Сьцісла:
- У абмен на працяг «збожжавай угоды» Масква патрабуе адмены шэрагу эканамічных санкцый, уведзеных Захадам.
- Беларускія дыпляматы ў АБСЭ даводзяць, што калі не адменяць санкцыі на беларускі калій, то сьвету пагражае харчовая катастрофа.
- 18 ліпеня першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў запэўніў, што сёлета Беларусь аднаўляе экспарт калію амаль да таго ўзроўню, які існаваў да ўвядзеньня санкцый.
17 ліпеня Расея адмовіліся ад працягу «збожжавай угоды», паводле якой Украіна мела магчымасьць пастаўляць на сусьветны рынак сваё збожжа марскім шляхам. 19 ліпеня Міністэрства абароны РФ прыгразіла, што любыя краіны, пад сьцягамі якіх караблі накіруюць ва ўкраінскія парты, будуць лічыцца ўцягнутымі ў вайну. Калі расейскі ВМФ атакуе гандлёвыя караблі краін НАТО, то гэта створыць небясьпечны прэцэдэнт.
Адначасова Расея пачала абстрэльваць парты Ўкраіны, найперш Адэсу, цэлячы ў збожжавыя тэрміналы. У порце Чарнаморску было зьнішчана каля 60 тысяч тон збожжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея з Чорнага мора абстраляла Адэскую вобласьць «Калібрамі», згарэла збожжаУ абмен на працяг «збожжавай угоды» Масква патрабуе адмены шэрагу эканамічных санкцый, уведзеных Захадам.
Расея чарговы раз ідзе на эскаляцыю канфлікту з Захадам, ствараючы сытуацыю дэфіцыту збожжа на сусьветных рынках, што пагражае голадам мільёнам людзей. Сусьветныя цэны на пшаніцу адразу пайшлі ўверх. Масква ідзе на падвышэньне ставак у вайне, шантажуе ўвесь сьвет то ядзернай зброяй, то голадам. 21 ліпеня гэтае рашэньне Расеі і ягоныя гуманітарныя наступствы абмяркоўвала Рада бясьпекі ААН.
Сытуацыя з выхадам Расеі са «збожжавай угоды» і праблема сусьветнай харчовай бясьпекі абмяркоўваюцца і на іншых міжнародных пляцоўках. 20 чэрвеня на паседжаньні Пастаяннай рады АБСЭ ў дыскусію на гэтую тэму актыўна ўключыліся прадстаўнікі Беларусі. Яны кінуліся абараняць Расею і ва ўсім абвінавацілі Захад. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі ў АБСЭ з гэтай нагоды заявіла:
«Санкцыі, якія незаконна ўведзеныя заходнімі краінамі супраць калійнай галіны Беларусі, нясуць вельмі нэгатыўныя наступствы для глябальнай харчовай бясьпекі... ствараюць пагрозу голаду ў сьвеце... Недахоп калійных угнаеньняў у выніку абмежавальных мер адносна беларускага калію прывёў да іх дэфіцыту на сусьветных рынках і падаражэньня. Адпаведна, скарацілася іх выкарыстаньне, зьнізілася ўраджайнасьць, вырасьлі цэны на прадукты харчаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва Клайпедзкага порту заявіла пра гатоўнасьць перагружаць украінскае збожжа замест беларускіх калійных угнаеньняўТо бок галоўная выснова беларускіх дыпляматаў палягае ў тым, што калі не адменяць санкцыі на беларускі калій, то сьвету пагражае харчовая катастрофа. Нагадаю, год таму кіраўніцтва Беларусі прапаноўвала ўгоду: транзыт украінскага збожжа празь беларускую тэрыторыю ў парты краін Балтыі ў абмен на адмену санкцый.
Аднак калі зьвярнуцца да фактаў, то тут вымалёўваецца трохі іншая сытуацыя. Праблема ў тым, што статыстыку экспарту калію ўрад Беларусі засакрэціў. І дасюль было не да канца зразумела, як моцна скараціліся пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў на сусьветны рынак і ці сапраўды гэта крытычна ўплывае на сусьветную харчовую бясьпеку.
А вось 18 ліпеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўвалася пытаньне транзыту беларускага экспарту праз расейскія парты. І па выніках нарады першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў перад журналістамі дзяржаўных мэдыя абнародаваў некаторыя лічбы, якія абвяргаюць алярмісцкія высновы беларускіх дыпляматаў. Вынесем за дужкі тое, што ўрад заўсёды перабольшвае свае посьпехі. Ва ўсякім разе, Снапкоў заявіў, што ў сярэднім за апошнія гады Беларусь пастаўляла на міжнародныя рынкі 9–10 млн т айчынных калійных угнаеньняў.
«Мы выйдзем на 8 млн т продажу ўгнаеньняў у гэтым годзе», — запэўніў першы віцэ-прэм’ер. То бок фактычна Беларусь аднаўляе экспарт калію да ўзроўню, які існаваў да ўвядзеньня санкцый. Праўда, лягістыка экспарту стала значна даражэйшая. Ад гэтага траціць даходы «Беларуськалій», дзяржаўны бюджэт, але скарачэньне паставак беларускага калію на 1–2 млн. тон ніяк ня можа адбіцца на стане сусьветнага харчовага рынку.
Таму розным ведамствам Беларусі трэба неяк дамовіцца, каб высновы аднаго зь іх не супярэчылі высновам іншага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Беларусі на канфэрэнцыі Руху недалучэньня ў Баку расказваў пра наступствы санкцыяў супраць беларускага калію