Што будзе з курсам даляра, які Лукашэнка назваў «варожай валютай», — тлумачыць эканамістка

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна аналізуе працэс паступовага падзеньня курсу беларускага рубля і тлумачыць, чаму ня варта чакаць краху даляра.

Сьцісла:

  • Можна прагназаваць плаўнае, паступовае зьніжэньне курсу расейскага рубля.
  • Сальда замежнага гандлю паступова пагаршаецца — выглядае, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.
  • Рост заробкаў апярэджвае рост прадукцыйнасьці працы, і гэта стварае рост попыту і, адпаведна, імпарту.
  • Мы ўжо назіраем зьніжэньне золатавалютных рэзэрваў

— Вось ужо некалькі тыдняў курс беларускага рубля даволі пасьлядоўна зьніжаецца, ад 2,92 за даляр 3 чэрвеня да 3,07 — 9 ліпеня (сёньня, 11 ліпеня, — 3,03). Што можна сказаць пра доўгатэрміновую тэндэнцыю і якія прагнозы можна рабіць?

Анастасія Лузгіна

— Беларускі рубель падаў у адносінах да даляра і эўра, але ўмацоўваўся да расейскага рубля. Натуральна, што беларуская нацыянальная валюта моцна залежыць ад расейскай, бо значная доля гандлю адбываецца з Расеяй і значная доля плацяжоў праводзіцца ў расейскіх рублях. Калі, напрыклад, раней за энэрганосьбіты мы плацілі ў далярах, то цяпер у расейскіх рублях. Мы бачым па «кошыку валютаў», што Нацбанк павялічыў там долю расейскага рубля, мы гэта бачым па выніках таргоў, дзе расейскі рубель пераважае.

Так што тое, што мы назіраем апошнія месяцы, выклікана найперш не ўнутрыбеларускімі чыньнікамі, а расейскімі. Бо апошнія тыдні расейскі рубель вельмі ўстойліва падае, і, адпаведна, гэта ўплывае на беларускі рубель. Галоўныя чыньнікі — пагаршэньне сытуацыі ў замежным гандлі Расеі, зьнізіліся цэны на энэргарэсурсы, Расея ня мае ўжо тых даходаў, якія мела летась. Зь іншага боку, вырас імпарт, пагоршылася сальда гандлёвага балянсу. Апошнія тыдні да гэтага дадалася і сытуацыя з бунтам Яўгенія Прыгожына, рынкі адрэагавалі на павелічэньне ўнутрыпалітычных рызыкаў.

Але апошнія два дні расейскі рубель трошкі ўмацаваўся — бо аслаблі гэтыя кароткатэрміновыя чыньнікі, зьвязаныя з Прыгожыным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі рубель падае на валютнай біржы, таньней за 3 рублі даляр ЗША нідзе не прадаюць

— Які можна даць прагноз дынамікі курсу беларускага рубля адносна даляра — натуральна, калі прагназаваць на грунце цяперашніх эканамічных паказьнікаў, без уліку магчымых рэзкіх палітычных нечаканасьцяў?

— Захоўваецца залежнасьць хістаньняў курсу беларускага рубля ад расейскага. Што тычыцца расейскага, то ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ён будзе зьніжацца. Вядома, шмат залежыць ад таго, якой будзе дынаміка цэнаў на энэргарэсурсы. Але ў цэлым можна меркаваць, што тых звышдаходаў, якія Расея мела летась, мы ўжо не пабачым. Таму можна прагназаваць плаўнае, паступовае зьніжэньне курсу расейскага рубля адносна даляра. Хоць трэба адзначыць, што ў бліжэйшай пэрспэктыве якраз варта чакаць ягонага часовага ўзмацненьня.

Акрамя расейскага чыньніка, у нас, вядома, дзейнічаюць і пэўныя ўнутрыбеларускія чыньнікі. Апошнія статыстычныя дадзеныя кажуць пра тое, што сальда замежнага гандлю паступова пагаршаецца — пры тым, што летась за першыя 4 месяцы году было станоўчае сальда звыш мільярда даляраў. Выглядае, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, бо імпарт пачынае расьці, а зь іншага боку — зьменшыліся даходы ад продажу паслугаў, найперш у ІТ-сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўная пераарыентацыя на расейскі рынак стратэгічна становіць вялікую пагрозу для беларускай эканомікі, — Лузгіна

Плюс, Нацбанк працягвае праводзіць мяккую крэдытна-грашовую палітыку, зьніжае стаўку рэфінансаваньня. Гэта вядзе да таго, што ў эканоміцы ёсьць танныя грошы, а значыць — яны кудысьці ўкладаюцца, нарошчваюцца інвэстыцыі, у тым ліку імпарт. Усё гэта спрыяе адмоўнаму сальда гандлёвага балянсу.

Разам з тым растуць даходы насельніцтва — пакуль гэта мае толькі аднаўленчы эфэкт, яны аднаўляюцца да ўзроўню пазамінулага году, пасьля вялікага падзеньня ў 2022-м. Прытым рост заробкаў апярэджвае рост прадукцыйнасьці працы, і гэта стварае рост попыту і, адпаведна, імпарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр у Беларусі з пачатку году вырас на 7,1%, за такі ж пэрыяд летась — на 0,63%

— І пакуль Нацбанк і ўвогуле фінансавыя ўлады ня ўмешваюцца ў гэты працэс паступовай дэвальвацыі беларускага рубля, не падтрымліваюць яго сваімі інтэрвэнцыямі?

— Мы ўжо назіраем зьніжэньне золатавалютных рэзэрваў, бо няма вялікіх паступленьняў, інвэстыцый нам ніхто не дае, а ўмовы гандлю пагаршаюцца. Магчыма, Нацбанк ужо паціху ўмешваецца, выходзіць на рынак, але пакуль, у любым выпадку, гэтыя ўліваньні невялікія, гэта згладжваньне рэзкіх хістаньняў. Пакуль мы бачым, што гэта пераважна рэакцыя на тое, як нестабільна сабе паводзіць расейскі рубель.

— Аляксандар Лукашэнка нядаўна назваў даляр «варожай валютай». Гэта звычайная ягоная рыторыка ці можна чакаць нейкіх канкрэтных крокаў у эканамічным жыцьці?

— Я ня думаю, што тут будуць нейкія дадатковыя дзеяньні. Тое, што яны адмянілі прывязку да падвышэньня кошту паслугаў ЖКГ з 5 даляраў да базавай велічыні — гэта адпавядае палітыцы «дэдалярызацыі», якая праводзіцца Нацбанкам даволі даўно, з 2015 году. У прынцыпе, гэта лягічна і заканамерна, калі ёсьць свая нацыянальная валюта, бо арыентацыя ва ўсім на замежную валюту ня вельмі слушная.

«Дэдалярызацыю» праводзяць даволі пасьлядоўна. Але трэба разумець, што ў розумах беларусаў па-ранейшаму многія асноўныя падлікі ажыцьцяўляцца ў далярах. Заробак па-ранейшаму ўсімі ацэньваецца ў валюце. Гэта адбываецца таму, што беларускі рубель застаецца нестабільнай валютай.

Так што выказваньні Лукашэнкі — чарговы папулізм. Калі б сапраўды гэта была «варожая валюта», то не было б прывязкі да яе ў «валютным кошыку», а была б, напрыклад, прывязка да юаня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белаграпрамбанк» перавёў валютныя карткі з даляра на юань

— Але прысутнасьць даляра зьніжаецца ў беларускіх міжнародных разьліках?

— Гэта так. Мы бачым, што на біржы расьце доля апэрацый з расейскім рублём і юанем. Бо цяпер праводзіць апэрацыі ў эўра і далярах вельмі складана, у тым ліку з прычыны санкцыяў, часам замежныя партнэры закрываюць рахункі ў далярах і эўра. Экспарт у Расею даўно ішоў у расейскіх рублях, але імпарт з Расеі аплачваўся пераважна далярамі. Цяпер і імпарт паступова пераводзіцца на расейскія рублі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абменьнік Prakapovich адрадзіўся ў выглядзе чат-бота. Чаму беларусы мяняюць валюту ў інтэрнэце

— А ўвогуле як бы вы пракамэнтавалі размовы пра пазбаўленьне залежнасьці ад даляра на міжнародным узроўні? Калі краіны, якія процістаяць Захаду, заяўляюць пра адмаўленьне ад даляра? Наколькі гэта рэалістычна?

— Ня думаю, што гэта адбудзецца ў агляднай будучыні. Даляр застаецца дамінуючай валютай у міжнародных разьліках. Калі кажуць пра павелічэньне ролі кітайскага юаня — то гэта дастаткова цяжка зрабіць на міжнародным узроўні. Бо юань жорстка рэгулюецца кітайскай дзяржавай, і ягоны курс і ваганьні курсу залежаць ад палітыкі дзяржавы.

А краіны зацікаўленыя ў цьвёрдых валютах, курс якіх вызначаецца рынкам, а не палітыкамі. Гэта даляр і эўра. Іншы важны момант — той жа Кітай трымае свае золатавалютныя рэзэрвы ў далярах і эўра. Так што, пакуль даляр зьяўляецца валютай рэзэрваў і валютай міжнародных разьлікаў, прагназаваць ягоны крах ня варта.