Эўразьвяз спыняе фінансавую падтрымку Нігера пасьля ваеннага перавароту, які здарыўся там на мінулым тыдні, заявіў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль і падкрэсьліў, што Брусэль не прызнае самаабвешчаную новую ўладу Нігера і па-ранейшаму лічыць законным прэзыдэнтам краіны дэмакратычна абранага Махамеда Базума.
Францыя, калёніяй якой Нігер зьяўляўся да здабыцьця незалежнасьці, асобна заявіла, што прыпыняе наданьне Нігеру дапамогі. Аб’ём францускіх грошай, якія накіроўвалі на праекты разьвіцьця краіны, складаў 120 мільёнаў эўра ў 2022 годзе і, як чакалася, мусіў быць падвышаны ў 2023 годзе, паведамляе агенцтва Reuters.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен таксама заявіў, што Амэрыка разглядае варыянты скарачэньня эканамічнага партнэрства зь Нігерам. Блінкен адзначыў, што размаўляў з Махамедам Базумам 29 ліпеня, але не прывёў падрабязнасьцяў і не ўдакладніў, якім чынам зьвязаўся з палітыкам.
Выданьне The New York Times, прааналізаваўшы падзеі ў Нігеры, лічыць, што ваенны пераварот, які адбыўся ў краіне, стаў лягічным завяршэньнем цэлага ланцужка падобных падзеяў у Афрыцы ад Гвінеі да Судана, калі ваенныя хунты зрынаюць законна абраную ўладу. Дэстабілізацыя палітычнай абстаноўкі ў афрыканскіх краінах не адпавядае інтарэсам Захаду ў тым ліку таму, што Афрыка зьяўляецца і зонай інтарэсаў Расеі.
У многіх афрыканскіх краінах (Малі, ЦАР, Буркіна-Фасо і іншых) адзначаная афіцыйная або неафіцыйная прысутнасьць расейскіх узброеных груповак, у тым ліку ПВК «Вагнэр», якія надаюць паслугі па падтрыманьні бясьпекі ўрадаў гэтых краін у абмен на кантроль за здабычай прыродных рэсурсаў, лічыць The New York Times.
На думку аналітыкаў, Крэмль не зьяўляецца прамым ініцыятарам ваенных пераваротаў, аднак хунты, якія прыходзяць да ўлады ў афрыканскіх краінах, выказваюцца на карысьць супрацоўніцтва з Расеяй, а ня з Захадам і асабліва не з былой метраполіяй Францыяй. На фатаздымках, апублікаваных NYT, мяцежнікі ў Нігеры размахваюць расейскімі сьцягамі.
Ваенны пераварот у Нігеры пачаўся 26 ліпеня. Прэзыдэнцкая гвардыя пад кіраўніцтвам яе кіраўніка генэрала Амара (Абдурахмана) Чыяні заблякавала прэзыдэнта Махамеда Базума ў ягонай рэзыдэнцыі, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Чыяні абвясьціў сябе новым прэзыдэнтам.
У многіх краінах Афрыкі пачынаючы з 2014 года прысутнічалі ўзброеныя групоўкі расейскай ПВК «Вагнэр». Паступалі паведамленьні, што ў абмен на гарантаваньне бясьпекі мясцовых уладаў структуры Яўгена Прыгожына атрымліваюць кантроль над здабычай золата і іншых карысных выкапняў у Афрыцы. Пасьля чэрвеньскага мецяжу ПВК «Вагнэр» у Расеі ўлады ЦАР заявілі, што нават у выпадку вываду «вагнэраўцаў» з краіны ім па-ранейшаму будзе неабходна расейская ваенная прысутнасьць.