Сахашчык пра заяву палку Каліноўскага на свой адрас: «Мяне б гэта пакрыўдзіла, калі б было праўдай»

Валер Сахашчык на канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023».

Валер Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы, расказаў карэспандэнту Свабоды пра год у палітыцы і свой удзел у ваенных дзеяньнях на баку Ўкраіны.

— Спаўняецца год з часу вашага прыходу ў палітыку. Як уражаньне?

— Уражаньне цяжкае. Мне складана адаптавацца ў гэтай атмасфэры. Я не прывык да такой колькасьці дэструктыўных адносінаў паміж людзьмі, інтрыг. Я ў сваім жыцьці ў такой атмасфэры ня быў. Таму складана да гэтага прывыкаць, але спадзяюся, што вытрымаю.

— Ня так даўно вы казалі, што беларускаму рэжыму застаецца ад году да трох. Вы па-ранейшаму такі аптыміст?

— Так, я казаў, што ня больш за тры гады, і застаюся пры сваёй думцы. Я сказаў гэта 2 студзеня ў інтэрвію Мелказёраву. Так што адлік часу ідзе.

— А нейкія падставы пад гэтым ёсьць?

— Так, вядома. У любым выпадку, палітычная сыстэма расейская і беларуская сябе вычарпала. Яна нежыцьцяздольная, і мы цяпер назіраем агонію гэтай сыстэмы. Я перакананы, што яна памрэ, а з нашай дапамогай памрэ хутчэй.

— Шмат для каго выглядае дысанансам, што вы не выступаеце за сілавое вырашэньне беларускага пытаньня. Чаму?

— Можа таму, што я разумею, што такое вайна.

— Ці проста няма сілаў для гэтага?

— Справа ня ў сілах. Нават калі б у нас тут быў нейкі армейскі корпус і мы б маглі ісьці ваяваць... Самае апошняе, чаго я хачу, гэта вялікага кровапраліцьця ў Беларусі. Я лічу, што яно таго ня вартае. Лепш троху даўжэй пацярпець, прымяніць нейкія іншыя спосабы, але прыйсьці да грамадзянскай згоды і вырашыць праблему такім чынам. А канфлікты збройныя, нават калі яны будуць, павінны быць вельмі абмежаваныя і апраўданыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сахашчык сам удзельнічае ў баявых апэрацыях». Баец з новай дэсантнай роты беларусаў расказаў, чым яны займаюцца на Данбасе

— Ня так даўно ў інтэрвію Радыё Свабода адзін з байцоў 79-й вайсковай часткі УСУ сказаў, што вы таксама бераце ўдзел у баявых дзеяньнях. Гэта сапраўды так?

— Так, гэта праўда. Я браў удзел.

— А маглі б трошку расказаць, што гэта такое, які ваш удзел?

— У мяне быў дзед-франтавік, які ваяваў з 1 верасьня 1939 году ў складзе Войска Польскага і да траўня 1945 году, закончыў у Бэрліне. На ўсе мае дзіцячыя просьбы расказаць пра вайну ён мне адказваў: «Валера, на вайне няма нічога цікавага, апрача пакут, крыві, сьмерці, бруду. Там няма нічога, пра што хацелася б расказаць». Я павінен быў нароўні з нашым падразьдзяленьнем выконваць задачы і паказаць ім, што я такі ж, як і яны, што я ня стаўлю сваё жыцьцё даражэй, чым іх жыцьцё, што я магу зь імі размаўляць нароўні. Я гэта рабіў.

Другое. Мне, вядома ж, патрэбны вопыт вядзеньня сучаснай вайны, мне патрэбнае разуменьне, як гэта адбываецца цяпер. Мне патрэбнае дакладнае разуменьне, што за вораг — расейцы, бо ёсьць шанец, што давядзецца супраць іх дзейнічаць. Таму я быў там і, па ўсёй верагоднасьці, і далей буду там. Але гэта ня тое, чым я хацеў бы займацца, аб чым я мару. Гэта проста жыцьцёвая неабходнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў вачыма рэпартэра і аналітыка. ВІДЭА

— Якія б вы адзначылі галоўныя дасягненьні за год у палітыцы, што вы зрабілі за гэты час?

— Цяпер я нашмат лепш разумею шлях, па якім мы павінны прайсьці, каб перамагчы. У нас зьявілася моцная, добрая каманда, зь якой, як я мяркую, рэальна рухацца па гэтым шляху. І мы ўжо прайшлі па гэтым шляху пэўную адлегласьць, якая нас да перамогі набліжае.

— Вось вы гаворыце пра перамогу. Вам не здаецца, што на сёньняшняй канфэрэнцыі ня так шмат гаварылі пра перамогу і шляхі набліжэньня да яе?

— Складана гаварыць пра гэта ў гэтай сытуацыі, калі ў Беларусі татальны тэрор задушыў усё, калі людзі баяцца сказаць слова, шмат каго выціснулі за мяжу і шмат каго пасадзілі. Але гэта ўсё вельмі хутка зьменіцца.

— А зь сілавікамі ў Беларусі атрымліваецца падтрымліваць кантакт?

— Так, мы падтрымліваем кантакты.

— Ці можаце троху расказаць, якія там настроі?

— Бачыце, з намі падтрымліваюць кантакт людзі, якія трымаюцца поглядаў, падобных да нашых. Гэтых людзей шмат. Сацыялёгія немагчымая. Калі раней людзі хаця б у курылках нешта абмяркоўвалі, то цяпер баяцца ўсе. Толькі самым блізкім сваім сябрам могуць шчыра выказваць свае думкі. Але я дакладна разумею, што людзей на нашай ідэалягічнай плятформе ва Ўзброеных сілах Беларусі шмат.

— Якая ваша галоўная задача на бліжэйшы час, скажам, на бліжэйшы год?

— Самая першая задача — гэта зьнізіць страты сярод беларусаў на вайне ва Ўкраіне. Забясьпечыць людзей, якія там ваююць, усім неабходным, каб выканаць сваё абяцаньне, што беларусы павінны ваяваць тэхналёгіямі і высокай навучанасьцю, а не чалавечай крывёю. І далей я, вядома, мару пра аб’яднаньне дэмакратычных сілаў, я мару пра ўмацаваньне лідэрства, якое павінна выходзіць на новы ўзровень. Ну, і посьпех у данясеньні праўдзівай інфармацыі да людзей унутры краіны, арганізацыі людзей унутры краіны. Калі мы гэтыя рэчы зробім, то мы сур’ёзна наблізімся да перамогі.

— А тое, што прадстаўнік палку Каліноўскага ў сваёй прамове сказаў, што вы не апраўдалі давер, зачапіла вас ці не?

— Мяне б гэта пакрыўдзіла, калі б гэта было праўдай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбылася канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023». ТЭКСТ, ФОТА, ВІДЭА

Вынікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023»

6 жніўня ў Варшаве Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада разам правялі канфэрэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмеркавалі супольныя дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў за гэты час, а таксама далейшыя пляны і бачаньне будучыні Беларусі.

Па выніках канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што звольніла Аляксандра Азарава, і абвясьціла аб новых прызначэньнях.

«Я прыняла рашэньне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады ў Аб’яднаным пераходным кабінэце. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандар Азараў працягнуў працу пры кабінэце па пляне «Перамога» і каардынаваў супрацу зь беларускім падпольлем. Такім чынам, пазыцыя прадстаўніка па аднаўленьні правапарадку робіцца вакантнай, і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Нацыянальная лідэрка паведаміла, што ўзімку адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду, каб тая стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў. Перад выбарамі адбудзецца справаздача Каардынацыйнай рады.

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве прызначыла Генадзя Манько, які цягам апошняга году адказваў за супрацу Аб’яднанага пераходнага кабінэту з палком Каліноўскага.

Маргарыта Ворахава стала дарадцай Сьвятланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве.

Сьвятлана Ціханоўская не абвяшчала цалкам склад Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Па выніках справаздачы паўнамоцтвы на наступны год пацьвердзілі кіраўнікам блёку «Транзыт улады» — Паўлу Латушку, блёку «Замежныя справы» — Валеру Кавалеўскаму, блёку «Абарона і нацыянальная бясьпека» — Валеру Сахашчыку і блёку «Нацыянальнае адраджэньне» — Аліне Коўшык.

Вакантнымі засталіся сілавы і эканамічны блёкі пасьля сыходу зь іх адпаведна Аляксандра Азарава і Тацяны Зарэцкай.

  • Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі — калектыўны выканаўчы орган дэмакратычных сіл Беларусі, створаны 9 жніўня 2022 году Сьвятланай Ціханоўскай. У кабінэт, які займаецца дзейнасьцю ў эміграцыі з цэнтральным офісам у Вільні (Літва), уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычнага руху, бізнэсу і сілавога блёку Беларусі, якія прызнаюць Ціханоўскую нацыянальнай лідэркай.