Якія будуць наступствы, калі ПВК «Вагнэр» зьявіцца ў Беларусі

Баец ПВК «Вагнэр» у Растове 24 чэрвеня 2023

На сёньняшні дзень мы маем дзіўны парадокс. ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі пакуль няма. Да канца невядома, ці зьявяцца вагнэраўцы ў Беларусі. Аднак тэма перадысьлякацыі сюды гэтай прыватнай вайсковай кампаніі стала важным палітычным чыньнікам, зажыла самастойным жыцьцём, абрасла інфармацыйнымі мітамі.

Сьцісла:

  • Пэрспэктыва перамяшчэньня ПВК «Вагнэр» у Беларусь была пабочным наступствам вырашэньня палітычнага крызісу ў Расіі.
  • У Лукашэнкі зьявіўся новы інструмэнт, з дапамогай якога можна шантажаваць, палохаць Захад.
  • І ў пытаньні ядзернай зброі, і разьмяшчэньня ПВК актыўна выкарыстоўваецца элемэнт блефу.
  • Зь іншага боку, існаваньне на тэрыторыі краіны непадкантрольнай уладам вайсковай кампаніі, якая валодае вялікім ваенным досьведам, — гэта пагрозы любому рэжыму.
  • Зьяўленьне ў Беларусі арганізацыі, якая ў замежжы лічыцца тэрарыстычнай і злачыннай, азначае новы крок па ператварэньні краіны ў нейкі пірацкі востраў, ачаг канфліктагеннасьці, нестабільнасьці.
  • Ёсьць адчуваньне, што зьяўленьне тут ПВК «Вагнэр» непапулярнае ў беларускім грамадзтве.

Менавіта згаданая праблема найбольш хвалявала замежных журналістаў падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 6 ліпеня.

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка даволі пазытыўна ўспрымае зьяўленьне тут ПВК «Вагнэр» у тым ці іншым фармаце. Узьнікае натуральнае пытаньне: навошта яму гэта патрэбна?

Справа ў тым, што пэрспэктыва перамяшчэньня ПВК «Вагнэр» у Беларусь была пабочным наступствам вырашэньня палітычнага крызісу ў Расеі, пераадоленьня канфлікту паміж Уладзімірам Пуціным і Яўгеніем Прыгожыным. А ўдзел Лукашэнкі ў гэтым працэсе даў яму нямала палітычных дывідэндаў, ён змог выступіць у вобразе выратавальніка Расеі ад смуты і грамадзянскай вайны, і нават паспрабаваў пачаць гульню на расейскім полі. То бок перадысьлякацыя ў Беларусь згаданай кампаніі была складнікам гэтай угоды. Лукашэнка атрымаў гэтую структуру ў адным пакеце з вырашэньнем іншых праблем. У той момант, калі бакі прыйшлі да кампрамісу, яны пагадзіліся, што ў ранейшым выглядзе ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі РФ існаваць ня можа. А вось што зь ёй рабіць далей, да канца не дамовіліся. У той момант гэта не выглядала галоўным пытаньнем, было не да таго.

І толькі цяпер прыйшла чарга яго вырашаць. Лукашэнка паведаміў, што ён неўзабаве зноў зьбіраецца ехаць да Пуціна, дзе і будзе канчаткова прынятае рашэньне, ці паедзе ПВК «Вагнэр» у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі пацьвердзілі інфармацыю пра сустрэчу Прыгожына з Пуціным пасьля мяцяжу

Магчыма, яму спадабалася, як прарэагавалі на гэтую інфармацыю заходнія суседзі. Маўляў, яны спужаліся. Польшча, Літва, Латвія заяўляюць, што пагроза ад Беларусі расьце, і апэлююць да партнэраў па NATO.

Цяпер таргавацца з заходнімі суседзямі можна з зусім іншымі картамі на руках. Раней працаваў фактар палітвязьняў. Але цяпер ён аказаўся ня вельмі пераканаўчым аргумэнтам для Захаду. Пасьля зьявілася карта мігрантаў. А цяпер у ход пайшла цяжкая артылерыя: ядзерная зброя і вось ПВК «Вагнэр». Іншымі словамі, у Лукашэнкі зьявіўся новы інструмэнт, з дапамогай якога можна шантажаваць, палохаць Захад. Як ён лічыць, гэта падвышае ягоную палітычную вагу, нэўтралізуе розныя вонкавыя пагрозы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі генэрал Герасімаў упершыню зьявіўся на публіцы пасьля няўдалага мяцяжу Прыгожына

Тут актыўна выкарыстоўваецца элемэнт блефу. Гэта яскрава бачна на тэме тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). Пуцін і Лукашэнка даводзяць, што частку боезарадаў ужо завезьлі ў Беларусь. А заходняя і ўкраінская выведка гэта абвяргае.

16 чэрвеня Ўладзімір Пуцін падчас Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму заявіў: «Мы частку гэтай тактычнай ядзернай зброі перамесьцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Але толькі першыя. Гэта першая частка. Да канца лета мы гэтую працу выканаем цалкам».

А Лукашэнка 6 ліпеня сказаў, што цалкам ТЯЗ перамесьціцца ў Беларусь да канца году.

Называючы розныя тэрміны стварэньня сховішча, розныя даты разьмяшчэньня гэтай зброі, выдаючы супярэчлівую інфармацыю пра тое, хто будзе прымаць рашэньне аб яе выкарыстаньні, Менск і Масква блефуюць, ствараючы сытуацыю нявызначанасьці, каб праціўнік нэрваваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70% месьцічаў раззлаваныя на Лукашэнку за напад на Ўкраіну зь Беларусі, — жыхар Асіповічаў у рэпартажы The New York Times

Тое самае адбываецца і з пытаньнем ПВК. Так і не зразумела, ці то «Вагнэр» цалкам перамесьціцца ў Беларусь, ці асобныя падразьдзяленьні, ці толькі камандзіры ў якасьці інструктараў у беларускім войску. Ці адбудзецца перадысьлякацыя на сталай аснове, ці толькі, як кажа Лукашэнка, каб «перакантавацца» нейкі час? У рэальнасьці пакуль ніякай ПВК тут няма, але ўсе хвалююцца.

Насамрэч зьяўленьне ў Беларусі ПВК «Вагнэр» можа мець для кіроўнага рэжыму і відавочныя мінусы.

Найперш, гэта рост залежнасьці ад Расеі. Лукашэнка не хавае, што лёс ПВК вырашаецца ў Маскве. Маўляў, як там дамовяцца, так і будзе. Па сутнасьці, Крэмль датычна Беларусі дзейнічае паводле прынцыпу: «на табе, нябожа, што нам нягожа». То бок «Вагнэр» — гэта яшчэ адна вяроўка, каб прывязаць малодшага саюзьніка.

Па-другое, існаваньне на тэрыторыі краіны непадкантрольнай уладам вайсковай кампаніі, якая валодае вялікім ваенным досьведам, — гэта пагроза любому рэжыму. Што яскрава прадэманстраваў мяцеж Прыгожына ў Расеі. Людзі, якія аднойчы здрадзілі свайму гаспадару, лёгка гэта зробяць і другі, і трэці раз. Думаю, асьцярожны і падазроны Лукашэнка гэта разумее. Ён сам расказаў, што прапанаваў ПВК некалькі пляцовак для разьмяшчэньня, але вагнэраўцы адмовіліся. То бок яны ўжо пачалі дыктаваць умовы. Калі Лукашэнку задалі пытаньне, ці можа ў Беларусі паўтарыцца сытуацыя, якая адбылася з «Вагнэрам» у Расеі, ягоны адказ быў ня вельмі ўпэўнены: «Варажыць на гушчы ад кавы сэнсу няма. Але я ня думаю, што „Вагнэр“ дзесьці паўстане і паверне сваю стрэльбу супраць беларускай улады і беларускай дзяржавы. У жыцьці ўсялякае бывае».

Але Лукашэнка ўжо ўпісаўся ў гэтую гісторыю і павярнуць назад ня можа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦАР заявілі, што «Вагнэр» не выходзіць з краіны, адбываецца толькі ратацыя

Па-трэцяе, зьяўленьне ў Беларусі арганізацыі, якая ў замежжы лічыцца тэрарыстычнай і злачыннай, азначае новы крок да ператварэньня краіны ў нейкі пірацкі востраў, ачаг канфліктагеннасьці, нестабільнасьці. Лукашэнку прыемна, што гэта пужае Захад. Аднак такая рэпутацыя краіны дрэнная і для партнэраў у Азіі і на Блізкім Усходзе.

Нарэшце, па-чацьвёртае, ёсьць адчуваньне, што зьяўленьне тут ПВК «Вагнэр» непапулярнае ў беларускім грамадзтве. Беларусы, асабліва прыхільнікі Лукашэнкі, нэгатыўна ўспрымаюць вайсковы мяцеж супраць законнай улады. І вось цяпер гэтых мяцежнікаў, бузацёраў, злачынцаў запускаюць у Беларусь. Нібы краіна стала нейкім крымінальным адстойнікам. Як да гэтага можна ставіцца? Відавочна, нэгатыўна. Не выпадкова ўсе развагі Лукашэнкі пра перадысьлякацыю ПВК «Вагнэр» у Беларусь выглядаюць як апраўданьне. Маўляў, што дрэннага, калі камандзіры зь вялікім досьведам вайны будуць вучыць беларускіх вайскоўцаў? З кім спрачаецца Лукашэнка, хто лічыць, што гэта дрэнна?

Такім чынам, як у пытаньні разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі, гэтак і ў пытаньні перадысьлякацыі ПВК «Вагнэр» у Беларусь Лукашэнка ідзе супраць дамінуючых грамадзкіх настрояў. Рана ці позна гэта можа стрэліць супраць яго. Як тое здарылася ў 2020 годзе.