Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што частка вагнэраўцаў зь Беларусі вылецела ў Нігер


Вагнэраўцы на трэнаваньнях у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Вагнэраўцы на трэнаваньнях у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

«Такім чынам, „Вагнэр“ выступае экспартэрам вайны з Украіны па ўсім сьвеце».

Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай вайсковай выведкай, паведаміў, што ўласьнік расейскай прыватнай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын выкарыстоўвае лягеры ў Беларусі для перападрыхтоўкі наймітаў.

«Паводле інфармацыі ад падпольля, чарговы борт з наймітамі ПВК „Вагнэр“ днямі вылецеў зь Беларусі ў Заходнюю Афрыку, у раён Нігеру. Працэс перападрыхтоўкі вагнэраўцаў на базе лягераў у Беларусі працягваецца. Такім чынам, „Вагнэр“ выступае экспартэрам вайны з Украіны па ўсім сьвеце», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

На днях зрынуты прэзыдэнт Нігеру Махамэд Базум зьвярнуўся да ЗША і сусьветнай супольнасьці па дапамогу ў аднаўленьні парадку ў краіне. Ён выказаў асьцярогу, што з прычыны дзеяньняў мяцежнікаў увесь рэгіён Сахель «можа трапіць пад уплыў Расеі праз групу „Вагнэр“. Прыхільнікі перавароту ў Нігеры ня раз выходзілі на вуліцы з расейскімі нацыянальнымі сьцягамі. Пры гэтым Масква таксама афіцыйна асудзіла дзеяньні хунты».

  • З 26 ліпеня Махамэда Базума трымаюць пад вартай, а генэрал арміі і камандуючы прэзыдэнцкай гвардыяй Абдурахман Чыяні абвясьціў сябе новым лідэрам Нігеру.
  • Нігер — буйны вытворца ўрану, вельмі неабходнага для атамнай энэргетыкі. У часы прэзыдэнта Базума Нігер лічыўся ключавым хаўрусьнікам Захаду ў супрацьстаяньні радыкальным ісламістам у заходнеафрыканскім рэгіёне Сахель.
  • Расейская ПВК «Вагнэр» прысутнічае ў шэрагу афрыканскіх краін, у тым ліку ў памежнай зь Нігерам Малі, дзе раней таксама адбыўся пераварот. Вайсковая хунта Малі праводзіць прарасейскую палітыку.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG