Пашпарт Барыса Хамайды прызналі «наўмысным пашкоджаным» праз налепку з «Пагоняй» і канфіскавалі

Барыс Хамайда, архіўнае фота

Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда адбыў 15-суткавы арышт, прысуджаны яму нібыта за «незаконнае пікетаваньне», якім судзьдзя Верхнядзьвінскага райсуду Тацьцяна Кукліна прызнала налепку з «Пагоняй» на ягоным пашпарце.

Налепку заўважыў памежнік, які правяраў дакумэнты на выхадзе зь цягніка Полацк-Бігосава. На ініцыятыву памежніка 75-гадовага актывіста, які зьбіраўся ў Бігосаве далучыцца да пешай пілігрымкі ў Росіцу, затрымалі і засудзілі на 15 сутак.

Аргумэнты, што выявы «Пагоні» зьяўляюцца нацыянальнай каштоўнасьцю і яна ёсьць на дзяржаўным гербе Віцебскай вобласьці, не падзейнічалі. Барыса Хамайду прызналі вінаватым за тое, што выяву «Пагоні» маглі бачыць іншыя людзі – такім чынам актывіст нібыта дэманстраваў свае грамадзка-палітычныя погляды, паведамляе «Віцебская вясна».

Падчас вызваленьня міліцыянты папярэдзілі, што пашпарт не аддадуць, бо ён лічыцца наўмысна пашкоджаным. Дакумэнт абяцалі пераслаць у пашпартны стол па месцы жыхарства, і цяпер Хамайда мусіць заплаціць адну базавую велічыню за новы пашпарт.

Тэлефон, адабраны падчас затрыманьня, Барысу Хамайду вярнулі: у ім не знайшлі ні экстрэмісцкіх падпісак, ні фотаздымкаў, за якія можна было б прыцягнуць уладальніка да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нязручныя для Лукашэнкі сымбалі. За зьнявагу «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга давядзецца адказваць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомага віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду затрымалі падчас пілігрымкі