На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі.
— 4 жніўня міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што «ня выключаная поўная ізаляцыя Беларусі». Размова ішла, у прыватнасьці, пра закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю.
Учора, 9 жніўня, намесьнік польскага міністра ўнутраных справаў Мацей Вонсік паведаміў, што «пры неабходнасьці Польшча можа спыніць грузавыя чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча пагражае спыніць грузавыя чыгуначныя перавозкі зь БеларусіЯкія матывы такіх плянаў, намераў польскіх уладаў? Гэта рэха справы Пачобута, абвастрэньне міграцыйнага крызісу, вагнэраўцы ў Беларусі, унутрыпалітычныя польскія прычыны?
— Гэта рэакцыя на сукупнасьць фактараў, якія вы пералічылі. Сытуацыя з Анджэем Пачобутам вельмі сумная, няма ніякіх зрухаў, няма кампраміснага рашэньня ў справе яго вызваленьня, чаго вельмі хацелася б. Ён асуджаны незаконна, на падставе ілжывых абвінавачаньняў. Лёс Пачобута асабліва хвалюе польскае грамадзтва і польскія ўлады, бо ён належыць да польскай меншасьці Беларусі. Лёс усіх палітвязьняў у Беларусі вельмі важны і таксама хвалюе польскія ўлады.
Кіраўнік МЗС Польшчы Зьбігнеў Раў учора выступіў з заявай да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Ён сказаў, што мы памятаем і дапамагаем беларусам, чым можам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі наш выбар», «Лукашэнку да адказнасьці», «Рыхтаваць сілы для змаганьня». Што заяўляюць беларускія і сусьветныя лідэры 9 жніўняПольшча, як і іншыя краіны, ня здольная паўплываць на беларускі рэжым настолькі, каб памяняць яго паводзіны. Таму патрэбныя такія папярэджаньні, якія прагучалі з вуснаў спадароў Каміньскага і Вонсіка. І гэтыя папярэджаньні, сапраўды, зьвязаныя ня толькі са справай Пачобута, але і зь міграцыйным крызісам. Ён паглыбляецца, колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня нашай мяжы павялічваецца, з пачатку году было 19 тысячаў такіх спробаў. Гэта ўжо на 2–3 тысячы больш, чым за ўвесь мінулы год. Гэта насьцярожвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік польскага МЗС заявіў, што «Вагнэр» у Беларусі могуць выкарыстаць для ўзмацненьня мігранцкага крызісуНу і, зразумела, уплываюць і рызыкі перабываньня «Вагнэра» ў Беларусі. Я пакуль не знайшоў доказаў таго, што вагнэраўцы «працуюць па Польшчы». Але рызыка, безумоўна, ёсьць, іх прысутнасьць у Беларусі стварае патэнцыйныя пагрозы.
У афіцыйнага Менску павінна быць яснае ўсьведамленьне, што любая дэманстрацыя «Вагнэра» на нашай мяжы выкліча поўнае закрыцьцё мяжы.
Іншага выбару ў Польшчы тады ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Польшчы і Літвы дапускаюць поўную ізаляцыю Беларусі ў выпадку «сур’ёзай правакацыі» з боку вагнэраўцаў— А ў чым сэнс такога адказу на падобны выклік? Памежны пераход закрыюць для людзей, якія зь візамі імкнуцца легальна трапіць у Польшчу. Хіба закрыцьцё памежнага пераходу стрымае нелегальных мігрантаў ці вагнэраўцаў? Ці не атрымаецца так, што Польшча нанясе ўдар па тых, па кім можна яго нанесьці, а не па тых, па кім яна хацела б яго нанесьці?
— Мы не кіруемся прынцыпам «бамбаваць Варонеж». Але гэта намёк Лукашэнку і яго людзям, што яны могуць згубіць, калі пойдуць ці дазволяць пэўныя дзеяньні — будуць паглыбляць міграцыйны крызіс і накіруюць вагнэраўцаў ці дазволяць ім пайсьці ў Польшчу. Пакуль Расея ня цалкам паглынула Беларусь, адказнасьць (прынамсі фармальная) кладзецца на беларускія ўлады. Афіцыйны Менск ня можа сысьці ад адказнасьці за тое, што адбываецца на яго баку мяжы. Ніхто ў Польшчы ня лічыць, што міграцыйны паток спантанны і стыхійны. Ён з 2021 году арганізуецца беларускімі ўладамі, на гэтым добра зарабляюць спэцслужбы, памежнікі і людзі ў атачэньні Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заявіў, што АПК абмяркуе з Польшчай гуманітарныя калідоры для беларусаў на выпадак закрыцьця мяжыШто тычыцца звычайных, законапаслухмяных беларусаў, то так — гэта праблема. Як я разумею, блякаваньне мяжы найперш ударыць па грузавых перавозках. Што тычыцца звычайных беларусаў, то ёсьць розныя прапановы. Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінэту і кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка прапануе правесьці перамовы пра гуманітарныя калідоры для беларусаў. Я згодны з тым, што нейкія рашэньні трэба шукаць на выпадак, калі мяжа будзе закрытая цалкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка хочуць паўплываць на восеньскія выбары ў Польшчы, — польская паліталягіня Дынэр— Наколькі на такія намеры польскіх уладаў уплывае пэрспэктыва блізкіх парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў кастрычніку? Звычайна напярэдадні выбараў і ўлада, і апазыцыя дэманструюць, што будуць абараняць гонар краіны, што здольныя даваць годныя адказы на выклікі з боку замежных краінаў.
— У пэўнай ступені гэта ўплывае, гэта нармальная зьява ў любой краіне. Гэта аб’ектыўная лёгіка выбарчай кампаніі. Але я б не перабольшваў значэньне гэтага фактару ў нашых адказах на міграцыйны крызіс. Ён пачаўся ў 2021 годзе, і тады быў яго пік. Прынамсі, пакуль пік — гэта менавіта 2021 год. І тады прайшоў год з часу прэзыдэнцкіх выбараў, і да парлямэнцкіх выбараў было 2 гады. Але пазыцыя Польшчы тады была таксама жорсткай. Ёсьць аб’ектыўныя інтарэсы дзяржавы ў сфэры бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суседзі ўжо дамовіліся, як можна закрыць мяжу зь Беларусьсю. Разьбіраемся, што будзе, калі гэта спраўдзіцца— Пляны спыненьня грузавога транзыту — ці ўзгодненыя яны з ЭЗ? Таварны, грузавы транзыт празь Беларусь і Польшчу тычыцца ня толькі іх, ладная яго частка ідзе ў іншыя краіны ЭЗ.
— Гэтае пытаньне варта задаваць прэсавым сакратарам МЗС і МУС. Я мяркую, што кансультацыі з ЭЗ павінны весьціся, і яны будуць весьціся. У Эўразьвязе ўсё абапіраецца на дыялёг. Пакуль з нашага боку гэта толькі папярэджаньне. Мацей Вонсік не сказаў, што мяжа дакладна будзе закрытая.
Думаю, што будзе дыялёг і з партнэрамі па-за межамі ЭЗ. Ёсьць спадзяваньне, што ўсе нас зразумеюць, што ў ЭЗ зразумеюць, што мы абараняем увесь Эўразьвяз ад гэтых нелегальных мігрантаў і што на нас кладзецца вялікая адказнасьць.
Намесьнік кіраўніка МУС казаў пра пазыцыю адносна Кітаю і Казахстану — разьлік на тое, што Пэкін і Астана параяць Менску трымаць сябе ў руках і паводзіць сябе прыстойна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году Польшча, Літва і Латвія спынілі больш за 25 тысяч спробаў нелегальна трапіць у ЭЗ зь Беларусі— Так, Мацей Вонсік учора выказаў спадзеў, што Кітай будзе ціснуць на Лукашэнку, каб ня страціць транзыт у ЭЗ праз Польшчу. Але ці ня будзе Кітай хутчэй ціснуць на Польшчу, у тым ліку і праз ЭЗ? Папрокі Польшчы на адрас Лукашэнкі ладнай часткай тычацца парушэньня ім правоў чалавека. Але для Пэкіну падобныя парушэньні — зусім не падстава для папрокаў. А мяжу зьбіраецца закрыць сваім рашэньнем Варшава. Дык на каго кітайцы будуць ціснуць?
— Прэтэнзіі будуць прадʼяўленыя і нам, і Лукашэнку. Польскія чыноўнікі паспрабуюць даказаць Астане і Пэкіну, што адказнасьць за пагаршэньне сытуацыі — на Менску, што мяч — на яго баку. Я разумею, што КНР вельмі скептычна, мякка кажучы, глядзіць на праблему правоў чалавека. Але страты ад спыненьня транзыту — гэта не абстрактнае пытаньне. І ня выключана, што ў выніку кансультацыяў паміж Менскам і Пэкінам колькасьць нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца празь беларуска-польскую мяжу, нейкім цудам рэзка скароціцца.
— Ці рэагуе польскі бізнэс на пляны закрыць мяжу, у тым ліку і для руху тавараў? Гандаль зь Беларусьсю Польшчы мо і не такі вялікі, але гэта ж транзыт гандлю на абшары ад Атлянтычнага да Ціхага акіянаў.
— Гэтае пытаньне лепш задаць прадстаўнікам польскага бізнэсу. Ва ўмовах вайны, расейскай агрэсіі, міграцыйнага крызісу, санкцыяў эканамічная супраца польскага бізнэсу зь Беларусьсю і Расеяй скарачалася. Таварныя патокі часткова перанакіроўваліся на іншыя шляхі, каб яны не ішлі праз Расею і Беларусь. У любым выпадку я пакуль ня бачыў рэзкай рэакцыі польскага бізнэсу на пляны перакрыць мяжу зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША не выключаюць, што вагнэраўцы могуць выйсьці зь Беларусі. Польшча надалей умацоўвае ўсходнюю мяжу— Вы ўжо прыгадалі вагнэраўцаў. Як вы ацэньваеце пагрозу зь іх боку? Ці паверылі ў Польшчы аповеду Лукашэнкі аб плянах вагнэраўцаў учыніць «экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў?
Якая імавернасьць поўнамаштабнай ваеннай апэрацыі ў Сувальскім калідоры, пра што казаў дэпутат Дзярждумы генэрал Картаполаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў свае словы пра вагнэраўцаў і Польшчу жартам
І якая імавернасьць дэманстратыўнай дывэрсіі? Рэйд нейкіх незразумелых злучэньняў у Белгарадзкую вобласьць РФ у траўні сёлета ня меў на мэце заняць нават гэтую вобласьць. Ці магчымы люстраны адбітак таго рэйду, толькі зь пераменай роляў — «экскурсія» вагнэраўцаў у Польшчу з падобнымі ж мэтамі, а менавіта дэманстрацыі: вы ня здольныя абараніць сваіх людзей і сваю зямлю?
— Варыянты могуць быць розныя. Вайна нас навучыла, што мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Але для мяне самы імаверны сцэнар — што Лукашэнка хацеў бы пазбавіцца ад вагнэраўцаў. Ён іх запрасіў, але хацеў бы выправіць прэч як мага хутчэй. Без скандалу, але прэч. Кожны месяц іх прысутнасьці ў Беларусі прыносіць Лукашэнку іміджавыя страты ў вачох яго атачэньня, асабліва сілавікоў. Ня думаю, што беларускія вайскоўцы і прынамсі частка прадстаўнікоў службаў бясьпекі ў такім ужо захапленьні ад таго, што ў іх краіну прыехалі нейкія дзіўныя хлопцы, траўмаваныя вайной. І хада падзеяў паказала, што яны не падпарадкоўваюцца нікому, нават Пуціну.
Так што я думаю, што Лукашэнка ня толькі не накіруе іх на мяжу з намі, але і будзе ўгаворваць пакінуць Беларусь. Ня выключана, што ён скарыстаў і фінансавы чыньнік, пра што былі публікацыі. Гэта вельмі падобна да Лукашэнкі, які вельмі ашчадны, калі размова ідзе пра ўласныя грошы. Ня выключана, што ён пра гэта сказаў Пуціну ў Санкт-Пецярбургу.
Цяпер ходзяць чуткі пра тое, што найміты «Вагнэра» зьяжджаюць у Расею, а частка зь іх паедзе ў Афрыку. Паведамлялася, што іх заробак у Беларусі — меншы, чым быў раней. А ім гэта ня можа падабацца, яны найміты.
У іх няма цяжкога ўзбраеньня, яны ня ведаюць добра ўмовы польскай мясцовасьці, ім яе трэба вывучаць для баявых дзеяньняў. Справа рызыкоўная, лепш ваяваць у Афрыцы ці вярнуцца ў Расею.
Так што я вельмі скептычна гляджу на пэрспэктыву іх дывэрсіі ў Польшчы. Быць можа ўсё, але мне такая дывэрсія ўяўляецца малаімавернай. Такі рэйд быў бы дэманстрацыяй слабасьці Лукашэнкі. А ён — альфа-самец. Ён не цярпіць побач з сабой ніякай канкурэнцыі такіх жа альфа-самцоў.
Яго заява пра пляны «экскурсіі вагнэраўцаў у Варшаву і Жэшаў» зрабіла бліскучую карʼеру ў польскіх СМІ. Яны былі настолькі сфакусаваныя на гэтых словах, што праігнаравалі тое, што Лукашэнка сказаў пасьля — што ён іх трымае ў цэнтры краіны, як і дамаўляўся з Пуціным. Магчыма, у іх была нейкая дамоўленасьць пра іх статус у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад...» Ці пачнецца вайна Беларусі і Расеі з NATO— Пуцін і Лукашэнка абвінавачваюць Польшчу ў плянах захапіць Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь. На чым яны грунтуюць свае абвінавачаньні? Гэта грунтуецца на нейкіх заявах польскіх палітыкаў ці грамадзкіх дзеячоў? Ці гэта праекцыя ўласных намераў Пуціна адносна Польшчы — яму карціць далучыць да Расеі «спрадвечныя, гістарычныя расейскія тэрыторыі», дык напэўна і палякам карціць далучыць свае «спрадвечныя, гістарычныя тэрыторыі»?
— Гэта старая казка. Раней пра гэта больш гаварыў Лукашэнка. Адна зь яго ўлюбёных тэорыяў, што мы малюем межы да Менску: маўляў, палякі распаўсюджваюць мапы з такімі межамі. Але гэтыя мапы — у нашых падручніках па гісторыі, і яны тычацца менавіта гісторыі, яны тычацца даваеннай Польшчы. Паводле Рыскай дамовы мяжа праходзіла, сапраўды, пад Менскам.
Лукашэнка — кепскі гісторык, ён найперш прапагандыст і папуліст, выгадаваны на савецкіх наратывах. Разуменьне гісторыі і ў яго, і ў Пуціна вельмі своеасаблівае. Яны спрабуюць выклікаць непрыязнае стаўленьне да Польшчы ў расейскім і беларускім грамадзтвах. Гістарычнае клішэ пра «польскіх паноў» жахлівае, але яно ўжываецца ў прапагандзе і ў Беларусі, і ў Расеі. Я б на гэта не зьвяртаў асаблівай увагі, але гэта будзе працягвацца, пакуль такія асобы, як Лукашэнка і Пуцін, будуць пры ўладзе.