У Беларусі абнавілі закон аб грамадзянстве, згодна зь якім трэба апавяшчаць улады пра замежныя ДНЖ

Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

Абноўлены закон аб беларускім грамадзянстве набудзе моц 11 ліпеня.

У Беларусі з 11 ліпеня набывае моц абноўлены закон аб беларускім грамадзянстве. У адпаведнасьці са зьменамі, беларусы цяпер павінны будуць паведамляць аб наяўнасьці ў іх замежнага дазволу на жыхарства, а таксама іншых дакумэнтаў, якія даюць права на льготы ў іншай дзяржаве. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун:

«... Закон аб грамадзянстве непарушны, які гаворыць аб тым, што за грамадзянінам Рэспублікі Беларусь не прызнаецца грамадзянства іншай дзяржавы. Гэта значыць, тыя асобы, якія набылі (грамадзянства) і атрымалі дазвол на жыхарства ў замежнай дзяржаве, у любым выпадку для нас зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з усім комплексам правоў і прадугледжаных абавязкаў, якія прадугледжаны для іх Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь», — сказаў Бягун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі, што на мяжы ў грамадзян Беларусі патрабуюць адмовіцца ад «карты паляка». У памежнікаў абвяргаюць

Бягун дадаў, што ў першую чаргу гэтыя зьвесткі патрэбны для выкананьня нормаў заканадаўства, якія забараняюць прымаць на дзяржаўную службу і некаторыя іншыя пасады асоб, якія маюць замежнае грамадзянства або дазволы на жыхарства:

«Акрамя таго, гэта інфармацыя прызначана для статыстычнага збору, для таго, каб ацэньваць на самай справе мабільнасьць нашых грамадзян, якія грамадзяне маюць замежнае грамадзянства, а таксама ў мэтах фармаваньня адпаведнай міграцыйнай палітыкі», — сказаў ён.

Пакуль паведамляць аб наяўнасьці ДНЖ і іншых дакумэнтаў, якія даюць пэўныя правы ў замежнай дзяржаве, трэба ў добраахвотным парадку на працягу трох месяцаў пасьля іх атрыманьня. Санкцый за неапавяшчэньне не прадугледжваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пытаньняў і адказаў пра тое, як беларусу-ўцекачу легалізавацца ў Эўразьвязе