Да таргоў дапусьцілі дваіх удзельнікаў, якія некалькі разоў перабівалі стаўкі адзін аднаго. У выніку кватэру прадалі даражэй за першапачатковы кошт, заўважыла «Зеркало».
Падчас таргоў удзельнікі некалькі разоў перабівалі стаўкі адна адной, а аўкцыён увесь час працягвалі. Ён працягваўся 13 гадзінаў. У выніку кошт кватэры перавысіў 203 тысячы рублёў.
У пачатку ліпеня стала вядома, што на продаж праз аўкцыён трэці раз выставілі трохпакаёвую кватэру Ціханоўскіх на праспэкце Незалежнасьці 137/2 у Менску. На гэты раз яе цану зьнізілі: калі раней пачатковую цану кватэры на таргах была 214,9 тысячы беларускіх рублёў, то зараз — 171,9 тысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштавалі менскую кватэру ЦіханоўскіхЯк паведамлялі на сайце аўкцыёнаў, у кватэры, выстаўленай на продаж, зарэгістраваныя жыхары, у тым ліку непаўнагадовыя дзеці. Плошча кватэры — 66 м², прадавалася яна разам з убудаванай кухняй і шафай-купэ.
На гэты раз судовыя выканаўцы ў аб’яве разьмясьцілі відэа, на якім адлюстраваны стан кватэры. Пры гэтым лот разьмясьцілі ў адным з самых заўважных месцаў на тытульнай старонцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 18 гадоў зьняволеньня. У закрытым судзе вынесьлі выракі Лосіку, Папову, Сакаву, Статкевічу, Ціханоўскаму і Цыгановічу. ФОТА і ВІДЭА- Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни», ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па Беларусі і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.
- Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі і асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня. У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
- У лютым 2023 году Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі дадатковыя паўтара года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».
- Лідэрку дэмакратычных сілаў Сьвятлану Ціханоўскую ў сакавіку 2023 году ў Беларусі завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Яе абвінавачвалі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: здрада дзяржаве, масавыя беспарадкі, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньне варожасьці, змова з мэтай захапіць уладу, заклікі да санкцый.