Заяву пра гэта зрабіў у эфіры нацыянальнага тэлебачаньня Нігеру прадстаўнік сфармаванай путчыстамі Нацыянальнай рады па абароне айчыны, палкоўнік Амаду Абдраман.
Пра гэта паведамляе DW.
Паводле слоў прадстаўніка хунты, сьледзтву ўдалося сабраць дастаткова доказаў, каб прыцягнуць Базума і «яго мясцовых і замежных саўдзельнікаў» да адказнасьці «перад кампэтэнтнымі нацыянальнымі і міжнароднымі органамі за дзяржаўную здраду і падрыў унутранай і зьнешняй бясьпекі Нігеру».
У гэтай жа заяве Абдраман заявіў, што хунта асуджае санкцыі, уведзеныя супраць Нігеру Эканамічнай супольнасьцю краін Заходняй Афрыкі (ECOWAS) пасьля путчу, назваўшы іх «незаконнымі, бесчалавечнымі і зьневажальнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што частка вагнэраўцаў зь Беларусі вылецела ў НігерКіраўнік дэлегацыі пасярэднікаў: хунта гатовая да перамоваў
Кіраўнік Нацыянальнай рады па абароне айчыны Абдурахман Чыяні гатовы разгледзець дыпляматычнае разьвязаньне супрацьстаяньня нігерскай вайсковай хунты з блёкам ECOWAS, заявіў шэйх Бала Лау, кіраўнік дэлегацыі мусульманскіх рэлігійных лідэраў зь Нігерыі, якая выступае пасярэднікам паміж путчыстамі і ECOWAS. 12 жніўня дэлегацыя наведала Ніямэй, сталіцу Нігеру, дзе сустрэлася з прадстаўнікамі рэжыму.
Па словах Лау, Чыяні заявіў, што «пераварот быў учынены з добрымі намерамі» і што путчысты дзейнічалі, «каб прадухіліць немінучую пагрозу, якая закранула б як Нігер, так і Нігерыю». Кіраўнік хунты назваў «недарэчным» той факт, што ECOWAS ня выслухала іх пазыцыі.
Пры гэтым путчысты раней адмовілі ў візыце дэлегацыі ECOWAS, якая спрабавала трапіць у Нігер. Прадстаўнікі хунты заявілі, што ня змогуць гарантаваць бясьпеку перамоўнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зрынуты прэзыдэнт Нігеру заявіў пра рост уплыву «Вагнэра» ў рэгіёне і папрасіў дапамогі ў ЗШАМяцежнікі абяцалі забіць прэзыдэнта пры спробе зрынуць іх
На пачатку жніўня, паводле агенцтва АР, мяцежнікі заявілі, што заб’юць Махамеда Базума ў выпадку інтэрвэнцыі ў краіну. Гэта стала адказам на пагрозы з боку краін — чальцоў ECOWAS накіраваць войскі ў Нігер, каб аднавіць там канстытуцыйны парадак і ўладу дэмакратычна абранага прэзыдэнта.
Заканадаўства Нігеру дапускае сьмяротную кару, яна можа ўжывацца ў тым ліку і па артыкулах, якія прадугледжваюць замах на дзяржаўную бясьпеку краіны — гэтыя абвінавачваньні могуць быць прадʼяўленыя і Базуму. Апошні вядомы выпадак ужываньня сьмяротнай кары як меры судовага пакараньня ў Нігеры датуецца 1976 годам. Паводле зьвестак асацыяцыі «Сусьветная кааліцыя супраць сьмяротнага пакараньня», у краіне ўтрымліваюцца пад вартай як мінімум 11 чалавек, якія былі асуджаныя да гэтай меры пакараньня.