Па словах родных Паліны Шарэнды-Панасюк, якія спасылаюцца на сьведчаньні яе былой сукамэрніцы, жанчына схуднела амаль на 18 кіляграмаў і выглядае, як «вельмі худы і стомлены чалавек».
Сукамэрніца палітзьняволенай у пачатку ліпеня сядзела з Шарэндай-Панасюк у адной камэры СІЗА на Валадарскага.
Муж Паліны Андрэй Шарэнда расказаў Свабодзе апошнія зьвесткі пра жонку.
«Калі Паліну прывезьлі на экспэртызу ў Навінкі, яна адмовілася ад здачы аналізаў і ўвогуле адмовілася размаўляць зь лекарамі. Пра гэта потым на «Валадарцы» Паліна сама расказала сукамэрніцы, якая мусіла выходзіць. Знарок расказала, каб пра гэта стала вядома.
Паводле аповеду Паліны, адзінае, што яна зрабіла ў Навінках, гэта ўзважылася. І вось атрымалася, што яна цяпер важыць 47,5 кіляграма. Пры яе росьце 170 сантымэтраў гэта скрайне мала. Яе звычайная вага была 63-65, а пасьля нараджэньня малодшага дык і 67 кіляграмаў. А цяпер толькі 47 з паловай! Мяркую, гэта паказьнік стану яе здароўя. Мы патрабуем для Паліны нармальных умоваў і лячэньня, але замест гэтага яе адправілі на этап!»— абураецца Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятрычная экспэртыза над Палінай Шарэндай-Панасюк не адбыласяДзе цяпер знаходзіцца Паліна Шарэнда-Панасюк і ў якім яна стане, ейны муж і праваабаронцы ня ведаюць.
«Паводле маіх зьвестак, з „Валадаркі“ на этап яе вывезьлі 8-га ліпеня. Мусілі накіраваць у Гомельскае СІЗА, бо 26 жніўня ў яе канчаецца асноўны тэрмін зьняволеньня, а на яе завялі новую справу паводле 411-га артыкулу. Значыць, да гэтага часу зьбіраюцца зноў судзіць. Але дагэтуль у Гомельскае СІЗА яе не прывезьлі, мы спраўдзілі. Таму дзе яна цяпер, можам толькі здагадвацца. Калі зноў на доўгім этапе праз Баранавічы, дык яшчэ дадаткова будзе пакутаваць і схуднее яшчэ больш. Што зь ёй можа здарыцца на этапе, не хачу нават разважаць пра гэта. Бо жахліва», — прызнаецца Андрэй Шарэнда.
У 2021 годзе Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за гвалтоўныя дзеяньні адносна міліцыянта і зьнявагу Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней у калёніі ёй дадалі яшчэ год зьняволеньня паводле 411-га артыкулу КК — за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі.
Сёлета завялі яшчэ адну справу, зноў паводле 411-га артыкулу. Агулам больш за 200 дзён зьняволеньня Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў штрафных ізалятарах, яе стан здароўя значна пагоршыўся. Летам стала вядома, што на знак пратэсту жанчына адмовілася ад беларускага грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Этапаваньне Паліны Шарэнды-Панасюк у псыхіятрычны шпіталь працягвалася тры тыдні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для палітычных самае горшае. Таму так адбылося». Былыя зьняволеныя пра ўмовы ў вязьніцы, дзе трымалі Алеся Пушкіна