Сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі існаваў яшчэ з 2008 году. Туды траплялі і матэрыялы, зьвязаныя з палітыкай. Напрыклад, відэазапіс канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве ці альбом «Прэс-фота Беларусі». Аднак у асноўным у сьпісе значыліся матэрыялы нацысцкага ці шавіністычнага толку. Масава папаўняць яго беларускія суды пачалі з 2020 году, што значна паўплывала на зьмест дакумэнту.
Да 2020 году ў сьпісе было 74 старонкі, цяпер — 674. Ён павялічыўся ў 9 разоў. Глядзім, што цяпер у сьпісе.
«Алькаголікі Шуміліна» і «Друк фатаздымкаў у Барысаве»
15 лютага 2023 году суд Шумілінскага раёну пастанавіў, што група ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» «Алькаголікі Шуміліна» — гэта экстрэмісцкія матэрыялы.
У групе 90 удзельнікаў, яна амаль не актыўная. Час ад часу там посьціліся мэмы, зьвязаныя з алькаголем, а таксама рознага кшталту абвесткі.
У групе ёсьць адзін рэпост з суполкі «Шуміліна краіна для жыцьця», што магло стаць падставай трапіць у лік экстрэмістаў.
2 жніўня мінулага году суд Барысаўскага раёну палічыў экстрэмісцкай групу «Друк фатаздымкаў. Барысаў». З таго часу яна крыху памяняла назву. На сьцяне суполкі ад пачатку 2020 году няма нічога, што хаця б неяк тычылася палітыкі ці грамадзкага актывізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рагачоўская міліцыя прызнала фота прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці»Групы чайлдфры
Сярод «экстрэмісцкіх матэрыялаў» адразу некалькі чайлдфры-паблікаў у розных сацыяльных сетках. У асноўным там мэмы пра тое, што мець дзяцей — цяжка. Чайлдфры — гэта людзі, якія ня хочуць заводзіць дзяцей.
Экстрэмісцкімі прызналі таксама шматлікія суполкі беларусаў у эміграцыі: «Беларусы ў Лодзі», «Беларусы замежжа», «Беларусы Ўроцлава» ды іншыя падобныя чаты ў тэлеграме.
У бан-ліст трапіла група ў фэйсбуку «Быхаў — мой родны горад», такое рашэньне прыняў Быхаўскі суд 14 чэрвеня гэтага году. У групе ў асноўным здымкі старога Быхава. Але ў 2020 годзе паблік посьціў навіны з пікетаў у горадзе, калі яны былі цалкам законныя.
Уключаюць у «экстрэмісцкі сьпіс» і асабістыя старонкі людзей. Напрыклад, у адной карыстальніцы там убачылі фатаздымак зь цішоткай з гербам Пагоня. У іншага — стары здымак з пікету. Гэтага для судоў дастаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў тэкст прысягі грамадзяніна Беларусі і працэдуру пазбаўленьня грамадзянства «за экстрэмізм»Кнігі
У кастрычніку 2022 году суд Цэнтральнага раёну Менску пастанавіў, што пераклад паэмы Бродзкага «Баляда пра маленькі буксір» — гэта таксама экстрэмізм.
Гэта першае выданьне Бродзкага на беларускай мове, пераклад яго знакамітага дзіцячага верша «Баллада о маленьком буксире». Ён быў апублікаваны ў часопісе «Костёр» у 1962 годзе і стаў першым творам Бродзкага, які ўбачыў сьвет у СССР.
У траўні 2022 году экстрэмісцкім прызналі раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Раман быў напісаны яшчэ ў 2017 годзе, ён сабраў шмат узнагарод, а яго пераклад на расейскую мову трапіў у шорт-ліст прэміі «Вялікая кніга — 2019».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ініцыятыву ГУБАЗіКа ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу Бахарэвіча, нумары часопіса «Наша гісторыя» і каляндарУ красавіку 2022 году ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі кнігу геральдыста Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». У ёй знайшлі прыкметы «экстрэмізму ў выглядзе рэабілітацыі нацызму» і пагрозу «інфармацыйнай бясьпецы краіны шляхам скажэньня гістарычнай памяці народу».
У кастрычніку 2022 году манаграфію Сьвятланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944)» прызналі экстрэмісцкай, на яе зьвярнулі ўвагу сілавікі падчас пагрому крамы «Кнігаўка». Цікава, што па гэтай тэме Сьвятлана Казлова абараніла ў 2006 годзе кандыдацкую дысэртацыю, якую зацьвердзіў ВАК Беларусі.
У траўні 2022 году экстрэмісцкай прызналі кнігу Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя». Гэта зборнік інтэрвію з рознымі асобамі, развагі пра беларускую ідэнтычнасьць і ідэю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Гаруноў: «Пераканаць расейскую эліту ў самастойнасьці Ўкраіны і Беларусі немагчыма»12 верасьня 2022 году экстрэмісцкай прызналі кнігу Анатоля Тараса «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.». Кніга расказвае пра станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў розныя эпохі.
Да 2020 году экстрэмісцкімі ў Беларусі прызнавалі такія кнігі, як «Mein Kampf» Адольфа Гітлера ці «Манифест Новой России: третий путь» Андрэя Паласіна.