Сьцісла:
- Новым чыньнікам абвастрэньня стала перадысьлякацыя ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Асноўным ініцыятарам абвастрэньня беларуска-польскіх адносін стала Расея.
- ЗША заявілі, што адказнасьць за ўсе агрэсіўныя дзеяньні наймітаў ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, будзе ўскладацца на ўлады Расеі.
- Аляксандар Лукашэнка, выступаючы 1 жніўня ў Камянецкім раёне, паспрабаваў адкруціць сытуацыю назад.
- У момант моцнага напружаньня ў міждзяржаўных адносінах нават выпадковы эпізод можа стаць іскрай, ад якой загарыцца полымя паўнавартаснай вайны.
Да гэтага часу супярэчнасьці паміж Менскам і Варшавай разьвіваліся ў асноўным на грунце палітычнага канфлікту, інфармацыйных атак, гуманітарных пытаньняў (перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі, разбурэньне польскіх помнікаў), ціску на Польшчу з дапамогай мігрантаў. Цяпер задзейнічаны сілавы, вайсковы кампанэнт. Міністэрства абароны Польшчы канстатавала парушэньне мяжы беларускімі верталётамі (Міністэрства абароны Беларусі гэты факт адмаўляе), польскі МЗС заявіў пратэст часоваму паверанаму ў справах Беларусі.
Апошнім часам зьявіліся новыя чыньнікі, якія спрычыніліся да пераходу канфлікту на новы ўзровень. Гэта разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі і перадысьлякацыя сюды наймітаў ПВК «Вагнэр». Аляксандар Лукашэнка дэманстратыўна выкарыстоўвае вагнэраўцаў для дадатковага ціску на Польшчу. Падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным 23 ліпеня ён зазначыў, што вагнэраўцы нібыта «просяцца» схадзіць «на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», але Лукашэнка іх стрымлівае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы выказаў Беларусі «рашучы пратэст» праз інцыдэнт зь верталётаміУ Польшчы гэтыя пагрозы ўспрынялі досыць сур’ёзна. 29 ліпеня прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што больш за 100 наймітаў ПВК перадысьлякаваліся да межаў Польшчы і Літвы, да так званага Сувальскага калідора, і рыхтуюць правакацыі; сытуацыя становіцца «ўсё больш небясьпечнай». Ён выказаў гіпотэзу, што баевікі, верагодна, паспрабуюць пранікнуць у Польшчу пад выглядам нелегальных мігрантаў.
Асноўным трыгерам новага абвастрэньня беларуска-польскіх адносін стала пазыцыя Расеі. Менавіта Крэмль ініцыяваў антыпольскія выпады. Прэзыдэнт Расеі пачаў атаку супраць Польшчы яшчэ напярэдадні перамоваў у Санкт-Пецярбургу, на пасяджэньні Савету бясьпекі РФ. Лукашэнка ахвотна падхапіў ягоную рыторыку.
Шмат мэдыйнага шуму нарабіла заява кіраўніка камітэту Дзярждумы РФ па абароне Андрэя Картаполава 16 ліпеня, што вагнэраўцы нібыта становяць «ударны кулак», які можа захапіць Сувальскі калідор «за лічаныя гадзіны».
Інцыдэнт на мяжы Беларусі і Польшчы адразу выклікаў міжнародны рэзананс. Найперш, хутка адрэагавалі ЗША. У адказ на парушэньне беларускімі вайсковымі гелікоптэрамі польскай паветранай прасторы афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр заявіў, што Злучаныя Штаты гарантуюць бясьпеку «кожнага квадратнага сантымэтра» тэрыторыі краін NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэнтагоне пракамэнтавалі паветраны інцыдэнт на польска-беларускай мяжыВарта зьвярнуць увагу на важны акцэнт, які зрабілі ЗША. З заявы сталай прадстаўніцы ЗША пры ААН Лінды Томас-Грынфілд вынікае, што адказнасьць за ўсе агрэсіўныя дзеяньні наймітаў ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, будзе ўскладацца на ўлады Расеі. То бок магчымыя правакацыі вагнэраўцаў супраць суседзяў Беларусі ня ўдасца трактаваць як іх уласную ініцыятыву (а менавіта так імкнецца прадставіць сытуацыю Лукашэнка) ці як злыя намеры афіцыйнага Менску. Сілавы канфлікт на беларуска-польскай мяжы адразу можа перарасьці ў канфрантацыю Расеі з NATO.
Лукашэнка, выступаючы 1 жніўня ў Камянецкім раёне, паспрабаваў адкруціць сытуацыю назад. Ён назваў сваю заяву ў Санкт-Пецярбургу пра тое, што вагнэраўцы прагнуць схадзіць на «экскурсію» на тэрыторыю Польшчы, жартам. Таксама сказаў, што «ніякія атрады ПВК „Вагнэр“ у 100 чалавек» на мяжу з Польшчай не перамяшчаліся«, «Сувальскі калідор нам тысячу гадоў не патрэбен». І нават у адносінах да ўладальнікаў «карты паляка» ня варта «перагінаць палку». Такі вось прыступ міралюбства.
У сытуацыі моцнага напружаньня ў міждзяржаўных адносінах нават выпадковы эпізод (а залёт беларускіх верталётаў на польскую тэрыторыю выглядае як ненаўмысны) здатны стаць іскрай, зь якой можа разгарэцца полымя паўнавартаснай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Міністэрства абароны Беларусі адмаўляе