Заснавальнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі заявіў пра гэта ў аўдыёзапісе, які апублікаваў 31 ліпеня зьвязаны зь яго кампаніяй тэлеграм-канал.
Яўгеній Прыгожын заявіў, што цяпер час адкрыцьця цэнтраў вэрбаваньня ў ПВК ня вызначаны.
«Каб не было сакрэтаў і закулісных размоваў, я паведамляю — група „Вагнэр“ працягвае сваю дзейнасьць у Афрыцы, а таксама ў падрыхтоўчых цэнтрах у Беларусі», — сказаў Прыгожын.
Ён адзначыў, што «контур» задач ПВК «Вагнэр» яшчэ ня вызначаны, але «ўсё больш і больш выразна прарысоўваецца», а таксама падкрэсьліў, што большая частка яго наймітаў «у адпачынку».
«Ні я, ні рада камандзіраў ня ставілі ніякіх абмежаваньняў аб пераходзе нашых былых і цяперашніх баявых таварышаў у іншыя сілавыя структуры Расейскай Фэдэрацыі. На жаль, нямногія пагадзіліся перайсьці з групы „Вагнэр“», — заявіў Прыгожын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вагнэраўцы» пачалі трэніраваць у Беларусі мэханізаваныя брыгады- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 13 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
- Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ППК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай».