Распрацоўнік праграмнага забесьпячэньня EPAM прадаў расейскую юрыдычную асобу ТАА «ЭПАМ Системз» расейскай групе «Рексофт», што вынікае з рэестравых зьвестак ЕГРЮЛ, на якія спасылаецца Interfax.
«Рексофт» паведаміў, што група набыла 100% кампаніі RNT Group, якая ёсьць праваўладальнікам ТАА «ЭПАМ Системз» — «дачкі» EPAM Systems Inc. у Расеі.
Паводле ўмоваў пагадненьняў з EPAM Systems Inc. кампанія ня можа выкарыстоўваць брэнд EPAM у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У літоўскім IT-сэктары зьявілася ўжо другая кампанія зь беларускімі каранямі, якая мае звыш тысячы супрацоўнікаўУ паведамленьні таксама ўдакладняюць, што ўмовы ўгоды не даюць магчымасьці зваротнага выкупу. Плянуецца, што на асноўныя захады аб’яднаньня пойдзе каля году, а агульны штат супрацоўнікаў перавысіць 1,5 тысячы чалавек. Сума ўгоды не называецца.
Кампанія EPAM Systems Inc., распрацоўнік праграмнага забесьпячэньня на замову, заснаваная ў 1993 годзе. У красавіку 2022 году яна паведаміла аб намеры спыніць працу ў Расеі на фоне падзеяў ва Ўкраіне. У верасьні кампанія паведаміла, што падпісала пагадненьне аб продажы практычна ўсіх сваіх расейскіх актываў, але ўгода так і не адбылася: тэрмін падпісанай дамовы скончыўся, кампанія пераглядае яе варункі, паведамляла EPAM у лютым 2023 году.
У траўні кампанія паведаміла, што атрымала дазвол расейскіх уладаў на ўгоду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад росту цэнаў пачынаеш эканоміць». У Беларусі зьнізіліся заробкі ў ІТ-сфэры