Інфармацыя пра гэта зьявілася на рэсурсах ініцыятывы «Кадравы рэзэрв для Новай Беларусі».
Кожны, хто запоўніў анкету на сайце і пасьпяхова прайшоў першапачатковы адбор, мае магчымасьць прэтэндаваць на любую зь дзесяці вакансій у выканаўчых структурах дэмакратычных сіл, гаворыцца ў паведамленьні. Дэдлайн падачы заявак — 23 ліпеня.
Самі вакансіі ў паведамленьні не агучылі, але выданьне «Зеркало» даведалася, якіх спэцыялістаў шукаюць:
- У «Народным антыкрызісным упраўленьні» шукаюць капірайтара ў мэдыя-каманду пасьля сыходу папярэдняга супрацоўніка.
- У Абʼяднаным пераходным кабінэце шукаюць кіраўніка апарату і, чакана, прадстаўніка па эканоміцы, чыя пасада пустуе зь лістапада 2022 году.
- У Офісе Ціханоўскай выданьню не змаглі даць апэратыўны камэнтар, але, мяркуючы па рассылцы, якую атрымліваюць удзельнікі ініцыятывы «Кадравы рэзэрв для Новай Беларусі», у Офісе сем вакансій — яны тычацца сацыяльных сетак, капірайтынгу, HR, мэнэджмэнту, вядзеньня кампаній.
На 6 жніўня дэмакратычныя сілы анансавалі другую канфэрэнцыю «Новая Беларусь». Яе правядуць Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Абʼяднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада. На мінулай такой сустрэчы прынялі чатыры дакумэнты аб прынцыпах дзейнасьці дэмакратычных сілаў і стварылі Абʼяднаны пераходны кабінэт.