Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Рагачоўская міліцыя прызнала фота прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці»

Рагачоўская міліцыя прызнала фота прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці»


Сустрэча прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды са Сьвятланай Ціханоўскай, 4 кастрычніка 2022 году.
Сустрэча прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды са Сьвятланай Ціханоўскай, 4 кастрычніка 2022 году.

На фота Дуда зьняты на фоне бел-чырвона-белага сьцяга. Пратакол аформлены на рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча.

Актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч ужо год жыве ў Польшчы, але мясцовая міліцыя надалей складае на яго пратаколы. На гэты раз «экстрэмізм» знайшлі ў артыкулах, якія актывіст разьмяшчаў на сайце «Рогачёв. Онлайн».

У складзеным 31 ліпеня 2023 году ад імя ўчастковага Віталя Сімакова пратаколе гаворыцца, што актывіст і рэдактар сайту «Рогачёв. Онлайн», будучы ў неўстаноўленым месцы, з 11.06.2021 па 17.07.2023 «разьмясьціў інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасьць». Пералічаныя публікацыі на сайце, сярод якіх перадрук матэрыялу Reuters «Прэзыдэнт Анджэй Дуда правёў кансультацыі з прэм’ер-міністрам і кіраўніком Міністэрства абароны». Для ілюстрацыі гэтай публікацыі Дашкевіч выкарыстаў здымак Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.

Адміністрацыйны пратакол на Дзяніса Дашкевіча, складзены з нагоды публікацыі фотаздымку прэзыдэнта Польшчы на фоне бел-чырвона-белага сьцягу.
Адміністрацыйны пратакол на Дзяніса Дашкевіча, складзены з нагоды публікацыі фотаздымку прэзыдэнта Польшчы на фоне бел-чырвона-белага сьцягу.

Як расказаў Свабодзе сам Дашкевіч, ён ужо год жыве ў Польшчы. Паводле суразмоўцы, гэта ведаюць у рагачоўскім райвыканкаме, міліцыі і раённай газэце, якая разьмясьціла некалькі артыкулаў з абразамі ў адрас Дашкевіча.

«Але міліцыя ўсё ходзіць на адрас, дзе я жыў у Рагачове. Перад гэтым пратаколам правялі „агляд жытла“, шукалі тэхніку. Нічога не знайшлі. Дапытвалі сваякоў: дзе менавіта я жыву, хто яшчэ працуе на сайт „Рогачёв. Онлайн“. Хадзілі ня толькі да маіх сваякоў і сяброў, але і да прадпрымальнікаў, якія да 2020 году давалі рэкляму на нашым сайце», — дадаў актывіст.

Ён кажа, што не разумее, як прэзыдэнт Польшчы можа «прапагандаваць экстрэмісцкую дзейнасьць». Паводле інфармацыі Дашкевіча, ціснуць на яго «з падачы мясцовага ідэоляга Натальлі Прус».

«Яна напісала скаргу ў пракуратуру, маўляў на сайце «Рогачёв. Онлайн» ёсьць выявы бел-чырвона-белага сьцяга. Пракуратура ўгледзела ў гэтым «экстрэмізм», нават у прэзыдэнце Польшчы. І ўжо міліцыя на загад пракуратуры склала гэты пратакол. Што тычыцца бел-чырвона-белага сьцяга, то на сайце раённай газэты «Свабоднае слова» можна знайсьці дзясятак артыкулаў, дзе ёсьць гэты сьцяг. Ці прыцягнуць раёнку да адказнасьці за «экстрэмізм»? — разважае Дашкевіч.

Актывіст з 2017 па 2020 год працаваў дырэктарам Цэнтру культуры ў вёсцы Побалава. Звольнілі Дашкевіча ўвосень 2020-га. У раённай газэце «Свабоднае слова» пэрыядычна зьяўляюцца артыкулы са зьняважлівымі характарыстыкамі ў ягоны адрас.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG