Белы дом папярэдзіў, што рашэньне Расеі «пагоршыць харчовую бясьпеку і нанясе шкоду мільёнам уразьлівых людзей ва ўсім сьвеце», і заклікаў Расею «неадкладна адмяніць сваё рашэньне».
«Чарнаморская збожжавая ініцыятыва адыграла вырашальную ролю ў зьніжэньні цэн на прадукты харчаваньня ва ўсім сьвеце, якія рэзка вырасьлі ў выніку жорсткага і несправакаваны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», — цытуе CNN прадстаўніка Савета нацыянальнай бясьпекі ЗША Адама Ходжа.
Генэральны сакратар ААН Антоні Гутэрыш заявіў, што глыбока шкадуе аб рашэньні Расеі выйсьці са збожжавага пагадненьня і аб адкліканьні расейскіх гарантый бясьпекі суднаходзтва ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора. Паводле яго, пагадненьне дапамагло зьнізіць цэны на прадукты харчаваньня больш як на 23 працэнты з пачатку вайны.
«Сотні мільёнаў людзей сутыкаюцца з голадам, а спажыўцы сутыкаюцца з глябальным крызісам кошту жыцьця. Яны будуць плаціць за гэта», — сказаў Гутэрыш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што для падаўжэньня збожжавага пагадненьня «няма падставаў»Кіраўнік Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен назвала цынічным рашэньне Расеі выйсьці са збожжавай угоды. Яна таксама паабяцала, што ЭЗ працягне вывозіць украінскую сельгаспрадукцыю.
Вялікая Брытанія назвала рашэньне расейскіх уладаў «абуральнай спробай прычыніць шкоду найбольш уразьлівым у рамках сваёй незаконнай вайны». Міністар замежных спраў Нідэрландаў Вопцы Хукстра заклікаў Расею аднавіць дзеяньне збожжавай угоды.
«Цалкам амаральна, што Расея працягвае ператвараць ежу ў зброю», — напісаў ён у твітэры.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў можа працягнуць пастаўкі зерня па чарнаморскім калідоры, нягледзячы на выхад Расеі са збожжавай угоды. Цытату Зяленскага зь інтэрвію афрыканскім журналістам апублікаваў у фэйсбуку яго прэс-сакратар Сяргей Нікіфараў.
«Нават без Расеі трэба рабіць усё, каб мы маглі выкарыстоўваць гэты чарнаморскі калідор. Мы не баімся. Да нас звярнуліся кампаніі, якія зьяўляюцца ўласьнікамі караблёў. Яны сказалі, што гатовы прадоўжыць пастаўкі збожжа, калі Ўкраіна гатова выпускаць, а Турэччына будзе прапускаць», — сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што ў рамках збожжавай угоды былі падпісаны два пагадненьні: першае заключылі Расея, Турэччына і ААН, другое — Украіна, Турэччына і ААН.
«Таму, калі Расея кажа, што спыняе [збожжавую ўгоду], яна спыняе свае пагадненьні з Генэральным сакратаром ААН Гутэрышам і з прэзыдэнтам Эрдаганам. Ня з намі. У нас не было зь імі ніякіх дамоўленасьцяў», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што ўжо даў распараджэньне падрыхтаваць афіцыйныя сыгналы ў ААН і ў Турэччыну наконт пагадненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што Ўкраіна працягне ўдзел у «збожжавай угодзе», нягледзячы на выхад зь яе Расеі- Збожжавая ўгода, паводле якой харч вывозіцца з заблякаваных Расеяй чарнаморскіх партоў, была заключана летась у ліпені пры садзейнічаньні Турэччыны і ААН. Пагадненьне падаўжалі некалькі разоў. Апошні раз — 17 траўня.
- Адной з умоў, якія выстаўляе Расея для падаўжэньня збожжавай угоды, зьяўляецца перападлучэньне «Россельхозбанка» да міжнароднай сыстэмы апрацоўкі банкаўскіх плацяжоў SWIFT, ад якой ён быў адключаны праз санкцыі. Таксама Масква настойвае на ліквідацыі перашкодаў для экспарту расейскага збожжа, угнаеньняў і паставак аміяку ў Эўропу праз Украіну.
- У пачатку чэрвеня Ўкраіна абвінаваціла Расею ў новым прыпыненьні збожжавай ініцыятывы. У Кіеве сьцьвярджалі, што расейскі бок заблякаваў рэгістрацыю суднаў ва ўсіх украінскіх партах, і назвалі гэтыя дзеяньні «грубым парушэньнем» дамоўленасьцяў.