Вэтэран батальёну «Айдар», навуковец Яўген Дзікі ў эфіры Свабоды Premium ацэньвае рэальныя пагрозы, якія нясе для Беларусі і Ўкраіны знаходжаньне «Вагнэра» ў Беларусі.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
Пра дывэрсійныя групы з вагнэраўцаў
— Каб група «Вагнэра» магла ўяўляць для нас сур’ёзную небясьпеку, напрыклад, для паходу зь Беларусі на Кіеў, патрэбна сама меней 120 тысяч байцоў. Калі нават прыбудуць абяцаныя 6–8 тысяч, то гэта вайсковай пагрозай для Ўкраіны ня стане. Іншая рэч — дывэрсійныя групы. Мы ставімся дастаткова сур’ёзна да таго, што вагнэраўцы маленькімі групкамі будуць выкарыстоўвацца для дывэрсій на нашай мяжы. Вагнэраўцы, асабліва тыя, хто выжыў падчас расейска-ўкраінскай вайны на фронце, — гэта дасьведчаныя байцы, да іх трэба ставіцца як да сурʼёзных ворагаў. Каб сурʼёзна сустракаць дывэрсійныя групы, мы ўжо робім адпаведныя захады.
Пра тое, як Лукашэнка выкарыстоўвае наймітаў «Вагнэра»
— Напэўна, Лукашэнка вырашыў, што ён такім чынам разьвязаў праблему сваёй бясьпекі, што ён наймае пэрсанальную прэтарыянскую гвардыю, якая была ў Цэзара, і такім чынам ён будзе цалкам абаронены ня толькі ад магчымых паўстаньняў цывільнага насельніцтва, але і ад магчымага ўваходжаньня ў Беларусь беларускіх добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў, якія цяпер ваююць ва Ўкраіне. Ён мяркуе, што ён такім чынам сябе страхуе на выпадак, калі беларускія сілавікі пяройдуць на іншыя пазыцыі. З гэтага пункту гледжаньня я думаю, што ён мае рацыю. Ад любога выступу апазыцыі, нават збройнага, «Вагнэр» зможа яго абараніць, калі наймітаў будзе заяўленых 6–8 тысяч.
Пра выкананьне загадаў з Крамля, а не з Драздоў
— Лукашэнка здымае адну рызыку, а стварае нашмат большую. Вагнэраўцы здатныя абараніць яго ад беларускай апазыцыі і ад палку Каліноўскага, нават ад здрады сілавікоў. Але хто абароніць яго самога ад тых вагнэраўцаў, калі яны з Масквы атрымаюць каманду прыбраць Лукашэнку і замяніць яго на некага іншага? Як думаеце, узяць Дразды лягчэй, чым Маскву? Мне здаецца, што Лукашэнка гуляе з агнём, альбо прыгравае на грудзях гадзюку, якая ў нейкі момант можа ўкусіць. Бо так ці інакш, якія б у іх ні былі супярэчнасьці з расейскай уладай, вагнэраўцы застаюцца расейскай вайсковай сілай. І калі будзе выбар паміж загадам з Крамля і загадам з Драздоў, абсалютна адназначна, што вагнэраўцы выберуць Крэмль.
Пра шанцы каліноўцаў супраць вагнэраўцаў
— Паміж сабой беларускіх добраахвотнікаў мы называем кастусі. Яны прыехалі ва Ўкраіну цывільнымі асобамі, а цяпер ужо ўсе сталі загартаванымі ў баях воінамі. Да зьяўленьня ў Беларусі «Вагнэра» я быў упэўнены, што ў выпадку заходу беларускіх добраахвотнікаў на тэрыторыю Беларусі беларуская армія была б няздатная чыніць ім апэратыўны адпор. Вагнэраўцы — іншая рэч. Яны таксама дасьведчаныя байцы, але іх колькасна больш, чым каліноўцаў.
Пры гэтым працягваецца прыток новых добраахвотнікаў, таму калісьці колькасьць беларускіх добраахвотнікаў стане настолькі ж сурʼёзнай, наколькі сур'ёзная ўжо цяпер іх якасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найміты «Вагнэра» ў Беларусі: махноўскае Гуляйполе ці «траянскі конь» для рэжыму Лукашэнкі? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як наёмнікі ПВК «Вагнэр» трапілі ў Беларусь. Хроніка асноўных падзей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікавы здымак, падобна, зафіксаваў прыезд наймітаў «Вагнэра» ў лягер пад вёскай Цэль