Аналітыкі дасьледчага цэнтру сыстэмы YouControl заявілі, што цягам 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, у ёй зарэгістравана 39 новых кампаніяў, зьвязаных з Расеяй і Беларусьсю.
Паводле аналітыкаў, у 5% беларускіх і расейскіх кампаніяў, створаных да вайны, зьмяніўся склад бэнэфіцыяраў, і яны працягваюць працаваць на ўкраінскім рынку. Усяго да вайны 20 тысяч кампаніяў у краіне мелі сувязь з Расеяй і Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ва Ўкраіне працуюць кампаніі Машэнскага і колькі там зарабіў беларускі бізнэс да арышту актываўАмаль палова гэтых кампаніяў зарэгістраваная ў Кіеве, яшчэ 6,5 % — у Кіеўскай вобласьці. 27 % працуюць у гандлёвай сфэры і па 14 % — у перапрацоўчай прамысловасьці і ў галіне нерухомасьці.
Аналітыкі лічаць, што ў большасьці выпадкаў зьмена складу бэнэфіцыяраў уяўная, яны па-ранейшаму маюць беларускі ці расейскі сьлед, бо найчасьцей «новымі» ўласьнікамі сталі кампаніі, зарэгістраваныя на Кіпры, у Турэччыне, Ізраілі і Ўкраіне. Апроч таго, часта выкарыстоўвалі мэханізм пераафармленьня права ўласнасьці на імаверных сваякоў, якія маюць украінскае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дылер МАЗу ва Ўкраіне знайшоў спосаб абысьці санкцыі і працягваць працу, нягледзячы на вайнуПаводле аналітыкаў, Артур Гранц, ключавая асоба групы кампаніяў «БФ Капитал», галоўным актывам якой ёсьць сетка крамаў бязмытнага гандлю (Duty Free) у аэрапортах, пасьля расейскага ўварваньня зьмяніў беларускае грамадзянства на армянскае, і цяпер як грамадзянін Армэніі ён бэнэфіцыяр больш як 10 украінскіх кампаніяў.
Адметна, што гэтыя кампаніі Артура Гранца працуюць ня толькі ў сфэры бязмытнага гандлю. Яны займаюцца набыцьцём, продажам і арэндай нерухомасьці, продажам аўтамабіляў, нафтапрадуктаў, кампутараў і рэстаранным бізнэсам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У арыштаваных ва Ўкраіне расейскіх і беларускіх вагонаў знайшоўся кітайскі ўласьнікУ траўні 2022-га з складу ўласьнікаў ТАА «БЕРЕЗНЕФАРФОР», якое ўваходзіць у групу кампаніяў «ПлазмаТек» Віктара Слабадзянюка, выйшла беларускае ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў». Да бэнэфіцыяраў дадалі Іну Слабадзянюк. Кампанія займаецца здабычай пяску і жвіру, распрацоўкай кар’ераў, гуртавым гандлем драўнінаю, будаўнічымі матэрыяламі і перадачай у арэнду тэхнічнага абсталяваньня.
У жніўні 2022 году з складу ўласьнікаў ТАА «АМА ВІЖН» выйшаў грамадзянін Беларусі Максім Лешчанка. У 2018–2020 гадах гэтая кампанія атрымала зь дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны амаль 50 мільёнаў грыўняў на вытворчасьць фільму «Шчэдрык». Адметна, што да лютага 2022 году адным з уласьнікаў кампаніі быў Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.
Суўладальнікам больш як 10 юрыдычных асобаў, якія працуюць у сфэры клінінгу, ёсьць Валер Макіцкі. Паводле зьвестак дзяржаўнага рэестру, пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ён зьмяніў беларускае грамадзянства на польскае. Цяпер некаторыя ягоныя кампаніі надаюць клінінгавыя паслугі ўкраінскім дзяржаўным прадпрыемствам, а ў структуры ўласнасьці такіх кампаніяў раней быў расеец Эдуард Асьпіт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве скасаваў арышт рахункаў кампаніі, заснаванай Кіраўніцтвам спраў ЛукашэнкіЗгодна з інфармацыяй YouControl, 14 юрыдычных асобаў з расейскімі ці беларускімі ўласьнікамі ёсьць дабрачыннымі арганізацыямі, якія надаюць сацыяльныя паслугі. У большасьці такіх кампаніяў заснавальнікі — грамадзяне Беларусі і Расеі — маюць украінскі адрас рэгістрацыі. У той жа час у 7 кампаніях грамадзяне Беларусі, якія стварылі новыя прадпрыемствы ва Ўкраіне, зарэгістраваныя ў Беларусі і ў адным выпадку ў Турэччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль спынены, а антыдэмпінгавыя працэсы трываюць. Кіеў абвясьціў новыя абмежаваньні на прадукцыю зь Беларусі- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.