Гундара двойчы адпраўлялі ў ШЫЗА
Горадзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязьню бязь зьменаў — 20 гадоў калёніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцару яго этапавалі ў калёнію, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пры гэтым жонцы Ўладзімера Гундара дазволілі спатканьне зь ім, але яна не пасьпела трапіць на яго з прычыны хуткага этапу.
У апошнім лісьце Ўладзімер напісаў, што яго ўжо двойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар — спачатку на чатыры дні, а праз два дні пасьля выхаду — яшчэ на тры дні. Ён думае, што за бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасьля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны.
Таксама палітвязень піша, што страчаны ў карцары слых да яго вярнуўся, але ня цалкам: ён недачувае.
Адрас: ПК № 2. 213800, Бабруйск, вул.Сікорскага, 1, 16-ы атрад, Уладзімер Тадэвушавіч Гундар.
Уладзімер Гундар — фігурант «справы аб тэрарызьме», у якой таксама асудзілі вядомага прадпрымальніка і праваабаронцу з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. Як і Аўтуховіч, Гундар не прызнаў віны. Яго асудзілі да 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Ўладзімера Гундара палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэзам яшчэ не карыстаецца». Палітвязень Уладзімер Гундар прыслаў першы ліст з бабруйскай калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Анархіст Францкевіч больш за 3 месяцы ў ШЫЗА