Расея не праявіла зацікаўленасьці ў абмене журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, затрыманага ў Екацярынбургу 30 сакавіка праз падазрэньне ў шпіянажы, на расейцаў, якія ўтрымліваюцца ў амэрыканскіх турмах.
Як паведаміла амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal, цяпер у фэдэральных турмах адбываюць пакараньне 25 расейскіх грамадзянаў, але Расея пачала «таргавацца» за вызваленьне расейцаў, затрыманых у іншых краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі журналіст ужо месяц за кратамі ў Расеі. Зь ягонай сям’ёй сустрэўся БайдэнУ прыватнасьці, гаворка можа ісьці аб расейскім шпіёне, якога затрымалі ў Бразыліі, але бразыльскі ўрад адмовіў ЗША ў ягонай экстрадыцыі.
The Wall Street Journal нагадала, што ў ліпені Эстонія экстрадавала ў ЗША Вадзіма Канашчонка, абвінавачанага ў незаконнай кантрабандзе боепрыпасаў. Ён, паводле афіцыйных асобаў ЗША, мае сувязі з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі (ФСБ). Але той не прызнае сваёй віны, а расейская амбасада ў Вашынгтоне адмовілася камэнтаваць ягоныя сувязі з ФСБ.
Паводле зьвестак выданьня, ЗША вядуць перамовы з Расеяй аб абмене і былога амэрыканскага марскога пяхотніка Пола Ўілана, якога затрымалі ў гатэлі ў Маскве ў сьнежні 2018 году і якому ўжо прысудзілі 16 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у шпіянажы.
Афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што могуць разгледзець перадачу Расеі «некалькіх хакераў і іншых злачынцаў» у абмен на Гершковіча і Ўілана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве засудзілі грамадзяніна ЗША паводле абвінавачаньня ў шпіянажы. Ён прыехаў у Расею на вясельлеАмэрыканскія назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што прэс-сакратар Крамля публічна згадваў аб наведваньні расейскім консулам Уладзіміра Дунаева, якога Паўднёвая Карэя экстрадавала ў ЗША ў 2021 годзе. Дунаеў не прызнаў сябе вінаватым у кібэратаках на прадпрыемствы, школы, банкі, органы ўлады па ўсім сьвеце.
Яшчэ адным вядомым расейскім хакерам, які знаходзіцца ў ЗША, зьяўляецца Уладзіслаў Клюшын, якога Швайцарыя экстрадавала ў ЗША ў сьнежні 2021 году па абвінавачаньні ва ўдзеле ў схеме ўзлому і крадзяжу непублічнай фінансавай інфармацыі аб Tesla, Roku і іншых, а таксама гандлю ёю.
ЗША таксама прапанавалі Расеі абмяняць сваіх грамадзян на Аляксандра Віньніка, сузаснавальніка папулярнай біткойн-біржы, якая, паводле амэрыканскай пракуратуры, выкарыстоўвалася ў апэрацыях адмываньня грошай.
«Расея выразна заявіла пра сваю зацікаўленасьць у Вадзіму Красікаву, які адбывае пажыцьцёвае пакараньне ў Нямеччыне за забойства былога лідэра чачэнскіх паўстанцаў. У Міністэрстве замежных спраў Нямеччыны заяўлялі, што забойства было „заказана дзяржавай“, але Крэмль адмаўляе сваю датычнасьць да гэтай справы», — паведаміла амэрыканскае выданьне.
У Расеі назвалі «спэкуляцыяй» заявы аб нежаданьні вызваленьня расейцаў
Пасол Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў заявіў, што Расея выступае «за хутчэйшае вяртаньне ўсіх расейскіх грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў амэрыканскіх турмах».
«Для нас гэта безумоўны прыярытэт, таму спэкуляцыі на гэтую тэму лічым непрымальнымі», — заявіў расейскі дыплямат.
Анатоль Антонаў адзначыў, што пытаньне абмену зьняволенымі вырашаюць «упаўнаважаныя органы», вызначаныя прэзыдэнтамі Расеі і ЗША.
«Заклікаем амэрыканскіх палітыкаў і СМІ: дайце магчымасьць для спакойнай працы кампэтэнтных органаў дзьвюх краін. Спыніце гульню лёсамі людзей і пакіньце пошук неабходных рашэньняў прафэсіяналам», — заявіў расейскі дыплямат у ЗША.
Што папярэднічала
8 сьнежня 2022 году ў аэрапорце Абу-Дабі адбылася працэдура абмену грамадзяніна Расеі Віктара Бута на грамадзянку ЗША Брытні Грайнэр, якія адбывалі пакараньне ў папраўчых установах ЗША і Расеі.
Віктар Бут адбываў 25-гадовы тэрмін у турме ў ЗША за спробу змовы з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзян шляхам продажу зброі калюмбійскім паўстанцам з групоўкі FARC.
Амэрыканскую баскетбалістку Брытні Грайнэр, якая знаходзілася пад арыштам у Расеі зь лютага 2022 году, абвінавацілі ў захоўваньні і кантрабандзе наркатычных сродкаў. Яе засудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Яна зьяўляецца двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай, зоркай Нацыянальнай жаночай баскетбольнай асацыяцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абмянялі сваю баскетбалістку на засуджанага за гандаль зброяй расейца Бута