Байдэн: Я хацеў бы, каб Украіна ўступіла ў NATO праз гадзіну і 20 хвілінаў пасьля вайны

Выступ Джо Байдэна ў Віленскім унівэрсытэце, 12 ліпеня 2023 году

Сёньня падчас саміту NATO журналіст запытаў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, як хутка пасьля вайны ён хацеў бы, каб Украіна далучылася да NATO. Байдэн адказаў: «Праз гадзіну і 20 хвілінаў».

Сёньня ж падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Байдэн сказаў: «Я зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі мы правядзем сустрэчу, прысьвечаную вашаму афіцыйнаму ўступленьню ў NATO». Пра гэта паведамляе Reuters.

«Я абяцаю вам, што Злучаныя Штаты робяць усё магчымае, каб вы атрымалі тое, што вам трэба», — сказаў Байдэн Зяленскаму ў прысутнасьці журналістаў.

Аднак напярэдадні адлёту з ЗША на саміт NATO Байдэн заявіў у інтэрвію CNN, што, на яго думку, яшчэ не настаў час для ўступленьня Ўкраіны ў Альянс. Паводле прэзыдэнта ЗША, калі б Украіна цяпер стала чальцом альянсу, «мы знаходзіліся б у стане вайны з Расеяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі не здавайцеся». Джо Байдэн у Вільні падтрымаў беларусаў, якія «працягваюць змагацца за свабоду»

Сёньня прэзыдэнт ЗША выступіў у Віленскім унівэрсытэце. Ён, у прыватнасьці, сказаў:

«NATO мацнейшае, больш энэргічнае і больш згуртаванае, чым калі-небудзь у сваёй гісторыі. Гэта жыцьцёва важна для нашай агульнай будучыні. Гэта адбылося невыпадкова, і гэта не было непазьбежным».

«Калі Пуцін зь яго палкай прагай улады і захопу тэрыторыяў разьвязаў сваю жорсткую вайну супраць Украіны, ён быў упэўнены, што NATO распадзецца. Ён думаў, што нашае адзінства разбурыцца пры першым жа выпрабаваньні. Ён лічыў, што дэмакратычныя лідэры будуць слабымі. Але ён памыляўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Трэба завяршыць вайну, перш чым Украіна далучыцца да NATO

У камюніке па выніках саміту NATO, пад якім расьпісаліся ўсе саюзьнікі, гаворыцца, што Ўкраіну змогуць запрасіць у NATO, калі будуць згодныя ўсе яго сябры і калі, адпаведна, дазволяць умовы. На саміце быў прыняты шэраг рашэньняў, якія робяць шлях Украіны ў NATO карацейшым: напрыклад, адмена Пляну дзеяньняў для сяброўства ў NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны адрэгаваў на вынікі саміту: «Наш шлях у NATO стаў карацейшым»