спатканьняў няма, званкі праслухоўваюцца, лісты прачытваюцца. Думаю, ён беражэ нас ад непрыемных падрабязнасьцяў. На адваката ў калёнію траціцца не прыходзіцца. Сыстэма зробленая так, каб да палітвязьня адвакаты не траплялі.
У калёніі ўсіх палітвязьняў спачатку садзяць у штрафны ізалятар, кшталту для прафіляктыкі. Калі няма лістоў, ты разумееш: значыць, ён там. Або ён пасьпявае паведаміць: у наступныя тыдні лістоў ад мяне не чакайце, буду адпачываць. І ты ўсё разумееш.
Самае складанае, калі ты зрабіў ужо некалькі справаў, усьміхнуўся сонцу, паеў смачна — і тут усьведамляеш, што твой чалавек у гэты момант ходзіць па камэры ўжо сёмую гадзіну. З 6-й ранку. І той кавалак трымаеш у роце і не можаш праглынуць. Пачынаеш зь ім размаўляць тады ў сваёй галаве: «Міленькі, ну як ты, ну што ты? А я тое і тое, а ты пра што думаў сёньня?».
Зусім няма адчуваньня, што канец, апатыя — і блізка не. Ніхто не разумее, як жыць, пры гэтым усе чакаюць. Тэлефануеш некага павіншаваць, а ён такі: «Ну потым адзначым, вядома, калі».
Я пра сябе не ўяўляла, што магу прайсьці праз такі боль і што ўва мне столькі сілы. Самы вялікі боль ад бездапаможнасьці, ад трагедый. Калі даведваесься аб прысудзе знаёмым — падоўгу маўчыш, не знаходзіш сабе месца. Калі гіне чалавек — Раман, Вітольд, Алесь — я ўсе тры гібелі пражывала па-рознаму, але дагэтуль не пражыла. Калі прыйшла вестка, што памёр Пушкін, то адчувала сябе, як надзьмуты паветраны шарык: адпусьціце мяне, і я пакідаюся па пакоі, паб’юся ад сьцяны да сьцяны, ад столі да падлогі, туды-сюды, абы выйшаў увесь гэты боль зь мяне, і засталася пустэча.
Думаю апошнім часам, ці будзе нам якая кампэнсацыя за гэтыя пакуты, нейкая ўзнагарода, каб разумець, што ўсе пакуты былі недарэмныя. Прыходжу да думкі, што ўсё гэта — плата за прывілей быць сабой. Узнагарода сама па сабе — магчымасьць ісьці сваім уласным шляхам. Хочаш жыць у згодзе з сабой — адстойвай свае прынцыпы. Два пакаленьні таму людзі сядзелі па 10-25 гадоў і без усякай надзеі. А мы і менш, і зь вялікай надзеяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым хоча, каб палітвязьні сталі звычайнымі крымінальнікамі без падтрымкі». 10 нязручных пытаньняў да ініцыятаркі маратону салідарнасьці