«Белгазпрамбанк» 10 жніўня пачаў адкрываць тэрміновыя ўклады ў кітайскіх юанях.
Паводле інфармацыі прэс-службы фінансава-крэдытнай установы, фізычным асобам — рэзыдэнтам Беларусі прапануюць разьмяшчаць сродкі пад 2,5% гадавых на дэпазыт «На 7 месяцаў безадклікальны — ляяльны». Мінімальная сума — 200 юаняў (каля 28 даляраў).
На працягу месяца з моманту адкрыцьця «магчыма папаўненьне ўкладу на любую суму».
Іншая зьмена тычыцца разьлікаў за мяжой. Пры карыстаньні картамі Mastercard «БСБ Банку» за межамі Беларусі, а таксама ў замежных інтэрнэт-крамах і сэрвісах з 14 жніўня канвэрсія будзе рабіцца не праз даляр, а праз польскі злоты.
Паводле інфармацыі прэс-службы «БСБ Банку», праз злоты таксама будуць канвэртаваць валюты апэрацый па гэтых картках на тэрыторыі Беларусі — «у прыладах іншых банкаў у замежнай валюце».
Аднак «калі валюта апэрацыі і валюта карты супадаюць», то «канвэрсія праз польскі злоты прымяняцца не будзе», гаворыцца ў паведамленьні банку.
Яшчэ ў сакавіку 2023 году банкі «Белгазпрамбанк», «БНБ-Банк» і «Альфа Банк» паведамілі пра перавод некаторых разьлікаў з эўра ў юані. Напрыклад, у «Белгазпрамбанку» зьмены закранулі разьлікі па картках Mastercard за мяжой, куплі ў замежных крамах і апэрацыі ў замежнай валюце ў апаратах іншых банкаў, а ў «БНБ-Банку» юані сталі выкарыстоўваць пры разьліку за тавары ці паслугі, кошт якіх заяўлены ў валюце, адрознай ад валюты рахунку карткі.
Як тлумачыла старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна, такія зьмены зьвязаныя з санкцыямі, уведзенымі адносна Беларусі. Раней валютай разьлікаў па Mastercard быў эўра, а па Visa — даляр. Цяпер гэтыя варыянты банкам не заўсёды зручныя і даступныя з прычыны санкцый. У выніку яны шукаюць, як спрасьціць працэс правядзеньня транзакцыі. Акрамя гэтага, у Беларусі зьніжаецца значнасьць эўра — як у абароце, гэтак і ў разьліках. Як адзначала экспэртка, кліенты банкаў могуць сутыкнуцца з падвойнай канвэртацыяй, што будзе ім нявыгадна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы паставілі новы рэкорд у крэдытах. На што бяруць пазыкі? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні банк «кашалька Лукашэнкі» вырашылі канчаткова закрыць