Украінскі ўрад цяпер будзе не дэнансаваць пагадненьні зь Беларусьсю і Расеяй, а спыняць іх дзеяньне. Юрыст патлумачыў, што гэта азначае

Будынак ураду Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Ці дазваляюць такія зьмены меркаваць, што ва Ўкраіне ствараюць падставы для аднаўленьня дзеяньня міжнародных дакумэнтаў пасьля завяршэньня вайны?

Кабінэт міністраў Украіны ўнёс зьмены ў раней ухваленае рашэньне аб дэнансацыі трох пагадненьняў зь Беларусьсю ў галіне адукацыі.

У прыватнасьці, словы «дэнансацыю пагадненьняў» замянілі на «спыненьне дзеяньня міжнародных пагадненьняў». Аналягічныя зьмены і ў рашэньнях, паводле якіх пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ўрад Украіны дэнансаваў шэраг пагадненьняў з Расеяй.

Свабода запытала ўкраінскага юрыста, што гэта азначае і ці дазваляюць такія зьмены меркаваць, што ствараюцца падставы для аднаўленьня дзеяньня міжнародных дакумэнтаў пасьля завяршэньня вайны.

Дарадца, адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Раман Працышын (Кіеў, Украіна)

«Дэнансаваць ці спыніць дзеяньне? У міжнародным праве валявое рашэньне аднаго сувэрэна аб намеры больш ня быць зьвязаным міжнародным пагадненьнем, бокам якога ён зьяўляецца, можа называцца па-рознаму: дэнансацыя, выхад з пагадненьня, спыненьне дзеяньня. Але ўсе гэтыя паняцьці азначаюць у прынцыпе адно і тое самае», – сказаў Свабодзе дарадца, адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Раман Працышын.

Юрыст дадаў, што нават назва артыкулу 56 Венскай канвэнцыі 1969 году аб праве міжнародных пагадненьняў зьмяшчае адразу тры тэрміны: «дэнансацыя пагадненьня або выхад з пагадненьня, якое ня мае палажэньняў пра яго спыненьне, дэнансацыю або выхад зь яго».

«Калі адзін з бакоў выходзіць, спыняе ці дэнансуе двухбаковае міжнароднае пагадненьне, то такое пагадненьне спыняе сваё дзеяньне, бо ў ім застаецца толькі другі бок», — патлумачыў Раман Працышын.

Паводле яго, пагадненьні зь Беларусьсю ў галіне адукацыі не прадугледжвалі нормы аб дэпазытарыі, у якога захоўваецца арыгінал дакумэнту і якому ўдзельнікі павінны накіроўваць паведамленьне аб дэнансацыі (спыненьні дзеяньня) пагадненьня.

«Ніводнае з дэнансаваных пагадненьняў ня мае ўмоў аб дэпазытарыі, але зьмяшчае палажэньне аб спыненьні шляхам інфармаваньня аднаго боку іншага», – адзначыў юрыст.

Раман Працышын дадаў, што зьмена фармулёўкі не азначае, што пасьля завяршэньня вайны дзеяньне спыненых дакумэнтаў можна будзе аднавіць. «Давядзецца дамаўляцца наноў», — адзначыў юрыст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ініцыятыву ўраду аб дэнансацыі дамовы зь Беларусьсю аб пэнсійным забесьпячэньні

Урад Украіны 9 красавіка 2022 году ўхваліў рашэньне аб дэнансацыі трох дакумэнтаў, падпісаных зь Беларусьсю ў галіне адукацыі: аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьняў (падпісалі 6 лютага 1998 году ў Менску), аб супрацы ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі (падпісалі 16 траўня 2000 году ў Менску) і аб супрацы ў галіне навукі і тэхналёгіяў (17 сьнежня 1992 году ў Кіеве).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь спыніла пагадненьне з Украінай пра тэхнічную абарону інфармацыі

24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі адмаўляе непасрэдны ўдзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, але расейскае войска актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

Цягам 2022 году і пачатку 2023 году Ўкраіна дэнансавала (выйшла або спыніла дзеяньне) больш за 30 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах, у тым ліку:

  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году,
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
  • аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгічў;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў;
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.