Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі, назваў арыштаванага «за экстрэмізм» былога кіраўніка сэпаратыстаў на Данбасе Ігара Стралкова-Гіркіна палітычным вязьнем.
«Да таго часу, пакуль ён застаецца пад вартай па гэтым недарэчным і відавочна палітычна матываваным абвінавачаньні, ён зьяўляецца палітычным зьняволеным», — адзначаецца на афіцыйным тэлеграм-канале Аляксея Навальнага.
Апазыцыйны палітык мяркуе, што Гіркіна крытыкуюць прадстаўнікі правых сілаў.
«Ён ганіў людаедаў за іх недастатковы апэтыт. І даваў парады, як спрытней есьці людзей. І як правільней весьці незаконную, агрэсіўную і дурную вайну. Аднак незалежна ад поглядаў Стралкова мы павінны стаяць на пазыцыях закону і справядлівасьці. Чалавека можна судзіць толькі за тое злачынства, якое ён учыніў. Злараднічаць аб тым, што Стралкоў стаў ахвярай сваёй уласнай улады, азначае публічна падтрымліваць беззаконьне», — перакананы Навальны.
Навальны, які сам зьняволены з палітычных матываў, нагадаў, што суд у Нідэрляндах асудзіў Ігара Гіркіна за зьбіты над тэрыторыяй Украіны самалёт МН-17, але лічыць, што расьсьледаваньне гэтай справы павінна адбывацца ў Расеі.
«Сам Стралкоў не адмаўляе свайго ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне ў нявызначаным статусе. Усё гэта павінна быць расьсьледавана і атрымаць справядлівую ацэнку суду. Але цяпер Стралкоў арыштаваны не па абвінавачаньні ў сапраўдным злачынстве, а па фіктыўнай і сфабрыкаванай справе аб экстрэмізьме. Кажучы проста — за крытыку ўлады. А канкрэтна — Шайгу і Пуціна», — сказана ў паведамленьні Аляксея Навальнага.
Былога кіраўніка сэпаратыстаў на Данбасе Ігара Стралкова-Гіркіна арыштавалі 21 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі затрымалі былога кіраўніка сэпаратыстаў на Данбасе Ігара Стралкова-ГіркінаАляксея Навальнага таксама абвінавачваюць у экстрэмізьме. Адпаведную справу суд пачаў слухаць у сярэдзіне чэрвеня 2023 году. Яго абвінавацілі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу РФ, сярод якіх «заклікі да экстрэмізму» і «рэабілітацыя нацызму». Працэс закрылі ад прэсы.
У сакавіку 2022 году Лефортаўскі суд Масквы прысудзіў Навальнаму 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму і 1,2 млн рублёў штрафу па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі. Суд палічыў, што Навальны і ягоныя калегі з ФБК незаконна зьбіралі ахвяраваньні і марнавалі іх на асабістыя патрэбы. Навальны адмаўляе сваю віну і называе справу палітычнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў расейскаму апазыцыйнаму палітыку Навальнаму 20 гадоў зьняволеньня па справе аб «экстрэмізьме»