Дзе згубіліся паўтара года, якія Эдуард Бабарыка-малодшы адседзеў у СІЗА КДБ? Камэнтар юрысткі

Эдуард Бабарыка. Каляж

Эдуарду Бабарыку, якому прысудзілі 8 гадоў турмы, не залічылі ў адбыты тэрмін паўтара года знаходжаньня ў СІЗА КДБ. У сьледчых ізалятарах, дзе дзень ідзе за паўтара, палітвязьня трымаюць ужо больш за 3 гады. Тэарэтычна больш за палову тэрміну ён ужо адбыў.

Сьледзтва па справе Бабарыкі-малодшага вялося 3 гады

Эдуард Бабарыка адбыў незвычайны для Беларусі тэрмін у зьняволеньні да суду. Яго затрымалі 18 чэрвеня 2020 году, суд пачаўся 22 траўня 2023 году, асудзілі Бабарыку-малодшага 5 ліпеня 2023 году. На цяперашні момант за кратамі ён знаходзіцца 1116 дзён — больш за 3 гады.

Паводле Закону Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2021 году «Аб зьмяненьні кодэксаў па пытаньнях крымінальнай адказнасьці» адзін дзень адседкі ў СІЗА залічваецца за паўтара. Таму меркавалася, што больш за палову тэрміну — прыкладна 4,5 года — Эдуард ужо адседзеў. Аднак праваабаронцы даведаліся, што першыя паўтара года, праведзеныя ў СІЗА КДБ — з 18 чэрвеня 2020 году да лістапада 2021 году — яму не залічылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «200 палітвязьням патрэбная экстраная мэддапамога». Вялікае інтэрвію з былой палітзьняволенай, прадстаўніцай Кабінэту Вольгай Гарбуновай

Першая крымінальная справа і ня спыненая, і да суду не дайшла

Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill (імя яе ў мэтах бясьпекі Свабода не называе) патлумачыла, што ў «амэрыканцы» Бабарыку-малодшага трымалі максымальныя 18 месяцаў паводле часткі 2 артыкула 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў»).

А ў сьнежні 2021 году Эдуард стаў падазраваным па новай крымінальнай справе. У выніку на судзе яго абвінавацілі па трох іншых артыкулах (распальваньне сацыяльнай варожасьці, арганізацыя масавых беспарадкаў, легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), і асудзілі 5 ліпеня, тлумачыць юрыстка.

«Па той першай крымінальнай справе, наколькі я разумею, няма ніякага канчатковага рашэньня. То бок справа ня спыненая, у суд яна не пайшла. Абвінаваўчага альбо апраўдальнага прысуду па ёй няма. Спыненьня па рэабілітуючых абставінах няма.

Да прыкладу, можна спыніць справу, калі скончыўся тэрмін прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Гэта не рэабілітуючая падстава. А калі справу спынілі ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях складу злачынства, то гэта рэабілітуючая падстава, і ў гэтым выпадку чалавеку належыцца кампэнсацыя.

То бок калі б ён адседзеў паўтара года і было вынесена нейкае канчатковае рашэньне (да прыкладу, справа пайшла ў суд і яго асудзілі, альбо справу спынілі ў сувязі з тым, што ён невінаваты) — тады кампэнсацыя. Я так разумею, што альбо не было ніякага рашэньня, альбо спыненьне было па нерэабілітуючых абставінах.

Але на яго завялі новую справу, па ёй утрымлівалі паўтара года і цяпер асудзілі. А тыя паўтара года ніхто нікуды не залічыў», — кажа юрыстка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры вэрсіі, дзе можа быць Віктар Бабарыка. Расказваем у ВІДЭА

«Заўсёды хаця б спрабавалі зрабіць выгляд, што ўсё па законе»

Юрыстка, якая мае вялікі стаж працы ў Беларусі, ня можа прыгадаць, каб да суду каго-небудзь трымалі такі вялікі тэрмін — 3 гады. І ў любым выпадку па ўтрыманьні ў першыя паўтара года павінна быць нейкае рашэньне, перакананая яна.

«Заўсёды нейкім чынам хаця б спрабавалі зрабіць выгляд, што ўсё па законе, прыкрыцца паперкамі. А тут такое...

У Беларусі судовая сыстэма працуе такім чынам, што калі чалавека трымаюць пад вартай паўтара года, то абавязкова павінен быць абвінаваўчы прысуд, і часьцяком ён абмяжоўваецца ўжо адбытым тэрмінам (нават калі няма ніякіх доказаў ці няма складу злачынства ў дзеяньнях). І гэтым заўсёды прыкрываліся.

Мне вядома пару спраў, калі чалавека апраўдвалі, і ён падаваў на кампэнсацыю, што незаконна быў пазбаўлены свабоды. Але, падкрэсьліваю, гэта былі адзінкавыя выпадкі, калі суд апраўдваў, бо звычайна спрабавалі хоць штосьці накапАць і абмежавацца „адбытым“, каб чалавек не казаў, што яго незаконна ўтрымлівалі», — расказала юрыстка, якая мае вялікі досьвед працы ў беларускай адвакатуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуарду Бабарыку прысудзілі 8 гадоў калёніі, пад сьледзтвам яго трымалі больш за іншых палітвязьняў

«Шанцаў выйсьці з турмы датэрмінова ў „палітычных“ няма»

У Беларусі па так званых палітычных артыкулах людзі атрымліваюць вялікія тэрміны: ад 5 да 18 гадоў пазбаўленьня волі. Ці магчыма для палітычных умоўна-датэрміновае вызваленьне, якое часьцяком прымяняецца нават да людзей, асуджаных па цяжкіх крымінальных артыкулах, ці магчымая амністыя? Альбо людзі будуць сядзець «ад званка да званка»?

Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill асаблівага аптымізму ня мае.

«Я мяркую, што калі чалавек сядзіць па палітычным артыкуле, шансаў, што яго ўмоўна датэрмінова вызваляць, у яго няма. Больш за тое, ёсьць шмат прыкладаў, калі людзям яшчэ дадавалі тэрміны. Альбо пераводзілі на турэмны рэжым. Хоць турэмны рэжым, натуральна, больш жорсткі, чым у калёніі, — няма кантактаў зь іншымі зьняволенымі, прагулак», — кажа юрыстка арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта прысуд за бацьку, пра якога Эдуард нічога ня ведае, жывы ён ці не». Ціханоўская — пра прысуд Эдуарду Бабарыку

Менскі абласны суд 6 ліпеня апублікаваў прысуд Эдуарду Бабарыку. У тэксьце пастановы не ўказана дата пачатку вылічэньня тэрміну пакараньня.

Як адзначае «Люстэрка», дзяржаўныя СМІ пра гэтую сытуацыю не паведамілі, за выключэньнем тэлеканала СТВ. Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Кароль у эфіры заявіў, што «судом залічана ў тэрмін пакараньня абвінавачанаму тэрмін яго ўтрыманьня пад вартай па сапраўднай крымінальнай справе са сьнежня 2021 года да ўступленьня судовага рашэньня ў законную сілу». Гэта значыць, што пацьвярджаецца інфармацыя штаба Бабарыкі і праваабаронцаў, што тэрмін знаходжаньня пад вартай у КГБ Эдуарду не залічылі.