Грамадзкае абмеркаваньне горадабудаўнічага праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі новага жылога раёну Зялёны Бор у Менску завяршылася, паведамляе агенцтва «Менск-Навіны». Падчас яго чыноўнікі атрымалі 50 зваротаў (індывідуальных і калектыўных), якія зьмяшчаюць 1220 подпісаў. Жыхары суседніх Калодзішчаў пярэчылі разьмяшчэньню побач зь іхным жытлом прамысловай зоны, ушчыльненьня забудовы, зьнішчэньня зялёных насаджэньняў і будаўніцтва сартавальнай чыгуначнай станцыі. Аргумэнты грамадзян чыноўнікі палічылі непераканаўчымі.
Дэталёвы плян Зялёнага Бору, які мусіць зьявіцца на землях былога вайсковага палігону на ўсход ад Менску, распрацавалі яшчэ ў 2013 годзе. Згодна зь ім, тут плянавалі пабудаваць каля 4,8 мільёна квадратных мэтраў жыльля. З гэтай мэтай тэрыторыю, якая належала раней Менскаму раёну, далучылі да сталіцы. Суседзямі новага раёну будуць Калодзішчы-2, «Нотынгем», гольф-комплекс і жыльлёвы комплекс «Зялёная гавань». Чакаецца, што «Зялёны бор» будзе знаходзіцца на пэрспэктыўнай трасе да Нацыянальнага аэрапорту і стане «ўязным сталічным раёнам з выразным архітэктурна-мастацкім рашэньнем забудовы».
За дзесяць мінулых гадоў праект зазнаў зьмены. Меркаваная колькасьць насельніцтва яго паменшылася са 160 500 да 105 тысяч чалавек, а плошча жылой забудовы ў пляне скарацілася да 3 мільёнаў кв.м.
Архітэктурна-горадабудаўнічая рада паведаміла, што падчас грамадзкага абмеркаваньня праекту паступіла 50 зваротаў ад грамадзян і 3 калектыўныя, якія зьмяшчаюць 1220 подпісаў. Жыхары Калодзішчаў-2 выступілі супраць разьмяшчэньня новай забудовы, выказаўшы пяць канкрэтных прэтэнзій. Чыноўнікі адпрэчылі кожную зь іх пад рознымі падставамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніца музэю гісторыі Менску знайшла ўнікальныя фотаплёнкі са здымкамі старой НямігіПрамысловая зона побач зь сядзібнай пабудовай
Кіраўнік майстэрні генэральнага пляну «Менскграду» Кірыл Праскуракоў растлумачыў, што тэрмін «прамзона» не павінен палохаць жыхароў. Паводле яго, тут не плянуецца ствараць буйных вытворчасьцяў са шкоднымі выкідамі. У Зялёным Бары абяцаюць будаваць экалягічна чыстыя прадпрыемствы, ды яшчэ і аддзеленыя ад жыльля буфэрнай зонай, так званым зялёным калідорам. Тлумачачы грамадзянам, чаму гэтага зялёнага калідору няма на дэталёвым пляне, Праскуракоў спаслаўся на дробны маштаб карты, ад чаго калідора на ёй проста не відаць.
Неабходнасьць разьмяшчэньня прамысловых прадпрыемстваў побач з жылой забудовай чыноўнікі тлумачаць тым, што жыхарам новага раёну патрэбны будуць працоўныя месцы.
Шматкватэрная высакашчыльная забудова побач зь сядзібнай
Па словах чыноўнікаў, высакашчыльнай забудова ў Зялёным Бары будзе толькі ўздоўж хуткаснай аўтамагістралі да аэрапорту. Бліжэй да сядзібаў дамы будуць разьмяшчацца ня так шчыльна, а гмахаў у новым раёне і зусім не заплянавана.
Таксама чыноўнікі спасылаюцца на нормы, паводле якіх пры ўзьвядзеньні шматкватэрнага жыльля побач з прыватным сэктарам суадносіны вышыні першай лініі шматпавярховак да сядзіб павінны быць максымум 3 да 1. Па іх разьліках гэта значыць, што калі ў прыватным сэктары тых жа Калодзішчаў стаяць 2-3 павярховыя катэджы, то побач зь імі ў Зялёным Бары пабудуюць шматкватэрныя дамы не вышэй за дзевяць паверхаў. Пры гэтым у самым праекце павярховасьць новых кварталаў ня вызначана — рада толькі рэкамэндавала распрацоўшчыкам графічна адлюстраваць іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: «Моладзь выбірае спадчыну партызанаў». Нямецкі гісторык-урбаніст пра «захоп» Менску яго жыхараміВысяканьне дрэў
На гэты папрок з боку грамадзян прадстаўнікі «Менскграду» адказалі, што існы лясны масіў пры будаўніцтве новага раёну чапаць не плянуюць. Забудова павінна закрануць толькі тэрыторыю былога вайсковага палігону. Пры гэтым яны прызналі, што «парасьнік дрэў» тут сапраўды давядзецца выдаліць, «аднак гэта ня сьпелы лес, разьмешчаны вакол».
Будаўніцтва новай сартавальнай чыгуначнай станцыі
Жыхары, якія пярэчаць яе будаўніцтву ў Зялёным Бары, сьцьвярджаюць, што яна не прадугледжана Генэральным плянам Менску (і, наколькі можна меркаваць па мапе на сайце «Менскграду», гэта сапраўды так). Аднак галоўны архітэктар «Менскграду» Аляксандар Аксенцьеў заявіў, што менавіта Генплянам прадугледжаны «вынас на гэтую тэрыторыю сартавальнай станцыі з цэнтру сталіцы». Зрэшты, станцыю пабудуюць, відавочна, няхутка.
Ахоўная лесапаласа паміж дарогай на аэрапорт і вуліцамі Самацьветнай, Антонаўскай, Прыгараднай
На прапанову жыхароў яе пакінуць чыноўнікі заявілі, што гараджане відавочна не разумеюць праектныя рашэньні. Як сьцьвярджаецца, улічыць гэтае пажаданьне мясцовага насельніцтва ў прынцыпе немагчыма, бо магістраль у аэрапорт праходзіць паўднёвей Калодзішчаў і не мяжуе са згаданымі вуліцамі. Ці варта расцэньваць гэтае сьцьвярджэньне як сьведчаньне таго, што лесапаласу сьпілуюць, ці не, незразумела.
Выслухаўшы ўсе тлумачэньні і довады ў адказ на заўвагі грамадзян, якія паступілі, рада палічыла іх абгрунтаванымі. Супярэчнасьцяў зь існымі нормамі чыноўнікі таксама ня ўбачылі, таму праект дэталёвага плянаваньня Зялёнага Бору рэкамэндавалі зацьвердзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Дубліну на месцы будаўніцтва новага гатэлю знайшлі руіны абацтва і масавае пахаваньне