Паводле яго слоў, 38-гадовы пакістанец прайшоў кантроль на выезьдзе зь Беларусі, маючы шэнгенскую візу, але ня быў прапушчаны ў Літву. Тады ён заявіў, што хоча папрасіць прытулку ў Літве, але «яму адмовілі ў доступе на тэрыторыю гэтай краіны па атрыманьне статусу ўцекача».
Пры гэтым у чалавека «не было падстаў» на ўезд у Беларусь, заявіў Бягун, і ён «завіс на нэўтральнай тэрыторыі».
«Літоўская Рэспубліка, для таго каб пэдаляваць сытуацыю і прымусіць беларускія кампэтэнтныя органы прыняць назад грамадзяніна Пакістану без падстаў для ўезду, заблякавала ўезд у Літву, — сказаў прадстаўнік МУС. — Што заставалася беларускаму боку? З улікам таго, што ўезд і выезд павінны ажыцьцяўляцца ў рамках заканадаўства, грамадзянін Пакістану быў вымушаны папрасіць у нас статус уцекача. Яго прынялі, цяпер хадайніцтва знаходзіцца ў органах унутраных спраў для разгляду ва ўстаноўленым парадку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавіўся рух праз памежны пераход Меднікі — Каменны Лог8 ліпеня ў 13:00 Літва перакрыла пункт пропуску Меднікі. Прычынай паслужыў грамадзянін Пакістану, які прыбыў на мяжу ўвечары 7 ліпеня і прад’явіў літоўскім памежнікам падробленыя дакумэнты. Пасьля разбору яны папрасілі іншаземца вярнуцца ў Беларусь, патрабавалі ад беларускіх калегаў упусьціць яго назад, але тыя, як сьцьвярджае Вільня, адмовіліся гэта зрабіць.
З заяваў Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі вынікала, што іншаземец перасек мяжу па сапраўдных дакумэнтах і сам не выказваў жаданьня вярнуцца на беларускую тэрыторыю. Літоўскіх калегаў беларускае памежнае ведамства абвінаваціла ў шантажы.
У 21:00 9 ліпеня пункт пропуску Меднікі разблякавалі, пакістанец прайшоў на беларускую тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі памежны пераход у Медніках застаецца зачыненым праз пакістанца, якога Беларусь не пускае назад