Колішні банк «кашалька Лукашэнкі» вырашылі канчаткова закрыць

Беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Архіўнае фота

Акцыянэры вырашылі закрыць крэдытна-фінансавую арганізацыю «ОпціКурс», якая ўзьнікла трохі больш за год таму на месцы «Абсалютбанка», што трапіў пад амэрыканскія санкцыі як актыў бізнэсоўца Мікалая Вараб’я — «энэргетычнага кашалька» Лукашэнкі.

24 ліпеня адбыўся пазачарговы сход акцыянэраў нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі (НКФА) «ОпціКурс», паведамляе «Белсат». Сход правялі з ініцыятывы Рады назіральнікаў на падставе рашэньня Нацбанку РБ. На сходзе прынялі рашэньне аб ліквідацыі НКФА і аб спыненьні банкаўскай дзейнасьці.

На сайце арганізацыі афіцыйная інфармацыя на момант падрыхтоўкі матэрыялу апублікаваная не была, аднак зьвесткі аб прынятым рашэньні ў кантакт-цэнтры ўстановы пацьвердзілі выданьню «Зеркало».

Па пытаньнях пагашэньня крэдытаў і выкананьня іншых узаемных абавязаньняў кліентам «ОпціКурс» раяць камунікаваць з новым уласьнікам, але хто ён — пакуль невядома.

Правядзеньню сходу акцыянэраў папярэднічала заява ад 5 ліпеня 2023 году, у якой «ОпціКурс» паведаміла, што з гэтай даты пагашэньне раней выдадзеных крэдытаў можна зрабіць толькі праз АРІП, аддзяленьні «Белпошты» ці безнаяўным плацяжом празь іншыя банкі. Таксама абвяшчалася аб прыпыненьні працы разьлікова-касавага цэнтру на праспэкце Незалежнасьці, 95 у Менску (былы галоўны офіс «Абсалютбанку»).

5 ліпеня 2022 году «Абсалютбанк» абвясьціў аб зьмене назвы на «ОпціКурс» і пераўтварэньні з банку ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю з магчымасьцю аказаньня некаторых банкаўскіх паслугаў.

З публікацыяў на сайце арганізацыі заўважна, што цягам году пасьля стварэньня НКФА адбылося паступовае закрыцьцё ўсіх яе аддзяленьняў, скараціўся да мінімуму і сьпіс апэрацыяў, дасяжных для кліентаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ ў Кіеве: набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Варабей мае і ўкраінскі пашпарт. СБУ адказала на запыт Свабоды

Фінал «Абсалютбанку» пачаўся 9 жніўня 2021 году, калі ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да кампаній Мікалая Варабʼя, Аляксея Алексіна, Нябойшы Карыча. У тлумачальнай запісцы да санкцыйнага сьпісу гэтых бізнэсоўцаў называюць «кашалькамі Лукашэнкі» — энэргетычным, тытунёвым і будаўнічым, адпаведна. Санкцыі былі ўведзеныя ў дачыненьні да кампаній, зьвязаных з «кашалькамі», сярод якіх — «Абсалютбанк», «Энерга-Оіл» (сетка крамаў «Табакерка»), «Дана Холдынгс» і іншыя.

Ужо праз 10 дзён пасьля ўвядзеньня санкцыяў «Абсалютбанк» спыніў апэрацыі ў валюце.

Санкцыі да кампаніяў Варабʼя і іншых «кашалькоў» былі ўведзеныя за падтрымку рэжыму, які ўчыніў жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 году. Санкцыям супраць кампаніяў папярэднічалі пэрсанальныя санкцыі, уведзеныя супраць лукашэнкаўскіх алігархаў у сьнежні 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім у Эўропе сябруе набліжаны да Лукашэнкі алігарх Верабей і што яго сям’я захавала, нягледзячы на санкцыі — матэрыялы расьсьледаваньня

Пасьля сьнежаньскіх санкцыяў 2020 году Мікалай Варабей, як і іншыя паплечнікі Лукашэнкі, вырашыў вывесьці свае актывы з-пад санкцыйнага ціску, проста перапісаўшы іх на іншых асобаў. Так, Верабей напрыканцы 2020 года перапісаў свой базавы актыў — «Чырвоны Бор» — на Алесю Беражную, Вячаслава Атрахімовіча ды Ірыну Панкратаву.

Беражная і Атрахімовіч — топ-менэджары алігарха, займалі тады пасады дырэктаркі і галоўнага бухгальтара кампаніі «Інтэрсэрвіс». Панкратава на пачатку 2010-х была індывідуальнай прадпрымальніцай у Наваполацку.

Аднак схема зь перапісваньнем актываў перастала працаваць летам 2021 году, калі Эўразьвяз і ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць канкрэтных кампаніяў Вараб’я. Праз два гады банк паплечніка Лукашэнкі фактычна перастаў існаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абыходзіць санкцыі набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу дапамагае ксёндз, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як украінская кампанія беларускага мільянэра Машэнскага судзіцца ва ўмовах вайны за свае арыштаваныя актывы