У вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну пачалі будаваць намётавы лягер, які, паводле некаторых меркаваньняў, можа быць зьвязаны з прыбыцьцём у Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр». На сёньняшні дзень гэта найбуйнейшы лягер на тэрыторыі Беларусі.
Расейскі тэлеграм-канал Grey Zone сьцьвярджае, што для вагнэраўцаў у Беларусі наагул рыхтуюць не адну, а цэлыя тры базы на некалькі тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкіКіраўнік маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька заклікае ня верыць усёй распаўсюджанай расейскімі блогерамі інфармацыі пра лягеры вагнэраўцаў і іх прысутнасьць у Беларусі. Ён заявіў у эфіры «Настоящего времени», што «уся гэтая гісторыя з будаўніцтвам лягера — гэта вельмі шматслаёвая дарагая кампанія па дэзынфармацыі» і, магчыма, у лягер прыедуць рэгулярныя часткі расейскай арміі, а зусім ня вагнэраўцы.
Перадрукоўваем гэта інтэрвію.
— «Вёрстка» яшчэ некалькі дзён таму пісала пра будаўніцтва лягераў для ПВК «Вагнэр» пад Асіповічамі, але ваш праект «Беларускі Гаюн» гэта абвяргаў. Цяпер якая ў вас ёсьць інфармацыя аб тым, што адбываецца? Ці сапраўды гаворка ідзе пра тры базы, якія будуюцца?
— Мы казалі, што мы ня можам пацьвердзіць інфармацыю аб лягеры пад Асіповічамі. Мы не казалі, што гэта няпраўда, мы казалі, што ня можам гэта пацьвердзіць. І гэта вельмі цікавая гісторыя насамрэч.
Каб журналіст патэлефанаваў у дзяржаўны орган — лясьніцтва, аблвыканкам ці яшчэ некуды — і атрымаў адтуль інфармацыю — гэта практычна немагчыма ў Беларусі ў апошнія тры гады. Таму што ўсе незалежныя журналісты працуюць зараз па-за Беларусьсю, практычна ўсе мэдыі ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі. І проста за сувязь з журналістамі такім крыніцам пагражае да сямі гадоў турмы па крымінальным артыкуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ім прапанавалі закінутую частку». Што вядома пра магчымы лягер ПВК «Вагнэр» у Беларусі. Фота са спадарожнікаТаму інфармацыя, якую атрымалі журналісты «Вёрсткі» ад, як яны заявілі, супрацоўніка лясьніцтва, была даволі спэцыфічнай. Мы імкнуліся яе праверыць адразу ж пасьля публікацыі. І той аб’ём інфармацыі, які мы атрымалі, нас зьбянтэжыў, таму што, паўтаруся, такія рэчы заўсёды ў Беларусі робяцца вельмі таемна, не прыцягваючы ўвагі, і пра будаўніцтва падобных абʼектаў ведае вельмі абмежаванае кола людзей. А тут мы атрымалі, умоўна кажучы, вялікую колькасьць паведамленьняў пра гэты лягер.
Потым зьявіліся спадарожнікавыя здымкі і ўсё стала прасьцей, бо спадарожнік абвергнуць нашмат складаней.
Наша група мяркуе, што ўся гэтая гісторыя з будаўніцтвам лягеру — гэта вельмі шматслаёвая дарагая кампанія па дэзынфармацыі. Чаму? Па-першае, вельмі хуткае ўзьвядзеньне лягеру беларускімі сіламі. Лукашэнка казаў: «Няхай пабудуе „Вагнэр“», — але прыцягваліся беларускія падрадчыкі, прычым абсалютна розныя, з розных раёнаў Беларусі.
Лягер у пасёлку Цэль пад Асіповічамі пабудаваны. Там каля 300 намётаў, якія могуць прыняць прыкладна 8-10 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскіх мабілізаваных больш ня будуць рыхтаваць у Беларусі? Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі ліквідацыю лягераў на беларускіх палігонахЯшчэ ёсьць пастаянная падтрымка гэтай тэмы ў розных мэдыя, пачынаючы зь незалежных і заканчваючы дзяржаўнымі і праўладнымі, як крамлёўскімі, так і рэжыму Лукашэнкі. Яны ўсе казалі: «Цяпер у Беларусь прыедзе „Вагнэр“», вось самалёт ужо прыляцеў з «Вагнэрам», вось ужо адбываліся нейкія трэніроўкі, — а па факце трэніровак, якія абяцалі яшчэ на мінулых выходных, уключаючы цяжкую тэхніку і авіяцыю, заўважана не было.
Заўчора абяцалі выхад на палігон пад Асіповічамі на трэніроўкі — іх таксама не было заўважана. Ужо некалькі разоў пісалі, што калёны ПВК «Вагнэр» перасеклі мяжу зь Беларусьсю, — іх таксама не было заўважана.
Адпаведна, мы пакуль можам канстатаваць толькі такія факты, што лягер у пасёлку Цэль пад Асіповічамі пабудаваны. Там каля 300 намётаў, якія могуць прыняць прыкладна 8-10 тысяч чалавек. Ці пабудаваны гэта лягер для ПВК «Вагнэр» — гэта ўжо спэкуляцыя. Мы гэта мяркуем, зыходзячы з фонавага парадку дня апошніх тыдняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік украінскай выведкі: ПВК «Вагнэр» будзе выкарыстоўваць Беларусь як лягістычны хаб— Гэта значыць, гэта можа быць для якіх заўгодна вайскоўцаў?
— Так, менавіта так. Гэта можа быць і для расейскіх вайскоўцаў. Мы павінныя памятаць, што Беларусь усё яшчэ выкарыстоўваецца як трэніровачны палігон для мабілізаваных расейцаў. І пры гэтым, зноў жа, калі мы прымаем да ўвагі словы Лукашэнкі, што вагнэраўцы могуць быць інструктарамі для беларускіх вайскоўцаў, але для гэтага ня трэба восем тысяч чалавек — для гэтага дастаткова адной сотні спэцыялістаў. А база можа выкарыстоўвацца для трэніровак.
Варыянтаў, для чаго гэтая база можа быць, вялікая колькасьць, у тым ліку яна можа быць выкарыстаная для базаваньня ПВК «Вагнэр». І тут мы прыходзім да наступнага пытаньня. «Вагнэр» — гэта прыватная ваенная кампанія з даволі добрымі заробкамі. Заробак звычайнага пяхотніка, салдата «Вагнэра», вышэйшы, чым у беларускага палкоўніка, а можа, і ў генэрала. Ці ёсьць такія грошы ў бюджэце ў Лукашэнкі? Так, ёсьць. Ці захоча ён іх плаціць? Вельмі малаімаверна, бо беларускія вайскоўцы, у тым ліку сілы спэцыяльных апэрацый, зададуць лягічнае пытаньне: «А што адбываецца?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У памежнай службе Ўкраіны ацанілі імаверную колькасьць «вагнэраўцаў», якіх могуць разьмясьціць у БеларусіКалі сумаваць усю інфармацыю, гэта вельмі падобна на глябальную кампанію па дэзынфармацыі. Нейкія супрацоўнікі, нейкія ўдзельнікі «Вагнэра» могуць знаходзіцца ў Беларусі, але іх колькасьць хутчэй дзясяткі альбо сотні. За ўвесь гэты час мы ўсё яшчэ ня бачылі ніякіх калёнаў, якія б перасоўваліся па тэрыторыі Беларусі арганізавана.
Увогуле, мы пакуль не можам сказаць, што «Вагнэр» быў перакінуты ў Беларусь, як мы маглі казаць, расказваючы пра мабілізаваных расейцаў або пра нейкія іншыя вайсковыя перасоўваньні.
— Тады як вы тлумачыце мэту гэтай, як вы кажаце, кампаніі па дэзынфармацыі? Навошта гэта патрэбна?
— Няхай гэта тлумачаць аналітыкі, таму што яны аддаюць перавагу будаваць тэорыі, сцэнары. Мы працуем з фактамі. Чаму мы так жорстка абышліся з «Вёрсткай» — таму што ў той момант не было ніякай інфармацыі, яна пайшла роўна пасьля публікацыі ў расейскім выданьні. Для беларусаў гэта крыху дзіўна, таму што беларусы лепш ведаюць Беларусь, чым хто заўгодна звонку: расейцы, украінцы, палякі ці літоўцы.
І другая гісторыя — гэта пра фатаграфіі гэтага лягеру. Так, у нас таксама былі гэтыя фатаграфіі, і ніводнае беларускае выданьне не дазволіць сабе іх публікаваць, бо ты падстаўляеш чалавека. А мы атрымалі мінімум восем фатаграфій, якія былі апублікаваныя.
Давайце паглядзім. Няхай на гэтае пытаньне адказваюць аналітыкі. У нас ёсьць здагадкі. Беларускія прапагандысты і расейскі бок актыўна распаўсюджваюць інфармацыю, што ў Беларусі будуць тысячы байцоў ПВК. Давайце падумаем, навошта гэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку даручылі няцарскую справу». Тлумачэньне аналітыкаў— Тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» піша аб тым, што нібыта Прыгожын спрабуе ўгаварыць Лукашэнку вэрбаваць наймітаў у турмах Беларусі. Па-вашаму, гэта рэальны сцэнар, ці можа Лукашэнка на гэта пагадзіцца?
— Мне здаецца, гэта поўнае глупства, таму што ўжо неаднаразова прагаворвалася і ў мінулым годзе, калі «Вагнэр» пачаў вэрбаваць людзей у турмах, што, маўляў, і ў Беларусі іх вярбуюць. Ніводнага пацьверджаньня гэтаму не было. Я б проста менш глядзеў за парадкам дня правагнэраўскіх, пракрамлёўскіх каналаў, таму што калі арыентавацца на парадак дня даволі добрых адмыслоўцаў у дэзынфармацыі, можна патрапіць у пасткі, якія яны расставілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, як сьцьвярджаецца, зь Сяргеем ЦіханоўскімНа дадзены момант мы не чулі такой інфармацыі. Беларускія турмы даволі ізаляваныя, там людзей да гэтага часу катуюць, там у нас ужо больш за 10 вядомых палітычных апанэнтаў без сувязі ўжо больш за тры месяцы. Людзі ня ведаюць, ці жывыя яны. Літаральна ў апошнія тыдні былі ананімныя паведамленьні, што і Сяргей Ціханоўскі, маўляў, загінуў, і Віктар Бабарыка загінуў. Але мы не ведаем, праўда гэта ці не, бо гэтую інфармацыю немагчыма праверыць, бо няма ніякай сувязі. Таму пра вярбоўку ПВК «Вагнэр» у беларускіх турмах — гэта нерэальна, я лічу. Угаварыць Лукашэнку — гэта такі дзіўны эўфэмізм. Калі Лукашэнку будзе выгадна, ён на гэта пойдзе. Калі невыгодна — не пойдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія СМІ паведамілі, што ўласьнік «Вагнэра» Прыгожын, якому дазволілі выехаць у Беларусь, знаходзіцца ў Пецярбургу