Інструктары ПВК «Вагнэр» пачалі трэніраваць падразьдзяленьні мэханізаваных брыгад у Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал беларускага Міністэрства абароны.
«Праводзяцца трэніроўкі па зладжваньні аддзяленьняў, узводаў, рот з улікам вопыту адмыслоўцаў ПВК».
«Упор робіцца на вядзеньне баявых дзеяньняў у сучасных умовах, адпрацоўваюцца элемэнты актыўнай абароны, а таксама пытаньні забесьпячэньня жывучасьці на полі бою з улікам актыўнага прымяненьня беспілётнай авіяцыі», – паведамляе Мінабароны.
Раней «вагнэраўцы» праводзілі заняткі з тэрытарыяльнымі войскамі, сіламі спэцапэрацый Узброеных сіл, унутранымі войскамі. Паведамляецца, што «атрымаць майстар-кляс ад вопытных байцоў плянуюць усе сілавыя структуры краіны».
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 13 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
- Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ППК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай».