Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе»: «Моладзь выбірае спадчыну партызанаў». Нямецкі гісторык-урбаніст пра «захоп» Менску яго жыхарамі


Фотакаляж. Мітынг у Менску 16 жніўня 2020 году; нямецкі гісторык Томас Бон
Фотакаляж. Мітынг у Менску 16 жніўня 2020 году; нямецкі гісторык Томас Бон

«У 2020 годзе масы змаглі ажывіць вялізныя гарадзкія прасторы. З-за мяжы ўсё гэта выглядала як народнае сьвята ці карнавал. У любым выпадку, людзі зрабілі горад сваім», — мяркуе нямецкі гісторык-урбаніст Тома Бон.

Ці можа горад уплываць на псыхіку і культуру яго жыхароў? У чым спэцыфіка Менску як гарадзкога цэнтру? Чаму навукоўцы гаварылі раней пра дэфіцыт гарадзкой культуры ў Беларусі?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з прафэсарам Гісэнскага ўнівэрсытэту ў Нямеччыне, аўтарам кнігі «Менскі фэномэн. Гарадзкое плянаваньне і сацыялістычнае будаўніцтва ў Савецкім Саюзе пасьля Другой сусьветнай вайны» Томасам Бонам.

0:00 – як 2020 год зрабіў патрэбным перапрацоўку кнігі Томаса Бона пра Менск

2:16 – ці была ў пасьляваеннага Менску альтэрнатыва курсу разьвіцьця, які выбралі ўлады

4:10 – што было ўзорам пры стварэньні генпляну Менску і як на горад паўплывала адсутнасьць у Менску буржуазіі

5:56 – чаму канцэпцыя «сацыялістычнага гораду» ў Менску пацярпела крах і як на яе месца прыйшоў «культ перамогі»

7:36 – што адрозьнівае гарады на Захадзе ад гарадоў у СССР

10:46 – як у 2020 годзе людзі зрабілі гарадзкую прастору сваёй

12:43 – чаму ў Беларусі новае пакаленьне бярэ сабе спадчыну партызан

Размова вядоўцы Сяргея Абламейкі з Томасама Бонам:

— Нядаўна выйшла другое выданьне вашай кнігі пра Менск. Чым яно адрозьніваецца ад папярэдняга?

— Дзякую за цікавасьць да маёй кнігі. Гэта другое, перапрацаванае і дапоўненае нямецкае выданьне.

Мне ўдалося толькі здалёк сачыць за беларускай рэвалюцыяй у 2020 годзе, але я заўважыў, што бел-чырвона-белы колер усё ж такі ўвесь час трымае ўвагу і нямецкай публікі. З аптымістычным поглядам у будучыню я падумаў, што немцы зараз павінны адкрыць для сябе Беларусь як турыстычны кірунак. Таму новае выданьне маёй кнігі павінна стаць свайго роду даведнікам-падарожнікам.

Я зрабіў яе больш папулярнай і дадаў свой погляд на сучаснасьць. Калі ў першым выданьні 2008 году Менск абвяшчаўся «Ўзорным горадам сацыялізму», то ў выданьні 2022 году — гэта «Горад-герой».

— Пра ўсю Вашу кнігу і ўсе яе высновы мы пагаварыць, натуральна, ня зможам. Але пра некаторыя — так. Як вы лічыце, ці была пасьля вайны ў Менску альтэрнатыва таму шляху разьвіцьця і будаўніцтва, які выбралі ўлады?

— У выпадку зь Менскам праблема заключалася ў тым, што, з аднаго боку, ігнаравалася гістарычная спадчына, а з другога боку, плян гораду на паўмільёна чалавек ня быў выкананы.

Ня трэба забываць, што горадабудаўніцтва ў Савецкім Саюзе было справай Масквы. У інтарэсах эканамічнага прагрэсу беларускія камуністы і замежныя архітэктары знайшлі паразуменьне. Пасьля вайны на tabula rasa (чыстай дошцы) павінен быў быць пабудаваны зусім новы горад — не беларускі, а сацыялістычны.

Сапраўды, Беларусь ператварылася зь сельскагаспадарчай краіны ў індустрыяльную дзяржаву. У той час як усе рэсурсы былі засяроджаныя на сталіцы, разьвіцьцё правінцый адставала. У Менску новыя заводы і прадпрыемствы мелі патрэбу ў работніках, а работнікі — у жытле. Гэтым тлумачыцца хуткі рост гораду, але таксама і шматлікія недахопы ў паўсядзённым жыцьці.

— Давайце нагадаем нашым гледачам, што такое канцэпцыя «сацыялістычнага гораду», якую спрабавалі рэалізаваць у Менску?

— У марксізьме-ленінізьме сацыялістычны горад зьяўляецца контрамадэльлю капіталістычнага гораду. Аднак дакладнага азначэньня не існуе. Зь сёньняшняга пункту гледжаньня, лепш за ўсё гаварыць пра горад пры сацыялізьме. Размова ідзе аб перабудове гістарычных гарадоў і заснаваньні новых гарадоў.

Пасьля таго, як утапічныя экспэрымэнты 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя былі адкінутыя, савецкае горадабудаўніцтва пасьля Другой сусьветнай вайны мела ў сваёй аснове Генэральны плян Масквы. Гэта азначала восева-кальцавую структуру ў пляне вуліц і занальны падзел раёнаў для вытворчасьці, жыцьця і адпачынку.

У гістарычным даляглядзе, так ці іначай, застаецца ўражаньне сталінскай архітэктуры ў цэнтры і хуткага працэсу мадэрнізацыі. Акрамя таго, цікавая адсутнасьць у Менску буржуазіі як элемэнту гарадзкой культуры.

— Вы робіце выснову, што канцэпцыя «сацыялістычнага гораду» ў Менску ў часы Брэжнева, гэта значыць у 1960–1970-я гады, страціла сэнс, фактычна пацярпела крах. Чаму?

— Да 60-х гадоў ідэальны памер сацыялістычнага гораду ў Савецкім Саюзе складаў 200 тысяч жыхароў. У Менску, аднак, паводле перапісу 1959 года ўжо было 500 тысяч.

Пры Сталіну асноўная ўвага ў горадабудаўніцтве ўдзялялася праектаваньню рэпрэзэнтатыўнага цэнтру ў стылі нэаклясыцызму. Пры Хрушчову вырашэньне жыльлёвага пытаньня ўсё больш выходзіла на парадак дня. На гэтым фоне, напрыклад, у Менску цэнтральны элемэнт сацыялістычнага гораду, а менавіта Цэнтральная плошча, заставаўся тулавам гораду.

Нарэшце, пры Брэжневу міт аб сацыялістычным горадзе быў выцесьнены культам Другой сусьветнай вайны. Беларусь стала партызанскай рэспублікай, а Менск — горадам-героем.

— У кнізе ёсьць тэрмін «фобія ўрбаннасьці». Вы пішаце, што савецкія архітэктары кіраваліся лёзунгам «сацыяльная гігіена шляхам расьсяроджваньня пабудоваў», і што гэты лёзунг супярэчыў заходнеэўрапейскай канцэпцыі гораду «ўрбанізацыя пры дапамозе павелічэньня шчыльнасьці». Але калі паглядзець на цяперашнія заходнія гарады, то ўсе яны растуць ушыркі і маюць так званыя мікрараёны на ўскраінах. Можа, тут няма супярэчнасьці? Даваенны Менск таксама меў высокую канцэнтрацыі дамоў і людзей у цэнтры. Можа, проста Менск сутыкнуўся з імклівым наплывам насельніцтва, зьвязаным з пасьляваеннай індустрыялізацыяй?

— Вы маеце рацыю! У сваёй кнізе я спасылаюся на Макса Вэбэра і Люіса Вірта. Паводле Вэбера, акцыдэнтальны горад характарызуецца лібэралізмам і аўтаноміяй. Паводле Вірта, гарадзкі лад жыцьця заснаваны на індывідуалізьме і касмапалітызьме. Мы гаворым тут пра артыкуляцыю буржуазнай культуры і форумаў грамадзянскай супольнасьці.

Маркс і Энгельс, наадварот, разглядалі вялікія гарады як праблемныя месцы. У савецкіх дэбатах аб капіталістычным горадзе гаворка ішла пра ліквідацыю трушчоб. Мэта заключалася ў тым, каб забясьпечыць дом для пралетарыяту і выгнаць буржуазію.

Калі мы параўнаем працэсы ўрбанізацыі пасьля Другой сусьветнай вайны на Ўсходзе і Захадзе, то сапраўды выявім дзіўныя паралелі. Аднак адным з галоўных адрозьненьняў, як мне здаецца, зьяўляецца шчодрае выкарыстаньне грамадзкіх прастор пры сацыялізьме.

І гэта асабліва дакладна гучыць у выпадку Менску. Больш за тое, хуткі рост гораду не без падстаў называюць менскім фэномэнам.

— У першым выданьні кнігі вы пісалі пра дэфіцыт гарадзкой культуры ў Беларусі. Як вы лічыце, ці пераадолены ён у наш час?

— 2020 год аказаўся для мяне цудам у многіх адносінах. З аднаго боку, бел-чырвона-белая рэвалюцыя забясьпечыла падзел дзяржавы і грамадзтва. З другога боку, масы змаглі ажывіць вялізныя гарадзкія прасторы. За мяжой усё гэта выглядала як народнае сьвята ці карнавал. У любым выпадку людзі зрабілі горад сваім.

Калі прасачыць за разьвіцьцём падзей 2010-х гадоў, то такая плынь, як «новая ўрбаністыка», ужо прыйшла ў Менск.

Што тычыцца майго ўласнага досьведу, то прыкладна зь 2000 году я заўсёды дзівіўся, чаму ў горадзе, дзе ёсьць вэлязавод, няма раварыстаў. Але пасьля гэта паступова зьмянілася.

У 2020 годзе творчая сіла народу выявілася ў поўнай меры. Калі андэграўндная культура ў наш час ужо ня можа разьвівацца, то застаецца сфэра глябальнай камунікацыі.

— Ці можа, на вашу думку, аблічча гораду ўплываць на псыхіку, культурны ўзровень і палітычныя погляды яго жыхароў? Іншымі словамі, як аблічча Менску ўплывае на менчукоў?

— На першы погляд, Менск зьдзіўляе памерамі сваіх вуліц і плошчаў. Месцы сустрэч і знаёмстваў трапляюць на вока толькі з другога погляду.

Сёньня мы бачым, што тып савецкага чалавека паступова пакідае сцэну, і новае пакаленьне бярэ сабе спадчыну партызанаў. Я спадзяюся, што гэта прывядзе да адраджэньня беларускай культуры і да новага этапу палітычнай трансфармацыі.

Калі насельніцтва ўспамінае грамадзянскія каштоўнасьці старога, дарэвалюцыйнага Менску, яно павінна, дарэчы, успомніць і габрэйскую спадчыну.

У любым выпадку цяжка даваць парады вялікаму сьвету з правінцыі. Я люблю малыя маштабы. У горадзе з двухмільённым насельніцтвам можна згубіцца.

Мой родны горад Гісэн зусім не вялікі, але ён называе сябе унівэрсытэцкім горадам. У яго ёсьць яшчэ адна асаблівасьць. Вось ужо больш за 150 гадоў тут штогод зьбіраюцца кагорты 50-гадовых, якія ўтвараюць асацыяцыі. Апроч вольнага часу, тут выяўляецца і грамадзянская адказнасьць. Магчыма, гэта мадэль для горада-героя Менску.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG