Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» мяняе сытуацыю зь бясьпекай Літвы, заявіў прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа.
«Улічваючы, што Беларусь даволі невялікая дзяржава, зьмяніць пляны і перакінуць іх (вагнэраўцаў) да заходніх межаў — справа некалькіх гадзін», — цытуе Наўседу партал навінаў Delfi.
Разам з тым, паводле палітыка, наяўных у Літвы сродкаў бясьпекі дастаткова, каб супрацьстаяць патэнцыяльнай пагрозе.
«Дзяржаўная рада абароны Літвы яшчэ да саміту NATO прыняла рашэньне аб павелічэньні сіл выведкі на ўсходняй мяжы і зацьвярджэньні пляну прыкрыцьця мяжы. Несумненна, мы будзем сачыць за сытуацыяй і, калі спатрэбяцца рашэньні, абавязкова іх прымем у найкарацейшыя тэрміны», — сказаў Наўседа.
14 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі ведамства заявіла аб выпрацоўцы сумесна з кіраўніцтвам ПВК «Вагнэр» «дарожнай мапы на бліжэйшую пэрспэктыву па падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных родаў войскаў».
Прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі апублікавала сюжэт ведамаснай тэлекампаніі «ВаенТВ», зь якога вынікала, што вагнэраўцы ўжо трэнуюць у Беларусі падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў.
На працягу наступных некалькіх дзён маніторынгавыя групы, замежная выведка зафіксавалі перамяшчэньне ў лягер пад Асіповічамі (Магілёўская вобласьць) некалькіх калён тэхнікі ПВК «Вагнэр», агулам каля 100 адзінак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Польшчы: Разглядаем тры сцэнары дзеяньняў вагнэраўцаў у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікавы здымак, падобна, зафіксаваў прыезд наймітаў «Вагнэра» ў лягер пад вёскай Цэль