Памежны камітэт Беларусі паведаміў што а 21-й гадзіне ў поўным аб’ёме адноўленая праца ў пункце пропуску Каменны Лог (сумежны літоўскі пункт пропуску Меднікі).
8 ліпеня праход у Медніках быў зачыненым праз грамадзяніна Пакістану, які напярэдадні ехаў на рэйсавым аўтобусе Менск — Вільня, прад’явіў літоўскім памежнікам правы кіроўцы і пасьведчаньне асобы, нібыта выдадзеныя ў Румыніі. Памежнікі палічылі дакумэнты фальшывымі.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што дакумэнты пакістанца сапраўдныя. Літву абвінавацілі ў «шантажы» з выкарыстаньнем каналаў міжнароднай сувязі.
Паколькі Беларусь адмаўлялася прапусьціць мужчыну назад на сваю тэрыторыю, ён заставаўся каля літоўскага памежнага слупа. У паведамленьні Дзяржаўнага памежнага камітэту нічога не гаворыцца пра тое, як разьвязалася сытуацыя з грамадзянінам Пакістану. Аднак агенцтва BNS паведаміла, што беларускі бок прыняў пакістанца назад.