Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы выказаў Беларусі «рашучы пратэст» праз інцыдэнт зь верталётамі


Сьцяг Польшчы
Сьцяг Польшчы

Часовага паверанага ў справах Беларусі 1 жніўня выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі гелікоптэрамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.

Пра гэта расказаў RMF FM намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі. Ён заявіў, што размова зь беларускім дыпляматам у МЗС Польшчы была «вельмі кароткай».

«Мы выказалі рашучы пратэст у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы, а таксама з эскаляцыяй дзеяньняў супраць Украіны, бо Беларусь таксама саўдзельніца гэтай вайны», — паведаміў Яблоньскі.

Ён падкрэсьліў, што беларускаму боку былі выказан іншыя прэтэнзіі. Варшава адзначыла зьніжэньне ўзроўню бясьпекі на мяжы ў выніку перамяшчэньня ПВК «Вагнэр», а таксама працягу атак з боку арганізаваных групаў мігрантаў.

«Мы супраць гэтага і будзем абараняцца», – адзначыў Яблоньскі.

Паводле польскага боку, 1 жніўня адбылося парушэньне паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі гелікоптэрамі, якія праводзілі вучэньні паблізу мяжы.

«Перасячэньне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленьне радарамі, — гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Польшчы. — Таму ў ранішнім паведамленьні Апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сілаў паведаміла, што польскія радыёлякацыйныя сыстэмы не зафіксавалі парушэньня паветранай прасторы Польшчы».

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя гелікоптэры.

Пра інцыдэнт паведамілі ў NATO.

Міністэрства абароны Беларусі ў адказ заявіла: «Абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА зьяўляюцца надуманымі і былі зроблены польскім вайскова-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўданьня нарошчваньня сілаў і сродкаў каля беларускай мяжы».

Расьсьледная група «Беларускі Гаюн» зрабіла выснову, што гелікоптэры беларускай арміі маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы выпадкова.

Расьсьледнікі сьцьвярджаюць, што да ўчорашняга візыту ў пасёлак Белавескі Лукашэнка ўжо тры дні жыў непадалёк, у рэзыдэнцыі Віскулі на тэрыторыі Белавескай пушчы. Яны сьцьвярджаюць, што Лукашэнка знаходзіцца там і зараз.

«У тым раёне ніякіх вучэньняў не праводзілася. І верталёты да якіх-небудзь вучэньняў дачыненьня не маюць, а лёталі з мэтай аховы Лукашэнкі. Мы лічым, што пілёты верталётаў ВПС РБ маглі цалкам заляцець на тэрыторыю Польшчы, аднак усё паказвае на тое, што гэта было зроблена выпадкова».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG