У Беларусі працягваюцца затрыманьні людзей за ўдзел у пратэстах 2020 году. Сілавікі апазнаюць людзей па фатаздымках, падымаюць старыя сьпісы тых, хто быў затрыманы ў адміністрацыйных справах, і цяпер «шыюць» крыміналку. Судовы канвэер не спыняецца — людзей судзяць за падзеі трохгадовай даўнасьці.
Пагаварылі з айцішніцай, якая жыве ў Беларусі, і палітолягам, пра тое, ці варта чакаць спыненьня рэпрэсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя хваля рэпрэсіяў у Беларусі, відаць, самая жорсткая», — даклад праваабаронцаў«Сядзім ціха, як мышы пад венікам»
Наста (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) жыве ў Беларусі, працуе ў ІТ-кампаніі. Зь цяжкасьцю і пасьля доўгіх угавораў пагадзілася расказаць пра свае меркаваньні і адчуваньні, што да настрояў у яе калектыве і боязі рэпрэсій.
Наста кажа, што ў жніўні–лістападзе 2020 году многія калегі хадзілі на маршы пратэсту. Трох ці чатырох хлопцаў затрымлівалі на «суткі». Але ў кампаніі да іх паставіліся з разуменьнем і спачуваньнем.
«Адзін супрацоўнік быў затрыманы ў першую ж ноч на 10 жніўня, яго моцна пабілі, выпусьцілі праз дні тры. І калегі, і кіраўніцтва паставіліся да яго з разуменьнем, дазволілі пару тыдняў не працаваць, прыйсьці ў сябе. Увосень на нейкім маршы затрымалі яшчэ дваіх, далі па 15 сутак. Калегі і нават наш team leader (кіраўнік каманды. — РС) сустракалі іх з Акрэсьціна. Паставіліся з разуменьнем, ніхто нікога не караў, хлопцы працягвалі працаваць», — успамінае Наста.
Дзяўчына кажа, што паўтара года было ўсё больш-менш спакойна. Прычым падразьдзяленьне ІТ-кампаніі, дзе працуе Наста, не рэлякавалася за мяжу, а заставалася працаваць у Беларусі.
Прыкладна паўгода таму пачаўся ціск на супрацоўнікаў, бо ў 2020–2021 гадах менавіта айцішнікі актыўна данацілі ў дабрачынныя фонды, дапамагалі людзям аплачваць штрафы.
«Нас сабралі на сход, куды прыйшлі два супрацоўнікі нейкіх спэцслужбаў у цывільным, яны не прадставіліся. Сказалі, што ведаюць пра нашы данаты, і параілі самім прыгадаць, хто і колькі грошай пералічыў. Прапанавалі ў 10-разовым памеры сплаціць грошы ў нейкія дабрачынныя фонды. І тады людзям нічога ня будзе. Палохалі, што ўсё ведаюць пра кожнага — і пра ўдзел у пратэстах, і пра данаты. Ведаю, што два супрацоўнікі прызналіся і самі сплацілі істотныя сумы», — расказала Наста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 ліпеня: Жыхарку Жлобіна, якую апазналі па кашулі, асудзілі за ўдзел у пратэсьце 2020 годаПразь некаторы час добрага знаёмага Насты, які не прызнаўся, што данаціў, выклікалі на размову ў КДБ. Прыгразілі крыміналкай — нібыта знайшлі тры данаты па 50 даляраў. Яму спачатку прапанавалі «па-добраму» сплаціць суму, эквівалентную 1500 далярам, на рахунак нейкага анкалягічнага цэнтру, тады нібыта не завядуць крыміналку.
«Хлопец вельмі спалохаўся, зьбіраўся выехаць за мяжу, хоць візы не было. Праз два дні прыйшлі да яго дадому. Ня ведаю, чым пагражалі, не расказвае. Грошы ўрэшце ён выплаціў, нават далі нейкую паперу, што крыміналкі ня будзе.
Атмасфэра ў калектыве вельмі прыгнечаная. Кіраўніцтва сказала, што нікому не дапаможа, маўляў, усе дарослыя людзі, ведалі, што рабілі. Сядзім ціха, як мышы пад венікам. Справы ў кампаніі ідуць так сабе. Частка людзей сядзіць „на бэнчы“ (на лаве чаканьня). Настрою ніякага. Людзі вельмі напружаныя, усе без настрою.
Асабіста я веру, што рэпрэсіі ня скончацца ніколі. Пры гэтай уладзе. Людзей будуць трымаць у страху. Ну пра што тут гаварыць, калі за 50 даляраў данатаў хлопцу прысудзілі 3 гады турмы? А музыкантаў братоў Каракіных разам з бацькамі абвясьцілі тэрарыстамі-экстрэмістамі», — узрушана кажа Наста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «200 палітвязьням патрэбная экстраная мэддапамога». Вялікае інтэрвію з былой палітзьняволенай, прадстаўніцай Кабінэту Вольгай Гарбуновай«Душыць, каб усе баяліся»
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі выказвае думку, што сёньня не выпадае гаварыць пра пэрспэктыву таго, што рэпрэсіі хутка суцішацца і пачнецца адваротны працэс.
Ён нагадаў, як яшчэ ўвосень 2020 году, калі працягваліся маршы, Лукашэнка заяўляў, што дойдуць да кожнага, дастануць кожнага ўдзельніка пратэстаў. Потым і сілавікі сталі гэта на розныя лады паўтараць.
«Тады гэта здавалася нейкай гіпэрбалай, перабольшваньнем, эмацыйным выказваньнем. Прайшло амаль 3 гады, і відавочна, што гэта было не эмоцыяй, а рацыянальнай мэтай. Шмат хто з аналітыкаў кажа, што Лукашэнка помсьціць за сваю псыхатраўму 2020 году, за той пярэпалах, калі крэсла пад ім сапраўды хісталася. Але, я думаю, эмоцыі ўсё ж такі пагасьлі, цяпер гэта яго рацыянальная ўстаноўка — зрабіць сваю сыстэму значна больш жорсткай».
Тыя пратэсты паказалі, што ў Лукашэнкі ўжо няма ранейшай папулярнасьці, няма даволі шырокай апоры на электарат, няма рэсурсаў, каб аднавіць свой рэйтынг, лічыць спадар Класкоўскі.
«А паколькі пакідаць уладу ён ня хоча, выснова для яго простая: душыць, каб усе баяліся. Таму вось гэтыя рэпрэсіі і працягваюцца, калі прыходзяць праз 2–3 гады, выкалупваюць штосьці з дапамогай сучасных тэхналёгій, аналізу твараў на калектыўных фатаграфіях. А ў жніўні–верасьні 2020-га ніхто ж не хаваўся, усе думалі, што безь пяці хвілін перамога.
Пастаўлена звышзадача — падтрымліваць у грамадзтве высокі ўзровень страху. А Лукашэнка ж разумее, што залежнасьць ад Масквы стала непараўнальна большай, насуперак нават сваёй волі яму даводзіцца ісьці на непапулярныя крокі.
Таму трэба душыць, наводзіць страх. Хай сабе і ня любяць, хай крывяцца, але галоўнае, каб баяліся», — робіць выснову палітоляг Аляксандар Класкоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў Беларусі спыніцца тэрор? 4 варыянты ад Арцёма Шрайбмана«Лукашэнка запусьціў рэпрэсіўную машыну, якая цяпер працуе на аўтамаце»
Класкоўскі падкрэсьлівае і яшчэ адну рэч. Па словах экспэрта, Лукашэнка запусьціў рэпрэсіўную машыну, якая цяпер працуе на аўтамаце. Таму што ў сілавікоў ёсьць свой кроўны інтарэс, каб не зьніжаць узроўню рэпрэсій.
«Яны ўвайшлі ў смак. Тут ёсьць і псыхалягічны фактар, таму што любая ўсёдазволенасьць разбэшчвае. А ў тых шэрагах нямала людзей і з садысцкімі схільнасьцямі, якім запалохваньне іншых прыносіць нейкую асалоду.
Але самае галоўнае — гэта рацыянальныя матывы: чым болей ты выкрыеш ворагаў, тым болей шанцаў у цябе нейкую зорачку на пагоны атрымаць, кватэры ж Лукашэнка шчодра раздае сілавікам, новыя атрады спэцназу стварае, дае новыя пасады. То бок у сілавікоў ужо ёсьць і свой інтарэс, каб ім яшчэ больш даставалася ад гэтых шчодрасьцяў», — кажа палітоляг.
Што тычыцца адлігі ці паслабленьня рэпрэсій, бліжэйшым часам чакаць гэтага ня варта. Ва ўлады няма матывацыі спыняць рэпрэсіі. На думку Класкоўскага, пакуль ня бачна, каб захісталася Расея.
«А ўнутры беларускай сыстэмы ўсё зацэмэнтавана. Па-другое, Лукашэнка вельмі далёка зайшоў. Раней ён мог сабе дазволіць адлігі, а цяпер — не. Лукашэнка баіцца рэцыдыву 2020 году, баіцца, што людзі асьмялеюць — гэта, дарэчы, адзін з такіх бар’ераў, які замінае яму выпускаць палітвязьняў», — перакананы палітоляг Аляксандар Класкоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя рэакцыі на сьмерць Алеся Пушкіна: «Ня можам ігнараваць зьверствы беларускага рэжыму» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымыя перамовы апазыцыі з рэжымам Лукашэнкі пра вызваленьне палітвязьняў