Сутнасьць праекту
Беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве, маглі самі запоўніць падатковую дэклярацыю і накіраваць пэўны адсотак сваіх падаткаў на дабрачыннасьць — 1,5% у Польшчы і 1,2% у Літве. Ініцыятыва «Новая Беларусь» прапанавала беларусам самім выбраць, куды скіраваць гэтыя грошы. Удзельнікі высоўвалі ідэі праектаў і галасавалі за іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая Беларусь» запускае пілётны праект па мясцовым самакіраваньніЯк адзначае прэс-служба «Новай Беларусі», гэта быў экспэрымэнт ня толькі для яго ўдзельнікаў, але і для арганізатараў.
«Безумоўна, у нас быў плян, але мы былі гатовыя яго мяняць у залежнасьці ад жаданьняў і дзеяньняў удзельнікаў і ўдзельніц, — паведаміў заснавальнік „Новай Беларусі“ Павал Лібер. — І на працягу гэтых двух месяцаў мы насамрэч яго ня раз мянялі. Гэта было стрэсава для нас, але ў гэтым і ёсьць сутнасьць пілёту: мы прапанавалі людзям плян і інструмэнты, акрэсьлілі заканадаўчыя межы, а яны самі вырашылі, што ім трэба і як выкарыстоўваць гэтыя магчымасьці».
Вынікі праекту
Праз падаткі і ахвяраваньні беларусы агулам пералічылі больш за 13 тысяч эўра ў Літве і мінімум 8010 эўра ў Польшчы.
Агулам былі прапанаваныя 24 праекты, зьвязаныя з праблемамі беларусаў, якія апынуліся ў эміграцыі. У выніку вызначыліся два пераможцы — па адным у Польшчы і Літве.
У Польшчы перамог англамоўны партал па гісторыі Беларусі. «Мэта праекту — вярнуць Беларусь на гістарычныя мапы Эўропы, данесьці наш погляд на гісторыю да ўсяго сьвету, падкрэсьліць унікальныя асобы і падзеі, зьяўленьне якіх немагчыма патлумачыць па-за кантэкстам Беларусі», — тлумачыць аўтар ідэі.
А ў Літве будзе створаная беларуская бібліятэка з сучаснай літаратурай як для дзяцей, гэтак і для дарослых. «На базе бібліятэкі можна будзе арганізаваць іншыя актыўнасьці: чытальны клюб беларускай літаратуры, запрашаць пісьменьнікаў» — лічыць пераможца конкурсу.