Палітвязьню Прапольскаму да 8 гадоў дадалі яшчэ паўтара за тое, што «ляжаў на падлозе ШЫЗА». Больш за месяц ад яго няма вестак

Палітвязень Яўген Прапольскі

Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», у судзе Бабруйскага раёну і Бабруйску 3 траўня 2023 году па новай крымінальнай справе асудзілі палітвязьня, 28-гадовага Яўгена Прапольскага.

Судзьдзя Павел Карцінін прызнаў палітвязьня вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі) і прызначыў яму ў дадатак да васьмі гадоў калёніі яшчэ паўтара года зьняволеньня.

Напрыканцы траўня яго этапавалі ў мазырскую калёнію № 20, але з 14 чэрвеня ад яго не было яшчэ ніводнай весткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам ня ўсё адно!». 29 ліпеня пройдзе 12-гадзінны онлайн-маратон салідарнасьці з палітвязьнямі

Яўгена затрымалі 29 верасьня 2020 году. Дзяржаўнае тэлебачаньне паказала яго ў сваім роліку «МУС Беларусі ідэнтыфікуе адміністратараў „ананімных“ чатаў і ўдзельнікаў пратэстаў». 19 ліпеня 2021 году палітвязьня асудзілі на 8 гадоў калёніі па справе «ўдзельнікаў чата».

На судзе палітзьняволены расказаў пра катаваньні:

«Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнаньне... Мне пагражалі, катавалі — білі электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік «чату радыкальнай скіраванасьці» ўцёк зь Беларусі і расказаў, як здымаўся у пакаяльным відэа

Тэрмін Прапольскага накіравалі адбываць у бабруйскую калёнію № 2. Вядома, што ад самага пачатку адміністрацыя калёніі ціснула на яго. Па інфармацыі праваабаронцаў, ён правёў ня менш за 130 сутак у штрафным ізалятары, а таксама на тры месяцы яго адпраўлялі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Акрамя гэтага, з ініцыятывы адміністрацыі калёніі супраць Прапольскага ўзбудзілі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

Паводле матэрыялаў справы, спагнаньні былі выпісаныя за тое, што Яўген «ляжаў на падлозе ШЫЗА»; «у катэгарычнай форме адмовіўся ад прыбіраньня калідора інтэрната атрада, жылой сэкцыі, лякальнай пляцоўкі»; «адмовіўся заняць адведзенае яму спальнае месца ў жылой сэкцыі»; «не прывітаўся пры сустрэчы з прадстаўніком адміністрацыі ўстановы».

Суд над Яўгенам праходзіў на выязным пасяджэньні ў бабруйскай калёніі. Прапольскі на судзе сваю віну не прызнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 19 чалавек. Цяпер такіх у Беларусі 121