СМІ: Найміты ПВК «Вагнэра», якія прыехалі ў Беларусь, атрымалі адпачынкі і масава вяртаюцца дадому

Ілюстрацыйнае фота. Намётавы лягер пад Асіповічамі, дзе разьмясьцілі наймітаў ПВК «Вагнэра», 7 ліпеня 2023 году

Вагнэраўцы, якія зьехалі ў Беларусь усьлед за кіраўніком ПВК «Вагнэра» Яўгеніем Прыгожыным, масава сыходзяць у адпачынкі, высьветліла выданьне «Можем объяснить», вывучыўшы чаты іх сваякоў.

З пачатку гэтага тыдня ў чатах ПВК абмяркоўваюць набыцьцё білетаў у Расею і дэталі вяртаньня, піша выданьне.

Як паведамляюць каардынатары чатаў, распусьцілі кожную другую брыгаду ПВК «Вагнэра». У лягеры застаюцца толькі самыя дасьведчаныя — тыя, хто будзе заняты вайсковай падрыхтоўкай на беларускіх палігонах і адправіцца ў Сырыю і Афрыку.

Сваякі вагнэраўцаў у чатах абмяркоўваюць, што найміты ў Беларусі жывуць у выдатных умовах, іх кормяць смачна і некалькі разоў на дзень. «Яны тушонкі зьелі больш, чым за ўсё жыцьцё», — іранізуюць у чатах. Акрамя таго, у адрозьненьне ад базы ля хутара Молькіна ў Краснадарскім краі (гэта асноўная база ПВК «Вагнэр» у Расеі), у беларускі лягер могуць прыяжджаць жонкі наймітаў, піша выданьне на падставе інфармацыі з чатаў вагнэраўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня менш за 750 адзінак тэхнікі знаходзіцца ў лягеры вагнэраўцаў каля Асіповічаў. ФОТА
  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня. 25 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў Беларусь прыехала ўжо 11-я калёна вагнераўцаў, упершыню ў складзе калёны была і бранятэхніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны расьсьледніцкі праект расказаў, хто ачоліў «Вагнэр» у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Афіцыйна база там не адкрытая, набору няма». Што расказаў вярбоўшчык «Вагнэра» пра базу ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вагнэраўцы пачалі падрыхтоўку сапэраў, хімікаў, а таксама байцоў унутраных войскаў Беларусі