Пуцін падпісаў указ пра нацыяналізацыю расейскіх актываў Danone і Carlsberg

Завод Danone каля гораду Чэхаў Маскоўскай вобласьці, архіўнае фота

Кампаніям не далі прадаць бізнэс. Яны плянавалі пакінуць Расеі праз вайну, якую тая вядзе супраць Украіны.

Долі замежных інвэстараў у расейскіх аддзяленьнях кампаній Danone і Carlsberg Group перадалі дзяржаве. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Carlsberg Group у Расеі належаў знакаміты бровар «Балтика», піша газэта «КоммерсантЪ».

Абедзьве кампаніі рыхтаваліся прадаць мясцовы бізнэс. Пры гэтым у Carlsberg угода выйшла на фінальную стадыю, бо кампанія падпісала дамову зь неназваным пакупніком. Цяпер угоды прыпыненыя.

Раней былі паведамленьні, што францускі малочны холдынг Danone вядзе перамовы аб продажы з кампаніяй «Эконива». Пад угоду траплялі 13 заводаў, якія выпускаюць натуральнамалочныя прадукты, ёгурты і дэсэрты.

Расейскі дывізіён Danone традыцыйна быў лідэрам у выручцы сярод мясцовых кампаній: у 2022 годзе абарот склаў $ 1,3 млрд.

Carlsberg Group у канцы чэрвеня анансавала дамову з будучым уладальнікам расейскіх актываў і брэндаў. «Балтика», па зьвестках «Коммерсанта», у 2022 годзе выпусьціла 197,42 дал піва і піўных напояў. Кампанія займае другое месца ў рэйтынгу расейскіх півавараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўнесла ў сьпіс «спонсараў вайны» брытанскую кампанію, якой належаць  Lipton, Rexona, Dove і іншыя брэнды
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўнесьлі зьмены ў сьпіс кампаніяў, забароненых для продажу