Міністар абароны РФ заявіў пра ўзрастаньне пагрозаў для Расеі ад Польшчы і Фінляндыі

Сяргей Шайгу

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на нарадзе ў Маскве 9 жніўня назваў Польшчу «галоўным інструмэнтам антырасейскай палітыкі ЗША» і выказаў меркаваньне, што пагрозы для Расеі на заходнім і паўночна-заходнім напрамку «кратна ўзрасьлі» за апошні час.

Прычынай гэтага ён назваў «мілітарызацыю Польшчы» і ўступленьне ў NATO Фінляндыі і ў пэрспэктыве — Швэцыі.

Як заявіў Шайгу, «рызыкі для Расеі» нясуць маштабныя закупкі Польшчай узбраеньня ў ЗША, Вялікай Брытаніі і Паўднёвай Карэі.

Уступленьне ў NATO Фінляндыі ён назваў «дэстабілізуючым фактарам», выказаўшы меркаваньне, што на тэрыторыі гэтай краіны можа быць разьмешчаная «ударная зброя», здольная паражаць расейскую тэрыторыю на вялікую глыбіню. На думку Шайгу, «ідзе прапрацоўка мер па нэўтралізацыі пагрозаў з боку краінаў Захаду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назвалі дакладную колькасьць вайскоўцаў, якіх накіруюць на мяжу зь Беларусьсю
  • Фінляндыя вырашыла адмовіцца ад традыцыйнага нэўтралітэту і ўступіць у NATO пасьля шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну летась. Такое ж рашэньне прыняла і Швэцыя, заяўку якой пакуль не ўхвалілі дзьве з 31-й краіны NATO.
  • Польшча таксама прыняла рашэньне ўмацоўваць свае Ўзброеныя сілы пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Былі прынятыя і іншыя меры па ўмацаваньні так званага ўсходняга флянгу NATO.
  • Адной з мэтаў уварваньня ва Ўкраіну прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін назваў пагрозы, якія нібыта несла Расеі пашырэньне NATO. ЗША і іх саюзьнікі перасьцерагалі Маскву ад уварваньня, заяўляючы, што адказам на яго будзе ўмацаваньне абараназдольнасьці саюзу.
  • Прадстаўнікі расейскіх уладаў раней заяўлялі, што ня бачаць асаблівых пагрозаў ад уступленьня Фінляндыі ў NATO, паколькі ў Фінляндыі няма тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Расеі. У Польшчы іх таксама няма.
  • У апошнія тыдні Польшча выказвае сур’ёзную занепакоенасьць у сувязі з разьмяшчэньнем у Беларусі наймітаў ПВК «Вагнэр». Пуцін нядаўна выступіў з ускоснай пагрозай Польшчы, назваўшы яе заходнія тэрыторыі «падарункам Сталіна» пасьля Другой сусьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэта Расеі ва Ўкраіне тая ж, што і ў Беларусі ў 1654-м». Польскі гісторык пра сапраўдныя прычыны вайны і карані расейскай імпэрскасьці