Многія беларускія айцішнікі, якія пераехалі ў Польшчу па візе Poland Business Harbour, але ня маюць віду на жыхарства, трапілі ў «легалізацыйную пастку»: пасьля адмены антыкаранавірусных мераў у Польшчы, падчас якіх дзеяньне візаў аўтаматычна падаўжалі, яны сталі губляць магчымасьць законна працаваць у краіне.
Улады Польшчы пайшлі насустрач такім спэцыялістам і дазволілі легальна працаваць у якасьці індывідуальнага прадпрымальніка пасьля заканчэньня візы Poland Business Harbour, калі да гэтага беларус падаў дакумэнты на атрыманьне дазволу на жыхарства і яшчэ не атрымаў яго, вынікае з інфармацыі, апублікаванай на сайце канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы.
У адпаведнасьці з польскім заканадаўствам грамадзяне краінаў, што не ўваходзяць у ЭЗ, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі праграм падтрымкі замежнікаў у ажыцьцяўленьні эканамічнай дзейнасьці на тэрыторыі Польшчы, могуць ажыцьцяўляць яе на тых жа ўмовах, што і польскія грамадзяне. Poland Business Harbour ад пачатку лічылася такой праграмай, але заставалася пытаньне, ці лічыцца замежны грамадзянін яе ўдзельнікам пасьля таго, як віза PBH скончыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BEROC: За два апошнія гады толькі ў Польшчу зь Беларусі выехала да 111,5 тысячы чалавекУ апублікаванай 27 ліпеня інфармацыі гаворыцца, што ўдзельнікамі праграмы падтрымкі іншаземцаў у Польшчы зьяўляюцца:
- замежнікі, які маюць візу Poland Business Harbour на працягу тэрміну яе дзеяньня;
- а таксама замежнікі, які на працягу тэрміну дзеяньня візы Poland Business Harbour падалі заяву на атрыманьне дазволу на жыхарства, што дае права на занятак і ажыцьцяўленьне эканамічнай дзейнасьці, — да атрыманьня канчатковага рашэньня аб выдачы дазволу на жыхарства (у такім выпадку беларус можа працягваць легальна працаваць як ІП у Польшчы пасьля заканчэньня візы PBH).
Праз скасаваньне эпідэмічнага рэжыму ў Польшчы з 1 ліпеня некаторыя беларусы і беларускі сутыкнуліся з праблемай: у іх засталося каля 30 дзён, каб атрымаць легалізацыю, калі яны знаходзіліся ў Польшчы на падставе дакумэнтаў, падоўжаных праз эпідэмічны рэжым.
Цяпер беларусы могуць легалізавацца ў Польшчы праз атрыманьне дазволу на жыхарства ці праз хадайніцтва аб атрыманьні міжнароднай абароны. Атрымаць нацыянальную візу па гуманітарных абставінах на тэрыторыі Польшчы ўжо немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За краты дзеля новай візы ня надта хочацца». Гісторыі беларусаў, якія падпалі пад папраўкі ў польскім заканадаўстве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы пасьля заканчэньня пандэміі вяртаюць ранейшыя нормы легалізацыі для іншаземцаў. Што гэта азначае для беларусаў