Дзяржаўнае абвінавачваньне запатрабавала прысудзіць расейскаму апазыцыйнаму палітыку Аляксею Навальнаму 20 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі асаблівага рэжыму (па сукупнасьці прысудаў), паведаміў тэлеграм-канал Навальнага.
Прысуд палітыку абвесьцяць 4 жніўня.
У сваім апошнім слове Аляксей Навальны, у прыватнасьці, заявіў: «Не жадаючы абапірацца на нагу сумленьня, мая Расея зрабіла некалькі вялікіх скачкоў, расштурхоўваючы ўсіх вакол, але потым пасьлізнулася і з грукатам, руйнуючы ўсё вакол, павалілася. І боўтаецца цяпер у лужыне ці то бруду, ці то крыві, зь пераламанымі косткамі, з жабрачым, абрабаваным насельніцтвам, а вакол ляжаць дзясяткі тысяч загінулых у самай дурной і бессэнсоўнай вайне 21 стагодзьдзя. Але рана ці позна, вядома, зноў паднімецца. І ад нас залежыць, на што яна будзе абапірацца ў будучыні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі суд разглядае новую справу супраць зьняволенага апазыцыйнага палітыка Навальнага- Суд супраць Аляксея Навальнага па справе аб «экстрэмізьме» пачаўся ў сярэдзіне чэрвеня 2023 году. Яго абвінавацілі па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу РФ, сярод якіх «заклікі да экстрэмізму» і «рэабілітацыю нацызму». Працэс закрылі ад прэсы.
- За апошні год у Навальнага не было ніводнага спатканьня са сваякамі, а патэлефанаваць блізкім яму ўдалося толькі двойчы за апошнія 11 месяцаў. Пры гэтым паводле закону ў год яму належацца тры працяглыя і тры кароткатэрміновыя спатканьні, а да таго ж сама меней 6 тэлефонных званкоў блізкім. Сваякі Навальнага падалі ў Канстытуцыйны суд Расеі калектыўны пазоў да папраўчай калёніі № 6, дзе ўтрымліваюць палітыка, з патрабаваньнем дазволіць спатканьні зь ім.
- Аляксей Навальны пасьля атручваньня «Навічком» і лекаваньня ў Бэрліне вярнуўся на радзіму, дзе яго затрымалі проста пры перасячэньні мяжы ў аэрапорце і арыштавалі. Навальнаму замянілі ўмоўны тэрмін па справе «Іў Рашэ» на рэальны на той падставе, што ён не адзначаўся ў інспэкцыі, пакуль быў у коме і лячыўся за мяжой. Адразу пасьля арышту і зьмены прысуду яго зноў судзілі — па справе аб паклёпе на вэтэрана, які зьняўся ў прапагандысцкім роліку за зьмену Канстытуцыі РФ. Палітык назваў удзельнікаў гэтага роліка «прадажнымі халуямі». Тады Навальнаму прысудзілі штраф, а адразу пасьля суду ўзмацнілі жорсткасьць крымінальнага артыкула за паклёп на вэтэранаў.
- У сакавіку 2022 году Лефортаўскі суд Масквы прысудзіў Навальнаму 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму і 1,2 млн рублёў штрафу па справе аб махлярстве і абразе судзьдзі. Суд палічыў, што Навальны і ягоныя калегі з ФБК незаконна зьбіралі ахвяраваньні і марнавалі іх на асабістыя патрэбы. Навальны адмаўляе сваю віну і называе справу палітычнай.
- У канцы траўня апазыцыянэру прадʼявілі яшчэ адно абвінавачаньне — у стварэньні «экстрэмісцкай супольнасьці».
- 22 траўня Навальнага 16-ы раз з пачатку тэрміну ў калёніі адправілі ў штрафны ізалятар.