Ня менш за 750 адзінак тэхнікі знаходзіцца ў лягеры вагнэраўцаў каля Асіповічаў. ФОТА

Фота сэрвісу Planet Labs

Спадарожнікавы здымак, зроблены 25 ліпеня сэрвісам Planet Labs у 8:12 раніцы паводле беларускага часу, паказвае каля 750 адзінак тэхнікі ў лягеры «Вагнэра» ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. Менавіта туды, хутчэй за ўсё, накіроўваліся найміты прыватнай вайсковай кампаніі Яўгенія Прыгожына, пачынаючы прыкладна з 15 ліпеня 2023 году.

Наколькі дазваляе разгледзець якасьць спадарожнікавага здымка, можна сказаць, што аб’ектаў, падобных да транспартных сродкаў, усяго 754. Калі сярод іх і ёсьць цяжкая вайсковая тэхніка, то яе колькасьць мінімальная.

Параўнаньне колькасьці тэхнікі ў лягеры вагнэраўцаў. Зьлева — 10 ліпеня 2023 году, справа — 25 ліпеня 2023 году.

На тэрыторыі лягера Свабода зафіксавала як мінімум:

  • 62 тэнтаваныя фуры;
  • 534 машын, па габарытах падобных да пікапаў УАЗ, грузавікоў-фургонаў, мікрааўтобусаў УАЗ (так званых «буханак»), мікрааўтобусаў тыпу «Газэль», УАЗ «Патрыёт», легкавых аўтамашын;
  • 33 аўтобусы розных мадыфікацый;
  • 99 грузавыя машыны рознай мадыфікацыі, у тым ліку прысутнічаюць плятформы з тэхнікай на ёй, у асноўным, падобна, будаўнічай;
  • 26 грузавых машынаў ці транспартных сродкаў, памерам падобных на іх, якія маюць вайсковую расфарбоўку. Гэта могуць быць «Уралы», «КамАЗы» ці таксама бронеаўтамабілі, пра якія напрыклад ўчора паведамляла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Зь мінулага нашага падліку ад 19 ліпеня можна сказаць, што колькасьць тэхнікі павялічылася прыкладна на 269 адзінак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі лягера пад Асіповічамі — каля паўтысячы адзінак тэхнікі. Схема

Агулам вонкавы выгляд, колеры, а таксама тып транспартных сродкаў вельмі падобныя да тых, што назіраліся апошнімі днямі на відэа калён з тэхнікай, заўважаных на трасе M5 Гомель — Менск каля Асіповічаў. Свабода раней прааналізавала два відэа з выкладзеных на тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга». Адно зь відэа магло быць зьнятае на трасе каля Асіповічаў і вёскі Камарын, а другое — на бабруйскай аб’язной трасе, калі калёна перасякала раку Бярэзіну. Абодва разы машыны рухаліся ў кірунку, які супадае з разьмяшчэньнем лягера.

Згодна з дадзенымі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», якая сочыць за вайсковай актыўнасьцю ў краіне, агулам з 15 ліпеня ў Беларусь прыбыло каля 11 калён з тэхнікай, якая можа належыць вайскоўцам «Вагнэра». Апошняя зь іх прыбыла ўчора ўвечары. Агулам праект налічыў каля 829 адзінак транспартных сродкаў, якія прыехалі ў краіну.

Нагадаем, што актыўнасьць у закінутым вайсковым гарадку ў вёсцы Цэль пачалася адразу пасьля мяцяжу ПВК «Вагнэр» на чале зь Яўгеніем Прыгожыным. Мяцеж адбыўся 24 чэрвеня 2023 году ў Расеі. Паводле вэрсіі Аляксандра Лукашэнкі, гэта ён здолеў дасягнуць кампрамісу паміж расейскімі ўладамі і Прыгожыным і запрасіў наймітаў «Вагнэра» ў Беларусь. 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, як плянуецца, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.

Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта відаць на спадарожнікавым здымку, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты. Пасьля гэтага больш за два тыдні ў лягеры з 300 намётамі ніякай актыўнасьці не назіралася.

Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявілася 14 ліпеня ад Мінабароны Беларусі. 25 ліпеня Мінабароны Беларусі паведаміла, што часткі і падразьдзяленьні Ўзброеных сіл краіны працягваюць праводзіць сумесныя заняткі з удзелам інструктараў кампаніі «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі ўпершыню расказалі пра загадкавы лягер пад Асіповічамі, дзе чакаюць вагнэраўцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікавы здымак, падобна, зафіксаваў прыезд наймітаў «Вагнэра» ў лягер пад вёскай Цэль