Дзе ў Беларусі бачылі наймітаў ПВК «Вагнэр». МАПА

Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Каляж

Вёска Цэль, палігон Лосьвіда. Сабралі ўсе зьвесткі аб знаходжаньні наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі на адной мапе.

Найміты ПВК «Вагнэр» прыбываюць у Беларусь з 11 ліпеня. Як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», за гэты час было заўважана да 10 калён тэхнікі са сьцягамі «Вагнэра», а таксама расейскімі трыкалёрамі.

Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Глядзім, дзе іх бачылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкі

Вайсковая база ў вёсцы Цэль

Вайсковую базу ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» яшчэ ў канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія апублікавала Свабода, было відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.

Намётавы лягер у вёсцы Цэль. Ліпень 2023

Намёты на спадарожнікавых выявах ля вёскі Цэль ідэнтычныя тым, якія заўважылі на фота вайсковых палігонаў, дзе праходзілі падрыхтоўку расейскія вайскоўцы перад адпраўкай на тэрыторыю Ўкраіны, напрыклад на Обуз-Лясноўскім палігоне ля Баранавічаў. Паводле інфармацыі кампаніі-вытворцы, кожны такі намёт можа зьмясьціць ад 20 да 50 чалавек.

Па інфармацыі выданьня The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзясяткі, калі ня сотні транспартных сродкаў». «The Washington Post» апублікаваў новыя здымкі лягеру вагнэраўцаў у Беларусі

Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, па стане на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі можа дасягаць 5 тысяч. Блізкі да наймітаў «Вагнэра» тэлеграм-канал 19 ліпеня паведаміў пра тое, што ў Беларусь могуць прыбыць да 10 тысяч вагнэраўцаў. Лягер у вёсцы Цэль разьлічаны прыкладна на 9 тысяч.

19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы сустрэлі нас, як братоў». Зьявілася відэа з выступам Прыгожына, магчыма, у лягеры каля вёскі Цэль

Палігон Берасьцейскі

Другі пункт, дзе дакладна былі найміты «Вагнэр» — гэта палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён знаходзіцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

20 ліпеня беларускае Міністэрства абароны паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сіл спэцыяльных апэрацый Беларусі. Беларускія вайскоўцы з «інструктарамі» з ПВК «Вагнэр» мусяць там трэнавацца «цягам тыдня».

Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным 23 ліпеня сказаў, што «Вагнэраўцы пачалі напружваць» і «хочуць на экскурсію на Захад у Варшаву і Жэшаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў Пуціну, што «вагнэраўцы» хочуць «схадзіць на экскурсію ў Варшаву»

Палігон Лосьвіда

Паводле інфармацыі маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», расейскія найміты маглі зьявіцца там яшчэ 6 ліпеня. Аўтары праекту сьцьвярджалі, што каля 200 вагнэраўцаў, магчыма, вучылі там страляць беларускіх вайскоўцаў. Палігон Лосьвіда знаходзіцца за 52 кілямэтраў ад расейскай мяжы і за 150 кілямэтраў ад мяжы з Латвіяй. Іншых крыніц, якія б маглі пацьвердзіць зьяўленьне вагнэраўцаў ля Віцебску, няма.

Аэрадром у Мачулішчах

На вайсковы аэрадром у Мачулішчах пасьля 24 чэрвеня некалькі разоў прызямляўся самалёт, якім карыстаецца кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Гэта бізнэс-джэт Embraer Legacy 600. Як мінімум, гэты борт бачылі ў Мачулішчах 1 ліпеня і 27 чэрвеня. Неўзабаве пасьля гэтага ў сеціве зьяўляліся фота і відэа з удзелам Прыгожына, зьнятыя нібыта на тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: колькасьць вагнэраўцаў у Беларусі павялічылася да 3,5 тысячы