2 жніўня ў Варшаве з спазьненьнем на 2 гадзіны пачаліся слуханьні прадстаўнікоў Абʼяднанага пераходнага кабінэту Каардынацыйнай радай.
Сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў паведаміў, што Рада плянуе выслухаць справаздачы прадстаўнікоў Кабінэту (не даўжэйшыя за 15 хвілін) і абмеркаваць, наколькі іхная дзейнасьць была пасьпяховай, а таксама даць рэкамэндацыі.
Пасьля ўступнай прамовы Ягораў прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць загінулых беларусаў, якія змагаліся за свабоду Ўкраіны.
Першай выступіла прадстаўніца ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык.
«Мы зробім усё, каб падобныя слуханьні адбыліся ў сапраўдным дэмакратычным парлямэнце. Зьмена рэжыму — гэта супольная задача для Кабінэту, гэта і мая асабістая мэта. Мэта, дзеля якой стварыўся Кабінэт і дзеля якой змагаецца беларускі народ каля 150 гадоў», — сказала на пачатку свайго выступу Аліна Коўшык.
«Галоўная задача, якую я паставіла, калі прыйшла ў Кабінэт, — стварэньне стратэгіі нацыянальнага адраджэньня, а таксама ўзьняцьце культуры мовы і гістарычнай памяці на самы высокі ўзровень», — заявіла Коўшык.
Яна расказала, сярод іншага, пра шэраг арганізацыяў, замежныя дзяржаўныя ўстановы, зь якімі Кабінэт навязаў супрацу ў сфэры культуры для абмену інфармацыяй, каардынацыі дзеяньняў і стварэньня новых праектаў.
Пасьля прамовы Коўшык да яе зьвярнуліся з пытаньнямі. Адно зь іх тычылася магчымых паразуменьняў Кабінэту з урадавымі структурамі Ўкраіны.
«Мы выбудоўваем адносіны, якія азмрочаныя дыктатурай у Беларусі». — заявіла Коўшык. Яна ўдакладніла, што за час працы ў Кабінэце яна 3 разы езьдзіла ва Ўкраіну зь візытамі.
«Кантакты [зь дзяржаўнымі арганізацыямі Ўкраіны] ёсьць», — заявіла Аліна Коўшык і пералічыла структуры, зь якімі ўтрымлівае кантакт.
Андрэй Ягораў спытаў, ці ня лічыць Кабінэт працу па выдачы шэрагу ўзнагарод людзям, якія змагаюцца за волю Беларусі і Ўкраіны, пра якую казала Коўшык у справаздачы, заўчаснай, бо прадстаўнікі дэмакратычнага руху не зьяўляюцца дзяржавай.
«Я не пагаджуся з такім сьцьвярджэньнем. Мандат Ціханоўскай прызнаецца на міжнародным узроўні, — адказала Коўшык. — Зараз вельмі важна ўзнагароджваць нашых герояў. Але і такія прэцэдэнты, калі людзі, якія ня маюць легітымнасьці, выдавалі ўзнагароды, у гісторыі ёсьць».
Вольга Кавалькова пацікавілася: ці адчуваюць прадстаўнікі Кабінэту сябе ўладай?
Коўшык адказала: «Мы лічым сябе органам выканаўчай улады. І намагаемся, каб нашая дзейнасьць прытрымлівалася гэтага альгарытму».
Што ўжо зроблена, паводле Аліны Коўшык
Аліна Коўшык падсумавала працу свайго прадстаўніцтва Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня.
- Фіналізуецца падрыхтоўка стратэгіі нацыянальнага адраджэньня Беларусі і дарожная мапа па яе рэалізацыі;
- Наладжанае супрацоўніцтва з парлямэнтамі і профільнымі міністэрствамі розных краін, зьдзейсьнена больш за 20 замежных працоўных візытаў;
- Захавана прызнаньне беларускіх дыплёмаў у Польшчы, нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі ў аднабаковым парадку разарваў адпаведнае пагадненьне;
- Ідзе праца па стварэньні сеткі беларускіх суботніх школак у Польшчы і па захаваньні беларускіх ліцэяў на Падляшшы;
- Падтрыманае стварэньне сеткі рэалізацыі беларускіх кніг за мяжой, пашырэньня даступнасьці беларускай кнігі ў электронным і папяровым выглядзе;
- Ініцыявана абвяшчэньне 2023 году Годам беларускай мовы, а справаводзтва і камунікацыя Кабінэта пераведзеныя на беларускую мову.
Што сказаў Валер Сахашчык
Таксама перад дэлегатамі Каардынацыйнай рады выступіў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык. Ён расказаў пра стварэньне ваенна-палітычнай арганізацыі «Дэпартамэнт нацыянальнай бясьпекі».
Паводле Сахашчыка, удалося прыцягнуць у каманду «шэраг высокаклясных спэцыялістаў зь сілавога блёку Беларусі, прафэсіяналаў у сфэры сучасных тэхналёгіяў, камунікацыяў, зьнешняй палітыкі, сфармаваць і забясьпечыць дзейнасьць асобнай дэсантна-штурмавой роты ў складзе 79-ай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Ўзброеных сіл Украіны», якую Сахашчык назваў базай для новага «беларускага спэцназу».
«Узброеныя падразьдзяленьні ва Ўкраіне я разглядаю як аснову стварэньня беларускіх Узброеных сілаў і фактар, які будзе выкарыстаны ў дэакупацыі. Калі расейцы ня сыдуць з нашай зямлі добраахвотна — мы ім у гэтым дапаможам», — сказаў Валер Сахашчык.
Разам з гэтым ён адзначыў, што лічыць утапічным плян вайсковага вызваленьня Беларусі і падкрэсьліў неабходнасьць стварэньня ўмоваў для агульнаграмадзкага дыялёгу і зьмены ўлады мірным шляхам.
Ён заявіў, што цяпер штаб арганізацыі «ўкамплектаваны высокакляснымі спэцыялістамі», сярод іх — прадстаўнікі спэцслужбаў Беларусі, спэцпадразьдзяленьняў Узброеных сіл, органаў ваеннага кіраваньня, «больш за тое — мы маем жадаючых далучыцца да нас афіцэраў больш, чым дазваляе наш бюджэт».
Валер Сахашчык паведаміў, што яму і яго калегам удаецца падтрымліваць кантакт зь некаторымі беларускімі сілавікамі, а таксама праводзіць інфармацыйна-асьветніцкую працу ў шэрагах Узброеных сіл Беларусі — праз сацыяльныя сеткі, на ўзроўні асабістых кантактаў і «дружалюбных арганізацый».
У Беларусі пад кіраўніцтвам Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі, паводле Сахашчыка, вядзецца выведвальная праца, адсочваецца сытуацыя з расейскай ядзернай зброяй, ПВК «Вагнэр» і «іншымі пагрозамі незалежнасьці».
Таксама ДНБ падрыхтаваў шэраг дакумэнтаў, у прыватнасьці праект дактрыны нацыянальнай бясьпекі.
З Украінай вядзецца абмен аналітыкай, наладжанае супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сфэры, зазначыў прадстаўнік АПК. Адна з задач такой работы — зьніжэньне стратаў сярод беларусаў, якія ваююць у складзе УСУ, за кошт сучасных сродкаў выведкі і іншых рэсурсаў. Пры падтрымцы УСУ створана беларускае ІТ-падразьдзяленьне, колькасьць якога набліжаецца да тысячы чалавек, паведаміў Сахашчык.
Паводле яго, рэалізацыі ініцыятываў напрамку, які ён курыруе ў АПК, перашкаджае недахоп фінансаваньня. ДНБ на працягу амаль года «вырашаў пытаньні за кошт уласных сродкаў, не атрымаў ні фінансавай, ні тэхнічнай дапамогі».
Валер Сахашчык сказаў дэлегатам, што гатовы да працягу працы на сваёй пасадзе, але ў выпадку нязгоды з гэтым Каардынацыйнай рады спрачацца ня будзе і пасаду вызваліць.
Чаму Азараў і Латушка не прыйшлі
Слуханьні затрымаліся, бо не было Паўла Латушкі і Аляксандра Азарава. Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў транзыце ўлады і аднаўленьні законнасьці і правапарадку не змаглі агучыць свае справаздачы з прычыны незаплянававанай паездкі ў Кіеў.
«З улікам важнасьці надзяленьня ўсіх прадстаўнікоў роўнымі магчымасьцямі і таго, што слуханьні паводле задумы не прадугледжваюць дыстанцыйнага фармату ўдзелу, аргкамітэт слуханьняў Каардынацыйнай рады прыняў рашэньне аб арганізацыі дадатковага дня слуханьняў для Паўла Латушкі і Аляксандра Азарава ў зручны для іх дзень», — гаворыцца ў паведамленьні Каардынацыйнай рады.
Рада накіруе ў АПК ліст, у якім Паўла Латушку і Аляксандра Азарава папросяць вызначыць зручную дату для офлайн-слуханьняў у Варшаве.
Каго зьбіраюцца выслухаць
Чакаецца, што Вольга Кавалькова прыме справаздачу прадстаўніка АПК у пытаньнях транзытнага пэрыяду Паўла Латушкі.
Павал Патапаў — кіраўнік працоўнай групы КР у слуханьнях прадстаўніка ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валера Сахашчыка.
Паліна Бродзік прыме справаздачу прадстаўніка ў пытаньнях замежнай палітыкі Валера Кавалеўскага.
Аляксандар Паршанкоў — кіраўнік працоўнай групы КР у слуханьнях прадстаўніцы ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліны Коўшык.
Алена Жываглод — кіраўніца працоўнай групы КР у слуханьнях прадстаўніцы ў сацыяльных пытаньнях Вольгі Гарбуновай.
Арцём Лядоўскі прыме справаздачу прадстаўніка АПК у аднаўленьні законнасьці і правапарадку Аляксандра Азарава.
Паводле Каардынацыйнай рады, слуханьні — дэмакратычны працэс грамадзкага кантролю дзейнасьці выканаўчай улады прадстаўнічым органам. У працоўных групах абяцаюць сабраць экспэртаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці і паважаных сяброў Каардынацыйнай рады. Разам яны маюць ацаніць сытуацыю і выпрацаваць канструктыўныя рашэньні наконт працягу дзейнасьці кожнага з прадстаўнікоў Кабінэту. Слуханьні праходзяць у Варшаве 2 і 3 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы Беларусі сустрэнуцца, каб абмеркаваць «посьпехі і няўдачы». Запрашаюць жадаючыхШто такое Каардынацыйная рада
Каардынацыйная рада створаная ў Менску ў 2020 годзе. Мэтай арганізацыі было пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі і абарона яе сувэрэнітэту і незалежнасьці. Арганізацыя цярпела ад перасьледу ўладаў. Частка людзей, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі, частка выехала за мяжу, яшчэ частка спыніла палітычную дзейнасьць.
9 жніўня 2022 году было прынята рашэньне аб рэарганізацыі Каардынацыйнай рады. Асноўнай яе задачай пасьля рэструктурызацыі называлася распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі».
На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «Новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і іншых арганізацыяў.
Другое скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023 г.) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР першага скліканьня (19 жніўня 2020 г.), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
Тэрмін паўнамоцтваў другога скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
Заяўлена, што дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць абіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Офісе Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэце і НАУ адкрылі прыём заявак на вакансіі. Каго шукаюцьШто такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.