Сьпіс удзельнікаў пашырылі больш як у два разы, заўважыла выданьне Zerkalo.
Экспэрымэнт з платнай мэдыцынай палягае ў тым, што ў выхадныя і сьвяточныя дні некаторыя мэдустановы па жаданьні грамадзян аказваюць платныя паслугі, якія адносяцца «да плянавай першай, спэцыялізаванай, высокатэхналягічнай мэдыцынскай дапамогі» (за выключэньнем мэдпаслуг, што аказваюцца дзецям, а таксама трансплянтацыі органаў і тканак).
Раней такі экспэрымэнт праводзіўся з 1 траўня 2022 году па 1 траўня 2023 году. Цяпер ён пройдзе з 1 жніўня 2023-га па 1 верасьня 2024 году.
Зьмены закранулі сьпіс мэдустаноў — ён стаў большым. Калі раней гэта былі 6 навукова-практычных цэнтраў і 12 лякарняў, то са жніўня ў пераліку лічацца восем рэспубліканскіх НПЦ і адзін менскі, а таксама 30 лякарняў: 15 у Менску, астатнія ў рэгіёнах — у Барысаве, Магілёве, Горадні, Лідзе, Гомлі, Віцебску і Берасьці.
Сумесна зь мясцовымі ўладамі Міністэрства аховы здароўя зробіць захады для рэалізацыі экспэрымэнту і «захаваньня ў поўным аб’ёме гарантаванай бясплатнай мэдыцынскай дапамогі, якая аказваецца грамадзянам».
Да 1 кастрычніка 2024 году вынікі экспэрымэнту будуць прааналізаваныя, справаздачу перададуць у Савет Міністраў.
Раней міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч адзначаў, што такое новаўвядзеньне дазваляе мэдыкам атрымліваць «дадатковую заработную плату менавіта ў тых установах, дзе яны працуюць на пастаяннай аснове».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія ўлады паказалі, як будзе выглядаць інфэкцыйны шпіталь, які пабудуюць у раёне Даўгінаўскага тракту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырашылі правесьці гадавы экспэрымэнт з платнай дзяржаўнай мэдыцынай у выходныя і сьвяты